Шатляндзкі рок-гурт Nazareth – на беларускай Свабодзе

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Шатляндзкі рок-гурт Nazareth адсьвяткаваў 35-годзьдзе свайго існаваньня. І хаця музыкам-заснавальнікам гэтага гурту ўжо пад шэсьцьдзесят, Nazareth працягвае пасьпяхова гастраляваць – нярэдка на іх канцэрты прыходзяць цэлыя сем’і – нават дзяды з унукамі. Зь лідэрам Nazareth, Дэнам Маккафэрці размаўляў наш карэспандэнт. Сярод іншых пытаньняў: ці памятае Маккафэрці пра канцэрт у палацы спорту на праспэкце Машэрава?
У артыкулах музычных крытыкаў можна сустрэць меркаваньне аб тым, што ў савецкія часы гурт Nazareth быў у Беларусі, ды й у некаторых іншых частках тагачаснага СССР, больш папулярны, чым Deep Purple ці Led Zeppelin. Дакладна гэтага ня ведае, бадай, ніхто, бо ў тыя часы музыка, якую грае квартэт з Шатляндыі, была забароненая. У савецкіх газэтах пра Nazareth пісалі, што яны “аглушаюць публіку скрыгатаньнем электрагітараў і антысавецкімі тэкстамі”, што, натуральна, не было праўдай. Асабліва што тычыцца “антысавецкіх тэкстаў”.

Але ніякая прапаганда не магла затрымаць пранікненьне ў Менск, Берасьце ці Пінск страшэнна дарагіх кружэлак гурту, ці прынамсі магнітафонных стужак з іхнымі запісамі.

Nazareth напрыканцы 60-х заснавалі Дэн Маккафэрці, Мэні Чарлтан, Піт Эгню і Дэрэл Суіт. Першыя два альбомы гурту – Nazareth і Exercises, запісаныя адпаведна ў 1971 і 72-м гадох не прынесьлі вялікага посьпеху, затое, дзякуючы ім музыкі мелі магчымасьць паехаць у канцэртнае турнэ разам з ужо папулярнымі тады Deep Purple. У выніку бас-гітарыст Deep Purple пагадзіўся быць прадусэрам наступнага альбому шатляндцаў – “Razamanaz”, зь якога і пачаўся іхны шлях да славы.

Першае, пра што я запытаўся у Дэна Маккафэрці, які пасьля канцэрту ўвайшоў у пакой, вызначаны арганізатарамі з кілішкам каньяку, дык гэта як здарылася, што фірма гуказапісу не адмовілася ад Nazareth пасьля двух альбомаў, якія не прынесьлі камэрцыйнага посьпеху. Цяпер кампаніі даюць маладым гуртам запісаць хіба што сынгал, і калі ён не становіцца папулярны – з музыкамі разьвітваюцца.

Але, даведаўшыся, што я зь Беларусі, спадар Маккафэрці (зь вельмі моцным шатляндзкім акцэнтам) заявіў –

(Маккафэрці: ) “Канешне я ведаю гэтую краіну, мы там гралі!”

Ну а цяпер адказ на першае пытаньне:

(Маккафэрці: ) “У тыя часы кампаніі гуказапісу мелі іншую палітыку, бо не было MTV! Калі прадстаўнікі кампаніі прапаноўвалі нейкаму гурту супрацоўніцтва, дык яны верылі, што музыкі сапраўды добрыя і таленавітыя, таму давалі магчымасьць запісаць тры альбомы. Але трэба было, канешне, цяжка працаваць – увесь час даваць канцэрты, каб пра цябе даведаліся, каб трапіць у праграмы музычных радыёстанцыяў і гэтак далей. Але ўжо на першым альбоме ў нас была прынамсі адна песьня, якую заўважылі – “Morning dew”.

(Маккафэрці: ) “На другім альбоме – Exercises – мы абсалютна зьмяніліся, у нашай музыцы было больш фальклорных элемэнтаў, і ўжо запісаўшы трэці альбом мы зразумелі, якую музыку Nazareth сапраўды хоча граць. Некалькі гадоў мы вырашалі, якім шляхам пайсьці”.

(Карэспандэнт: ) “Цікава, што ў летапісе гурту няма згадак пра гучныя скандалы з удзелам музыкаў, пра праявы “зорнай хваробы”, чым так знакамітыя рок-зоркі. А калі ўвогуле Дэн Маккафэрці зразумеў, што ён – сапраўдная зорка?

(Маккафэрці: ) “Я ніколі пра сябе так ня думаў. Я быў хлопцам, які граў у рок-гурце. Гэта мне заўсёды падабалася і добра, калі гэта падабаецца людзям. Але аднойчы, у часе брытанскага турнэ, мы ехалі ў аўтамабілі і ўпершыню пачулі нашую песьню “Broken down angel” ў радыё – тады яна ўжо патрапіла ў гіт-парад – гэта быў шок. Тады замест ста чалавек, да нас на канцэрты пачалі прыходзіць паўтысячы, потым 3 тысячы. Ну, думалі мы. Гэта крута. Але й працаваць тады трэба значна больш. Але гэта ў парадку, бо ў гэтым і сэнс.

(Карэспандэнт: ) “Найбольш пасьпяховы альбом “Hair of the dog” Nazareth запісалі ў 1975 годзе – моцныя кампазыцыі, вельмі добры, прагрэсіўны гук і непраўдападобна моцны вакал Дэна Маккафэрці зрабілі гэтую кружэлку “плятынавай”.Мяне заўсёды цікавіла, чаму шатляндцы не запісалі так бы мовіць працяг гэтага альбому, з падобным гучаньнем, песьнямі, як гэта робіць шмат хто, каб дасягнуць яшчэ большага камэрцыйнага посьпеху. Тут увогуле варта адзначыць, што Nazareth увогуле ня маюць падобных адзін да другога альбомаў – гэта тычыцца нават тых, што былі запісаныя ў тым самым годзе. Працягвае Дэн Маккафэрці:

(Маккафэрці: ) “Ведаеце, мы не хочам стаць сумнымі. Мы проста граем тое, што падабаецца нам і гэта заўсёды быў галоўны крытэрый. Ці нам падабаецца гэта? Так, тады запішам. Я таксама люблю музыку, хаджу ў краму і купляю дыскі іншых выканаўцаў. І некаторыя гурты запісваюць, як напрыклад Eagles, частку адзін, Eagles частка два, і гэтак далей, дык мяне такая музыка не цікавіць – гэта ж сумна! Мы хацелі, каб нашыя прыхільнікі “расьлі” разам з намі – дарэчы так у большасьці выпадкаў і было. На шчасьце”.

(Карэспандэнт: ) “На пачатку 80-х Nazareth шмат экспэрымэнтавалі. Як на мой густ дык выдатныя альбомы “The fool circle”, “Malice in wonderland” ці “2xS” былі даволі халодна ўспрынятыя значнай часткай фэнаў гурту. Ці можна сказаць, што тады, пасьля 8 ўдалых альбомаў, музыкі ўпершыню не паразумеліся са сваёй аўдыторыяй?

(Дэн Маккафэрці: ) “Я размаўляў шмат зь кім з нашых фэнаў і што мяне ўразіла – яны думаюць у большасьці выпадкаў так як мы. Яны таксама не хацелі й ня хочуць слухаць тое самае – “Razamanaz” частка адзін, два і гэтак далей. Нельга так рабіць, бо гэта сумна”.

(Карэспандэнт: ) “Nazareth заўсёды уключалі ў свае альбомы шмат кавэр-вэрсіяў –напрыклад баляда “Love hurts” стала ўсясьветна вядомай менавіта ў іхным выкананьні. Чаму? Сваіх ідэяў напэўна хапала!”

(Дэн Маккафэрці: ) “Ну перадусім, мы йгралі калісьці знаныя песьні іншых музыкаў, каб лягчэй было знаёміцца з дзяўчынамі! Потым, канешне, гэта перарасло ў нешта іншае. Часам слухаеш музыку і разумееш, што нейкая песьня табе вельмі падабаецца. Не абавязкова ўсё самому граць, што падабаецца, але чаму часам і не? Прычым незалежна ад аўтара – ад Johnny Mitchell да Led Zeppelin”.

(Карэспандэнт: ) “Граць 30 гадоў запар некаторыя свае старыя гіты, ці гэта не цяжка? Ці няма ахвоты, глянуўшы на іх з пэрспэктывы часу і досьведу нешта зьмяніць – кавалак тэксту, аранжыроўкі?

(Дэн Маккафэрці: ) “Не, насамрэч не. Мне падабаецца тое, што мы стварылі раней. Калі нам было па 20 гадоў мы напісалі, прыкладам, песьню “Razamanaz” – лепш яе цяпер ня зробіш! Мы стварылі ў тыя часы – і ў ёй ёсьць тая энэргія і вера, што мы мелі тады”.

(Карэспандэнт: ) “Nazareth быў аднымі зь першых заходніх гуртоў, які наведаў краіны сацыялістычнага лягеру – Польшчу, Савецкі Саюз, Кітай. Ці гэта значыць, што музыкі гурту вераць у тое, што рок-музыка можа дапамагчы людзям стаць свабоднымі ў несвабоднай краіне?

(Дэн Маккафэрці: ) “Так, я лічу, што ня толькі рок, але й кожная іншая музыка можа дапамагчы ў гэтай справе, бо музыка аб’ядноўвае. І неабавязкова нават ведаць мову, на якой выконваецца песьня. Калі табе падабаецца, ты добра сябе адчуваеш ад гэтай музыкі, дык гэта дапамагае. Ты можаш жыць краіне з жахлівай дыктатурай, але калі паслухаеш свае ўлюбёныя творы Led Zeppelin ці Nazareth дык падумаеш, гэта ж крута – а тыя прыдуркі пра гэтую музыку нічога ня ведаюць”.

(Карэспандэнт: ) “А фэстывалі кшталту “Рок за дэмакратыю”, “Рок за свабоду” у той ці іншай краіне. Ці маюць такія акцыі сэнс?”

(Дэн Маккафэрці: ) “Я думаю, што гэта цудоўна, калі такія фэстывалі ладзяцца ў добрай справе. Калі музыка бянтэжыць урады – гэта добра! Няхай часам гэтыя ёлупні падумаюць пра іншых, бо як мы кажам у Шатляндыі, улады часта “дбаюць толькі пра ўласныя інтарэсы”. Гэта ж няправільна”.

(Карэспандэнт: ) “У савецкія часы Nazareth быў адным з найбольш папулярных заходніх гуртоў у Беларусі, у іншых частках Савецкага Саюзу....

(Дэн Маккафэрці: ) “О, так – я ведаю. Але ў Расеі мне расказвалі, што людзей нават садзілі ў турму за тое, што яны слухалі нашыя кружэлкі. У турму за кружэлку! Што за паранойя тады была! Пасадзіць чалавека за тое, што ён слухае кружэлку!”

(Карэспандэнт: ) “Першая заходняя кружэлка, якую я набыў у сваім жыцьці гэта быў альбом Nazareth “Close enough for rock’n’roll” – гэтая кружэлка каштавала палову месячнага заробку маёй маці. Давялося доўга ашчаджаць грошы на школьных абедах! Чаму на думку Дэна Маккафэрці менавіта Nazareth былі так папулярныя ў Савецкім Саюзе?”

(Дэн Маккафэрці: ) “Я думаю, што справа ў тым, што мы сьпявалі ў нашых песьнях пра тое, што адчувалі ў тыя часы. Мы спрабавалі ствараць музыку, якая падабаецца і нам і слухачам. Музыка павінна дапамагаць чалавеку, рабіць яго шчасьлівым. Што з таго, калі прыйсьці на канцэрт, стаяць і з сур’ёзным выглядам казаць “Так, гэта нядрэнна, добра граюць, вось той тут так засьпяваў а той такое сола грае...” Трэба прыйсьці і “адарвацца”, забыцца пра свае клопаты, праблемы, працу на паўтары гадзіны, калі мы граем для цябе”.

(Карэспандэнт: ) “Nazareth упершыню прыехалі ў Менск у 1999, калі ўжо сьвяткавалі 30-годдзе сваёй кар’еры. Беларусь заставалася адной з нешматлікіх краінаў сьвету, а тым больш Эўропы, дзе музыкі яшчэ ніколі не гралі. Я запытаўся ў саліста Nazareth, ці памятае ён гэты канцэрт у перапоўненым палацы спорту на Машэрава?”

(Дэн Маккафэрці: ) “Так, я памятаю – канцэрт быў цудоўны! Перадусім публіка была супэр! Бо, ведаеце, посьпех канцэрту залежыць менавіта ад публікі. Мне пляваць, які ў гэтай краіне ўлада, ці якая рэлігія дамінуе. Калі ты купіў квіток на Nazareth, значыць мы табе патрэбныя і ты мусіш атрымаць нашую музыку ў найлепшым выкананьні. Прыйдзі на канцэрт і добра адпачывай. Калі спадабаецца, чалавек можа падумаць, а чаму гэта ў нашую краіну ніхто не прыяжджае, бо я хацеў бы хадзіць на такія канцэрты кожныя выходныя! З гэтага таксама могуць пачацца нейкія перамены”.

(Карэспандэнт: ) “Цягам 35 гадоў Nazareth запісалі 21 альбом, далі тысячы канцэртаў ва ўсім сьвеце. Некалькі разоў гублялі папулярнасьць і зноў заваёўвалі любоў фэнаў розных узростаў. Мой сябра – музыкант Алег Клімковіч сказаў калісьці, што Nazareth будуць несьці на могілкі, а яны будуць працягваць граць рок-н-рол.

(Дэн Маккафэрці: ) “Пакуль я змагу граць, а людзі будуць прыходзіць ня канцэрты, я буду гэта рабіць.Калі людзі добра адпачываюць на нашых канцэртах, гэта ўсё што нам патрэбна!”