Няма на сьвеце горшай мукі, як гадаваць унукі

Віктар Жыбуль, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".
Неяк пачуў ад уласнай бабулі такую прымаўку: няма на сьвеце горшай мукі, як гадаваць унукі. Так кажуць у бабулі на вёсцы: менавіта ўнукі, а ня ўнукаў, і менавіта ў множным ліку – гэтаксама як, напрыклад, пасьвіць каровы.

Раней сем’і ў вёсках былі пераважна шматдзетныя. У самой маёй бабулі было чатыры браты й сястра, у дзядулі – два браты й тры сястры. Як жылі такія сем’і? Звычайна бацькі ўдзень працавалі, а каму ж было гадаваць унукаў, як ня дзеду з бабкай. Паспрабуй прыглядзі за такім вялікім кодлам!

Але – часы зьмяніліся, у многіх вёсках толькі старыя й пазаставаліся. Дзеці ў горадзе, унукі, натуральна, таксама, толькі хіба што на вакацыі прыяжджаюць. Цяпер у вясковых дзядоў і бабуляў іншыя “мукі”: як бы ўнукаў тых самых з гораду дачакацца, а то ж сумна адным на вёсцы... Толькі прымаўка пра такія ўзаемаадносіны дзяцей і ўнукаў пакуль яшчэ не прыдумана. Напэўна, раней народ мысьліў больш паэтычна...

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (4-ы квартал)