Моладзевага актывіста прымусілі праходзіць псыхіятрычную экспэртызу

Радыё Свабода Сёньня моладзевы актывіст з Гомелю Андрэй Цянюта праходзіў псыхіятрычную экспэртызу ў абласным клінічным псыхіятрычным шпіталі.
На экспэртызу хлопца накіраваў сьледчы абласной управы КДБ Д.Сідляроў, які нібыта дасьледуе крымінальную справу пра незарэгістраваную грамадзкую арганізацыю “Малады фронт”. Спадар Цянюта прызнаны ў ёй падазроным на той падставе, што падчас учыненага спэцслужбай ператрусу ў яго дома знойдзеная розная літаратура пра моладзевую арганізацыю.

У псыхіятрычным шпіталі спадар Цянюта прабыў каля 8 гадзінаў. За гэты час яго нават не напаілі гарбатай. Сярод іншага псыхіятры пыталіся, што ведае хлопец пра “Малады фронт”.

Вынікі экспэртызы будуць вядомыя на наступным тыдні.