У “Доме літаратара” Уладзімер Сіўчыкаў, Алег Гардзіенка, Вецер Мэханічны

Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Дом літаратара” (эфір 9 сьнежня). Аўтары: Галіна Абакунчык, Дзьмітры Падбярэзкі, Міхась Скобла. Рэдактар і вядучы: Сяргей Абламейка.
АЎТАР І ТВОР

УЛАДЗІМЕР СІЎЧЫКАЎ: “ПЕРАКЛАДАЦЬ ТРЭБА НАЙПЕРШ СУСЕДНІЯ ЛІТАРАТУРЫ”


Уладзімер Сіўчыкаў — аўтар кніг прозы “Гульня ў тастамэнт”, “Лісты да брата” і зборніка хоку і танка “Высакосны год”. Узначальвае выдавецтва “Радыёла-плюс”, дзе сёлета выйшлі кнігі Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна. Вучыўся ў Тбіліскім унівэрсытэце, дзе вывучыў грузінскую мову і прыахвоціўся да перакладаў. Прычым перакладаў не толькі з грузінскай на беларускую (раман “Закон вечнасці” Надара Думбадзэ), але і з беларускай на грузінскую (зборнік вэрсэтаў Алеся Разанава “Горад-вандроўнік”). Але сёньня перакладчык вымушаны зьвярнуцца да іншых моваў. З Уладзімерам Сіўчыкавым гутарыць Міхась Скобла.

(Міхась Скобла: ) “Уладзімер, у свой час вы ў Беларусі лічыліся ледзь не адзіным спэцыялістам у галіне беларуска-грузінскіх літатаратурных сувязяў. А што цяпер, ці падтрымліваеце кантакты з грузінскімі пісьменьнікамі?”

(Уладзімер Сіўчыкаў: ) “Кантакты падтрымліваю, хіба не на тым узроўні, на якім яны былі раней, гадоў 15-20 таму. З Грузіяй я, можна сказаць, пасваячыўся. Адзін з грузінскіх літаратараў, Нугзар Кабэрыдзэ, — хросны бацька маіх дачок. Шкада, што сапраўды літаратурныя сувязі значна аслаблі. Раней дзяржава фінансавала такія выданьні, як “Далягляды”, “Братэрства” — альманахі, якія дапамагалі мацаваць “дружбу народаў, дружбу літаратур”. Былі літаратурныя абмены. Беларусы ў свой час выдалі двухтомавую анталёгію грузінскай паэзіі”.

(Скобла: ) “Я памятаю гэтае шыкоўнае, прыгожа ілюстраванае выданьне. А ці быў аналягічны адказ з грузінскага боку?”

(Сіўчыкаў: ) “У Тбілісі выходзіў зборнік беларускіх апавяданьняў. А аналягічнай паэтычнай анталёгіі грузіны так і не выдалі”.

(Скобла: ) “Выходзіць, грузіны “завінаваціліся” беларусам?”

(Сіўчыкаў: ) “А гэта часта бывае. Прыгадайце, як у Маскве ўсё ніяк не адкрыюць помнік Янку Купалу. Хоць помнік Пушкіну ў Менску даўно ўсталяваны”.

(Скобла: ) “Памятаю, як вы на Беларускім тэлебачаньні вялі праграму “Дыялёгі перакладчыкаў”. 15 гадоў таму распаўся Савецкі Саюз. Паціху-патроху паміж былымі савецкімі рэспублікамі наладзіліся эканамічныя, гандлёвыя, спартовыя ды іншыя сувязі. А літаратурныя?”

(Сіўчыкаў: ) “Нам найперш трэба дбаць пра кантакты са сваімі суседзямі — зь літоўцамі, з палякамі, з расейцамі, з украінцамі. СССР — гэта ўсё ж было штучнае палітычнае ўтварэньне, гэта была імпэрыя. І пасьля яго распаду, натуральна, адбылася пэўная зьмена вэктараў. Раней куды ехалі вучыцца нашыя дзеці? У Маскву, у Ленінград. А цяпер? У Прагу, у Італію, у Польшчу. Перакладаць найперш трэба суседнія літаратуры. Таму і я сёньня працую над перакладамі з польскай дзіцячай паэзіі — Ян Бжэхва і другія паэты”.

(Скобла: ) “Апошнім часам вы займаецеся яшчэ і лексыкаграфіяй. І зьяўляецеся адным з аўтараў “Слоўніка расейскіх і беларускіх ідыёмаў, фразэалягізмаў і ўстойлівых выразаў”. Калі я яго чытаў, то мне ўвесьчасна думалася, што беларусы мысьляць больш вобразна, больш мэтафарычна. Ці я памыляюся?”

(Сіўчыкаў: ) “Цалкам пагаджаюся з вамі. У якасьці ілюстрацыі прывяду некалькі фразэалягічных параў. Там хорошо, где нас нет — там вароты пірагом падпёрты. Пить не закусывая — закусваць языком. Зуб на зуб не попадает — сіні, як пуп гусіны. Десятая вода на киселе — на адным сонцы анучы сушылі. Седина в бороду — бес в ребро — у старой печы паляць чэрці. Думаю, што гэтыя тэксталягічныя ілюстрацыі, а ў слоўніку іх 2000 і яны падмацаваныя цытатамі зь беларускага прыгожага пісьменства, пераканалі нашых слухачоў у слушнасьці выказанай вамі думкі”.

(Скобла: ) “Вы ўзначальваеце выдавецтва “Радыёла-плюс” і выдаеце далёка ня масавую літаратуру: паэзію Максіма Багдановіча, Рыгора Барадуліна, паэтычныя анталёгіі. Як хутка разыходзяцца падобныя кнігі?”

(Сіўчыкаў: ) “Калі такая кніга прадаецца за два гады, то мы лічым, што гэта ўдалы праект. Прынамсі, досьвед кнігі “Яна і Я” (вершы і песьні пра каханьне) пацьвярджае гэта. У выпадку з названым зборнікам “выцягвае” сама тэматыка. Таму што беларусы да пачатку ХХІ стагодзьдзя фактычна ня мелі анталягічнага падобнага выданьня”.

(Скобла: ) “А “Зорка Вэнэра” — анталёгія, складзеная ў 1970-я гады Міколам Аўрамчыкам?”

(Сіўчыкаў: ) “У той кнізе ахопліваўся толькі савецкі пэрыяд. А ў нашай — ад Кірылы Тураўскага, ад “Слова пра паход Ігара” і да паэтаў-пачаткоўцаў”.

(Скобла: ) “І сапраўды, вашая анталёгія непараўнальна больш абсяглая. Што сёньня ў вашых выдавецкіх плянах? Чым у найбліжэйшы час парадуеце чытачоў беларускай літаратуры?”

(Сіўчыкаў: ) “Калі казаць пра тыя выданьні, якія ня толькі кормяць выдаўца, але і прыносяць вялікае маральнае задавальненьне, то гэта ўзжо згаданая мною анталёгія польскай дзіцячай паэзіі пад назвай “Качка-дзівачка” — вершы, прыбабунькі, загадкі. Гэта яшчэ адна анталёгія беларускай паэзіі “Крэмень і крэсіва”, якая будзе адметная яшчэ і тым, што ў ёй будуць зьмешчаныя графічныя партрэты паэтаў. І яшчэ падзялюся адной задумай. Сёлета споўнілася дваццаць гадоў з часу заснаваньня Таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”. Нам хацелася б адзначыць гэтую дату выданьнем зборніка твораў “тутэйшайцаў”, каб увідочнілася — кім яны былі і кім яны сталіся сёньня”.

УЛАДЗІМЕР СІЎЧЫКАЎ. З НОВЫХ ЗАПІСАЎ

ПАКАРАНЬНЕ

Неяк у сярэдзіне васьмідзесятых гадоў Сьцяпан Хусэйнавіч Александровіч замест адной са сваіх лекцый адвёў нас, тагачасных студэнтаў-беларусістаў, на вуліцу Даўгабродзкую і з гадзіну расказваў пра літаратараў, пахаваных на сталічных Вайсковых могілках.

Тым самым часам на кінаэкранах з аншлягамі ішоў фільм Тэнгіза Абуладзэ “Пакаяньне”, які шакаваў гледачоў адной зь сюжэтных лініяй. Паводле яе дачка рэпрэсаванага ў канцы 30-х гадоў грузінскага мастака выкопвала нябожчыка Катэ Аравідзэ, мэра горада і фактычнага ката ня толькі яе бацькі, а і соцен гараджан, бо той, на яе думку, ня меў права ляжаць у роднай зямлі.

А нядаўна дазнаўся ад Уладзімера Содаля, што і ў нас, нібыта рахманых, ціхмяных і талерантных беларусаў, папраўдзе быў аналягічны выпадак.

Дачка літаратара Эдуарда Самуйлёнка прызнавалася, што ў лютым 1939 году, нараніцу пасьля пахаваньня бацькава магіла на Вайсковых могілках (у цэнтры Менску!) аказалася раскапанаю, труна раструшчанаю, а сам нябожчык — павешаным на дрэве па-над магілаю!!!

Каму ж так не дагадзіў пры жыцьці аўтар зборніка прозы “Дачка эскадрона” і раману “Будучыня”, у якім паказана жыцьцё грузінскага народа, хто ня даў яму спакойна спачываць у роднае зямлі, за што так жахліва папомсьціўся?!

КАМПЛІМЭНТ

Доўгі час у Галіны Кліменцеўны Макаравай узьнікалі складанасьці з анкетнай графою “сацыяльнае паходжаньне”. Праблематычна было ёй аднесьці сябе як да пралетарыяў, так і да сялянаў: дзед быў папом, а бацька — афіцэрам-белагвардзейцам.

У сярэдзіне 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя студыя Беларускага драматычнага тэатру (БДТ-І) сталася адзіным месцам, дзе асабліва не цікавіліся ейнай біяграфіяй, а таму пайшла яна вучыцца на драматычную актрысу.

З Купалаўскім тэатрам Галіна Кліменцеўна зьвязала свой лёс назаўсёды. Менавіта там расквітнеў яе талент характарнай актрысы, там заслужыла яна званьні Народнай артысткі Беларускай ССР, а потым — і Саюзу. На тэатральнай сцэне, у кіно і на тэлебачаньні давялося ёй выконваць ролі пераважна вясковых кабетаў — Дзятлічыхі, мачахі Ганны, бабы Шуры, бабы Мані, бабы Веры…

І так звыкла, так натуральна ўвайшла яна ў вобраз, што падчас кіназдымкаў паводле Мележаўскай трылёгіі адзін дзядок у палескай вёсцы доўга прыглядаўся да яе, а потым не ўтрываў дый кажа:

— Бачу, етыя арцісты тут усё разыгрываюць, прыдурваюцца. А што ты, звычайная вясковая баба, таўчэсься спаміж іх, што ты тут робіш?! У мяне вунь хата пустая... Дык, можа, пайшла б лепей да мяне за гаспадыню? Не сумнявайся, са мною бязьбедна, як у Бога за пазухай, жыцьмеш!

БЫЎ БЫ КУСТ, А ВАРОНА ЗНОЙДЗЕЦЦА

Ад Марыі Ш., жанчыны вельмі вострай на язык, пачуў пра ратацыю кадраў лысагорскіх “стукачоў”. Аказалася, што зьмяняюць яны адзін аднаго на “пачэснай” пасадзе на нашых літарацкіх лецішчах “Узгор’е-2”, што на знакамітай Лысай гары пад Заслаўем: павінны ж “органы” ведаць, чым дыхаюць пісьменьнікі.

Доўгі час пры пасадзе быў клышаногі Яўген К., якога адпаведным чынам ахарактарызаваў Васіль Уладзімеравіч Быкаў у сваіх мэмуарах “Доўгая дарога дадому”.

Потым нібыта заступіў вайсковец-адстаўнік М. — “той, што ня Дунін”, як паджартоўваў зь яго Вячаслаў Уладзімеравіч Адамчык.

А цяпер, лічыцца, прыступіў да абавязкаў — цягаецца па чужых сотках, як памаўзьлівы кот, сочыць, падслухоўвае, вывіжоўвае і даносіць куды трэба — Сяргей В., вулічнік, як заве падобных яму Леанід Дранько-Майсюк. Бамжом ці бяздомнікам называць яго не выпадае, бо фактычна захапіў ён дамок інтэлігентна-рахманага Максіма К. і пачуваецца за гаспадара ня толькі ў ім, але і па ўсім навакольлі…

— Хіба Рабінзон (так цьвеляць яго за тое, што амаль безвылазна сядзіць на Лысай гары) можа пражыць з градаў ды з таго, што зладзіць якой удаве пляцень ці выцягне корч?! Мабыць, мае і іншую падпітку, — разважае кабета і падсумоўвае: — Балота ня будзе бяз чорта!

ЗЬ ЯГО ПАЧЫНАЕЦЦА ЖОДЗІНА

Разам з загадчыцай жодзінскага краязнаўчага музэю Галінай Іванаўнай Аніскевіч наведаў Гістарычны архіў. Упершыню на свае вочы, з хваляваньнем пабачыў і пагартаў “Смалявіцкі інвэнтар 1643” (“Inwentarz Smolewicki 1643”).

Менавіта ў гэтым даволі сьціплым, але зь дзівоснай каліграфіяй, дакумэнце ўтрымліваюцца першыя пісьмовыя згадкі пра маё роднае Жодзіна. Напачатку менавалася яно Багуслаў-Полем паводле імя ягонага заснавальніка — князя Багуслава Радзівіла. У адной зь іх гаворыцца, што “пад места Багуслаў Поле высечана 400 пляцовак, большасьць зь якіх ужо разьмеркаваная. Рэестр у пана Чэрніка”.

Гэта, па-першае, значыць, што шукаць ранейшых зьвестак пра Жодзіна ня варта, а па-другое, працытаваны дакумэнт сьведчыць пра 363-гадовы ўзрост гораду. Цяжкавата будзе адмахнуцца ад яго культуртрэгерам, што прыехалі з расейскае правінцыі 40 гадоў таму будаваць Беларускі аўтазавод і дагэтуль цьвердзяць, нібыта гісторыя гораду пачалася зь іх!

Знайсьці б яшчэ непасрэднае распараджэньне князя Багуслава пра заснаваньне гораду! Маю надзею адшукаць яго падчас перакладу і падрыхтоўкі да выданьня “Аўтабіяграфіі” Багуслава Радзівіла. У польскамоўным томе, які здабыў дзякуючы Сяргею Кавалёву, акрамя ўласна жыцьцяпісу і дыярыюшу, зьмешчаны прадмова, навуковыя камэнтары, храналягічныя табліцы, іменны і геаграфічны паказьнікі і нават частка эпісталярнай спадчыны.

За добрую вестку прымаю і тое, што новы жодзінскі мэр Васіль Грышчанка некалькі гадоў працаваў у Нясьвіжы, і, мажліва, праз тое прыхільна ставіцца да айчыннай гісторыі і, у прыватнасьці, да Радзівілаў. Хочацца верыць, што стане ён саюзьнікам і паспрыяе таму, каб паставіць у Жодзіне конны помнік заснавальніку гораду.

EXLIBRIS

АЛЕГ ГАРДЗІЕНКА: “ДЗЬМІТРЫ КАСМОВІЧ ПРЭЗЭНТАВАЎ БЕЛАРУСЬ У ВОЛЬНЫМ СЬВЕЦЕ”


У выдавецтве “Gudas” выйшла з друку кніга ўспамінаў Дзьмітрыя Касмовіча “За вольную і сувэрэнную Беларусь”. Дзьмітры Касмовіч — вайсковы і грамадзкі дзеяч, лідэр Беларускага Вызвольнага Фронту, адзін з найвядомых актывістаў беларускага замежжа ў савецкі час. Аўтар распавядае пра падзеі 20-40-х гадоў на тэрыторыі Заходняй Беларусі, сваю працу ў савецкім апараце ў Нясьвіжы ў 1939-1941 гадах, а таксама пра стварэньне беларускіх аддзелаў паліцыі парадку на Смаленшчыне і Браншчыне падчас нямецкай акупацыі. Пра кнігу “За вольную і сувэрэнную Беларусь” з дасьледчыкам гісторыі беларускага замежжа Алегам Гардзіенкам гутарыць Галіна Абакунчык.

(Галіна Абакунчык: ) “Дзьмітры Касмовіч у сваіх успамінах згадвае вельмі шмат знакамітых беларускіх дзеячоў. Атрымліваецца, што ён быў знаёмы і кантактаваў з гэтымі людзьмі?”

(Алег Гардзіенка: ) “Ён нарадзіўся ў 1909 годзе ў Нясьвіжы. Але беларускі сьвет быў вельмі маленькі — лічаныя беларускія гімназіі. І таму ня дзіўна, што ён ведаў і Браніслава Тарашкевіча, і Язэпа Гаўрыліка, і Сымона Рак-Міхайлоўскага, і Максіма Танка, быў знаёмы зь Якубам Коласам. Касмовіч сьцьвярджае, што Колас не зьбіраўся ў 1941 годзе ўцякаць на ўсход, але яго гвалтоўна вывезла НКВД. Дарэчы, такі нюанс — Касмовіч быў жанаты на пляменьніцы Якуба Коласа Надзеі Міцкевіч. Потым, у 1928 годзе, ён выехаў у Бэльгію працаваць — там былі кантакты ўжо зь беларусамі, якія знаходзіліся ў Заходняй Эўропе. Таго ж самага Міколу Абрамчыка, праскае кола беларусаў ён выдатна ведаў”.

(Абакунчык: ) “Чаму так атрымалася, што імя самога Дзьмітрыя Касмовіча ня так шырока вядомае, як тых людзей, каго ён згадвае”.

(Гардзіенка: ) “Для шырокага кола — так. Але для пэўных колаў — не. Варта пагартаць газэту “Голас Радзімы” 1960-1980 гадоў. Касмовіч — адзін з улюбёных пэрсанажаў савецкіх ідэолягаў і журналістаў. У іх быў “сьвяты” абавязак узгадаць Абрамчыка, Астроўскага, Кушаля і Касмовіча. Савецкая ўлада проста не магла забыцца на тых, хто ёй назаляў. Да прыкладу, Касмовіч удзельнічаў ва ўсіх антыкамуністычных кангрэсах. Значыць, патрэбна было яго неяк ізаляваць ці абліць брудам. І сапраўды, жыцьцё ў Паўднёвай Нямеччыне ў 1940-1960 гады было нялёгкім для савецкіх эмігрантаў. Там працавала мноства савецкіх спэцслужбаў, і яны былі вельмі небясьпечныя. Сям’я Касмовічаў нават наймала паліцэйскую ахову, бо іх маглі забіць. І такія прэцэндэнты здараліся, да прыкладу, быў забіты супрацоўнік Беларускай службы Радыё "Вызваленьне" Леанід Карась. Былі іншыя выпадкі, і гэта было сапраўды жыцьцё ў страху”.

(Абакунчык: ) “У кнізе Касмовіча шмат згадкаў пра дзейнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі і Беларускай Цэнтральнай Рады, пра непаразуменьні паміж гэтымі арганізацыямі”.

(Гардзіенка: ) “Беларуская Цэнтральная Рада выводзіла сябе зь Беларускай Народнай Рэспублікі. Нават, калі паглядзець на іхныя дакумэнты, то зьверху стаіць пячатка з “Пагоняй” і напісана: Беларуская Народная Рэспубліка. Праблема падзелу была ў наступным. У 1925 годзе БНР самараспусьцілася. (Насамрэч, склаў паўнамоцтвы толькі ўрад БНР - рэд.) І калі засноўвалася БЦР у 1943 годзе, Другі беларускі кангрэс перадаў паўнамоцтвы ад імя беларускага народу Беларускай Цэнтральнай Радзе. І яны таксама лічылі сябе прадстаўніцтвам беларусаў на эміграцыі. А ў 1947 годзе БНР адрадзілася. Але і тыя, і іншыя былі беларусамі, і тыя, і іншыя былі патрыётамі, і тыя, і іншыя ніколі ня здраджвалі Беларусі. Але ўжо зь сярэдзіны 1960-х гадоў яны паміж сабой дамовіліся і ніякіх супярэчнасьцяў паміж імі не было. І трэба ўжо глядзець на ўсё паводле зробленага. Касмовіч шмат зрабіў для рэпрэзэнтацыі Беларусі на ўсясьветнай арэне”.

(Абакунчык: ) “Чым каштоўная гэтая кніга і чым яна розьніцца ад успамінаў іншых беларускіх дзеячоў замежжа?”

(Гардзіенка: ) “На эміграцыі ня так шмат успамінаў беларусы пакінулі, бо грамадзкая праца займала шмат іхнага часу. Таму кніга каштоўная ўжо тым, што Касмовіч здолеў занатаваць свой погляд на жыцьцё. Па-другое, у 1920-х гадах ён выехаў на заробкі ў Бэльгію, бо ў Беларусі пры паляках жыць было нельга. Ён згадвае гэты пэрыяд, а таксама пра 1930-я гады, пра што ў нас таксама літаратуры няшмат. Акрамя таго, ён згадвае пра сваю працу ў беларускай адміністрацыі на Ўсходзе — на Браншчыне, Смаленшчыне – у франтавой паласе. І там жыцьцё адрозьнівалася ад таго, што было ў Менску. Акрамя таго, Касмовіч распавядае пра БЦР вачыма сябра гэтай арганізацыі, і гэта іншы погляд на эміграцыйныя падзеі. Шкада, што ён кнігу не завершыў. Бо ўспаміны заканчваюцца 1945 годам, а пасьля вядуцца канспэктыўна. Чалавек проста не пасьпеў фізычна гэта зрабіць. Але кніжка ёсьць, і яшчэ адна яе каштоўнасьць у тым, што Касмовіч умеў пісаць, цікава падаваць факты, бо ён быў адукаваны чалавек. Кніга чытаецца вельмі лёгка”.

(Абакунчык: ) “Што ў гэтай кнізе ёсьць новым з гістарычнага гледжаньня?”

(Гардзіенка: ) “Новае — пра жыцьцё ў Бэльгіі і Югаславіі ў 1930-я гады і пра жыцьцё на ўсходзе Беларусі. Пакуль я ня бачыў ніякіх успамінаў пра тагачасныя падзеі ў гэтых краінах. Акрамя таго, гэта дадатковая цаглінка ў дасьледаваньне беларускай аўтакефальнай царквы. Бо Касмовіч быў сярод актывістаў, хто абвяшчаў аўтакефалію ў 1942 годзе, быў на царкоўным саборы. І ў кнізе прыведзеныя некалькі вельмі важных дакумэнтаў. Гэта перапіска сьвятароў, якая дае зразумець, чаму адбылася аўтакефалія і чаму затым сьвятары зьбеглі ў 1945 годзе ў асяродак расейскай праваслаўнай царквы ў замежжы. Хоць Касмовіч літаральна да 1980-х гадоў не пакідаў гэтую тэму, дамагаючыся вяртаньня епіскапаў да беларусаў”.

НОТНЫ СШЫТАК

ВЕЦЕР МЭХАНІЧНЫ: “ЗА ТРЫ ГАДЫ ПРАЗ “ТУЗІН ГІТОЎ” ПРАЙШЛІ 400 ПЕСЬНЯЎ”


Што рабіць маладым музыкам для таго, каб быць пачутымі? Ва ўмовах, калі магчымасьці ладзіць канцэрты абмежаваныя, яны знаходзяць выйсьце. У прыватнасьці, праз Інтэрнэт. Распавядае наш карэспандэнт Дзьмітры Падбярэзкі.

(Дзьмітры Падбярэзкі: ) “Вецер Мэханічны — асоба ў беларускім Сеціве вядомая. Менавіта з ягонай ініцыятывы тры гады таму зьявіўся музычны інтэрнэт-партал “Тузін гітоў”, які вельмі хутка здабыў папулярнасьць найперш у асяродзьдзі маладых музыкаў. Прычым ня толькі беларускіх: сярод удзельнікаў гіт-параду цягам трох гадоў былі выканаўцы з Украіны, Расеі і нават Нямеччыны. І ўсе яны выконвалі песьні на беларускай мове. Менавіта гэты прынцып і быў пакладзены ў аснову канцэпцыі слушнага, як яго назваў сам Вецер Мэханічны, музычнага парталу. 12 сьнежня “Тузін гітоў” падвёў вынікі трох гадоў існаваньня, прэзэнтуючы альбом з тузінам лепшых песень сэзону 2005-2006 гадоў. Што і зрабілася нагодай для таго, каб задаць колькі пытаньняў Ветру Мэханічнаму.

Цягам трох гадоў ці спраўдзіліся вашыя спадзяваньні?”

(Вецер Мэханічны: ) “Калі разглядаць стварэньне праекту ў Інтэрнэце як непасрэдную мэту, то праект вельмі ўдалы. Ён прыцягнуў да сябе ўвагу, мае трывалую аўдыторыю, выйсьце ў па-за інтэрнэтнае жыцьцё. За гэтыя тры гады праз “Тузін” прайшло каля чатырохсот песьняў. Па самым першым часе ён задумваўся як звычайны гіт-парад. Мы проста хацелі абрэвізаваць цікавыя беларускамоўныя песьні, даць магчымасьць іх паслухаць, паспрабаваць расставіць нейкія ўмоўныя рэйтынгі слухацкім сымпатыяў. Але пазней праект аброс уласнай навіновай службай, штатам аглядальнікаў, крытыкаў, пачалі зьяўляцца рэцэнзіі, зьявілася вялікая афіша музычных падзеяў. І на сёньняшні дзень праект ператварыўся ў вялікі партал беларускай музыкі. Зразумела, пра ўсё гэта мы тры гады таму ня думалі”.

(Падбярэзкі: ) “З аднаго боку дзяржава, прыняўшы пастанову аб 75% квоты беларускай музыкі ў радыёэфіры, з другога боку — існаваньне “Тузіну гітоў”, зь ліку прадстаўленых калектываў на якім прыктычна ніхто ў эфіры не гучыць. Гэтыя вось 75% нейкім чынам уплываюць на жыцьцядзейнасьць “Тузіну”?”

(Вецер Мэханічны: ) “Мы ніколі ня мелі на мэце ставіць у свой інтэрнэт-эфір выключна рокавую альтэрнатыву. Мы працуем зь любой беларускамоўнай музыкай. Але ж у дыскарнях цяпер, праўда, ёсьць што выбіраць з беларускай музыкі. Зьявіліся нейкія досыць прафесійныя паслугі для музыкаў па запісах, студыі, апаратуры і гэтак далей. Таму 75% і на нашу дзейнасьць, я лічу, і на ўвогуле музычную сфэру паўплывалі станоўча”.

(Падбярэзкі: ) “На вашым сайце ў якасьці аглядальнікаў выступаюць самыя вядомыя і розныя людзі. Ці ахвотна згаджаліся тыя ж Аляксандар Мілінкевіч ці Элеанора Язерская паслухаць гэтую музыку і потым аб ёй выказацца?”

(Вецер Мэханічны: ) “Адмоўнага стаўленьня зусім не было, наадварот, назіралася вялікая сымпатыя. На сёньняшні дзень у нашым гіт-парадзе адбылося больш за 60 тураў, і кожны тур меў свайго экспэрта. 60 досыць уплывовых людзей у музыцы ці ў калямузычнай сфэры, ці нават у палітычнай сфэры, дзякуючы нашым высілкам азнаёміліся з такой колькасьцю песьняў”.

(Падбярэзкі: ) “Існаваньне “Тузіну гітоў” неяк паўплывала на зьяўленьне новых назваў менавіта ў галіне альтэрнатыўнай музыкі?”

(Вецер Мэханічны: ) “Вельмі цікавы “Таварыш маўзэр”. Гурт, пра які тры гады таму ні я, ні мае сябры, калегі наогул ня ведалі, адкрыўся праз “Басовішча”, адкрыўся ў тым ліку і праз наш гіт-парад, апошнія веснавыя палітычныя падзеі, зараз падрыхтаваў да выданьня паўнавартасны дыск. Ці “J-морс”. Хаця гэта ня зусім 100-адсоткавае патрапляньне ў наш фармат, але тое, як яны прагрэсавалі апошнія гады, нельга не адзначыць, вырасьлі яны вельмі добра. Нам зусім нядаўна прыслалі песьню зь Нямеччыны. Наш карэспандэнт пацікавіўся, што гэта за гурт такі? Аказалася, што ў складзе ёсьць беларус, ёсьць немцы, але сьпяваюць яны на беларускай мове, выступаюць у нейкім нямецкім клюбе. І праз зусім кароткі час гэтая песьня ўжо зьявілася ў нашым гіт-парадзе. Вельмі кароткі шлях ад выканаўца да слухача праз Інтэрнэт дазваляе адкрываць новыя імёны вельмі хутка”.

(Падбярэзкі: ) “Ці можаш ты прадбачыць сёньня, у які бок павернецца “Тузін гітоў”, якім шляхам ён пойдзе і як гэта будзе адбівацца на лёсах найперш маладых музыкантаў?”

(Вецер Мэханічны: ) “Мы будзем даваць магчымасьць маладым выканаўцам ставіць свае песьні, быць пачутымі. Любая новая песьня, якая прыходзіць у гіт-парад, у сярэднім тры, чатыры, а то й пяць тысячаў разоў тут жа спампоўваецца зь Інтэрнэту нашымі наведнікамі. Вось ужо ёсьць кола слухачоў у пяць-дзесяць тысячаў чалавек. Той жа апошні наш дыск, які літаральна гэтымі днямі выходзіць, мы так і расшыфравалі: адкрыцьці году. А разьвіцьцё гэтага праекту ў Інтэрнэце? Мне цяжка пра гэта сказаць. Шмат залежыць ад агульнай сытуацыі ў дзяржаве. Хоць бы таму, што мы адлюстроўваем тое, што робіцца ў жыцьці”.

(Падбярэзкі: ) “Архіў запісаў беларускамоўнай музыкі на партале “Тузіну гітоў” сапраўды ўражвае. У апошнім туры гіт-параду песьня “Калыханка” магілёўскага гурту “Таварыш маўзэр” упэўнена лідыруе, зьявіўшыся ў ім толькі тыдзень таму. “Таварыш маўзэр” і без перабольшаньня дзясяткі іншых маладых калектываў знайшлі сваіх слухачоў у тым ліку і з дапамогай “Тузіну гітоў”.