У Баўгарыі более падманутых турыстаў зь Беларусі

Радыё Свабода Уладальнікі дарагіх гатэляў Варны ды іншых курортных цэнтраў Баўгарыі занепакоеныя наплывам падманутых турыстаў з Расеі і Беларусі.
Адміністрацыі шэрагу гатэляў Варны празь мясцовае радыё заклікалі сваіх калегаў ня мець ніякіх справаў з неліцэнзійнымі турапэратарамі з краінаў СНД.

“Невядомыя турапэратары дасылаюць да нас нечаканых ашукананых расейскіх ды беларускіх турыстаў. У выніку тыя мусяць плаціць двайную цану за пражываньне альбо ўвогуле застаюцца без нумароў, калі гэта разгар сэзону. Усё гэта робіць нам адмоўную рэкляму”, паведаміў журналістам ўладальнік аднаго з пяцізоркавых гатэляў Варны.

Як перадае Баўгарскае радыё, гаспадары шэрагу гатэляў зьвярнуліся з адпаведнымі скаргамі ў мясцовую пракуратуру.

Тым часам начальнік беларускага ўпраўленьня турызму Віктар Якавенка заявіў Свабодзе, што пакуль нейкіх сыгналаў з Варны не паступала. Паводле ягоных словаў, беларускія турысты, хутчэй за ўсё спакусіліся на прывабную рэкляму ў Інтэрнэце і заключылі дамовы зь несумленнымі расейскімі апэратарамі.

(Якавенка: ) “Тая ж сыстэма авэрбукінгу альбо двайнога браніраваньня нумароў, яна штогод у Маскве ўсплывае Пакуль мяжа з Расеяй у нас адкрытая, ніхто не перашкаджае карыстацца паслугамі тых жа расейскіх фірмаў. Гэтыя фірмы па-за полем нашай ўвагі. Мы кажам ўсім: у гэтым выпадку вы рызыкуеце”.

Паводле спадара Якавенкі, у выпадку такога ашуканства Беларусь ніяк ня можа дапамагчы сваім грамадзянам. Што да беларускіх турапэратараў, то ўсе яны маюць ліцэнзіі.