А.Лукашэнка: любыя выбары пачыналіся і заканчваліся льготамі

Радыё Свабода Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка правёў нараду ў пытаньні адмены сацыяльных ільготаў і дзяржаўнай падтрымкі насельніцтва.
“Усеагульныя льготы павінны быць адменены, а калі нехта мае патрэбу, то павінна быць вызначана выразная адрасная дапамога”, – заявіў А.Лукашэнка.

Ён назваў правільным прынятае рашэньне аб адмене усеагульных сацыяльных ільготаў і пераходзе да аказаньня адраснай дапамогі.

Паводле А.Лукашэнкі гэта “ня ёсьць нейкая вымушаная мера з прычыны, нібыта, складанага эканамічнага становішча”.

Паводле кіраўніка Беларусі, “любыя выбары – парлямэнцкія і прэзыдэнцкія пачыналіся і заканчваліся льготамі”. Маўляў, “задача дзяржавы – не прадстаўляць падачкі ў выглядзе льгот, а ствараць умовы для таго, каб грамадзянін меў магчымасьць забясьпечыць сабе прыстойны ўзровень жыцьця”.

Кіраўнік Беларусі сказаў, што “пасьля ўступленьня ў сілу новага закону аб льготах многія грамадзяне, якія раней атрымоўвалі льготы, стануць суб’ектамі аказаньня адраснай сацыяльнай дапамогі”.