У Бабруйску і Магілёве чакаюць Мілінкевіча

Бабруйскія актывісты руху “За свабоду” падалі заяўку ў гарвыканкам на сустрэчу ў Палацы мастацтваў сустрэчу жыхароў гораду з А. Мілінкевічам.
На сустрэчы Аляксандар Мілінкевіч і ягоныя паплечнікі зьбіраюцца гаварыць з бабруйчанамі пра надзённыя мясцовыя праблемы.
Гаворыць адзін з бабруйскіх ініцыятараў сустрэчы Алесь Чыгір:
“Праблемаў такіх даволі шмат. Гэта і скасаваньне льготаў, і праблемы прадпрымальнікаў”
А ці будзе на гэтых сустрэчах абмяркоўвацца тэма выбараў у Палату прадстаўнікоў, наколькі яна ўвогуле актуальная на дадзены момант?
“Гэта тэма дастаткова актуальная, таму што ў нашай краіне відавочна адбываецца пагаршэньне эканамічнага стану. Выбары — адна з магчымасьцяў вырашэньня гэтай праблемы”, — зазначае бабруйскі палітык Алесь Чыгір.
Днямі магілёўскія актывісты руху таксама падалі заяўку на сустрэчу зь Мілінкевічам ды пачалі зьбіраць подпісы грамадзянаў на яе падтрымку. Плянуецца, што магілёўцы пабачаць Мілінкевіча 7 лютага.
Чаго чакае сам Аляксандар Мілінкевіч ад паездак па рэгіёнах?
“Я палітык, і адна з галоўных маіх функцыяў — гаварыць зь людзьмі. Я павінен іх слухаць і казаць, што я думаю на балючыя тэмы, якія ёсьць у краіне. Мы спачатку прапануем уладзе даць дом культуры, палац культуры і так далей. Калі не, мы тады будзем сустракацца на вуліцах, як гэта рабілі заўсёды. Нельга пазбавіць людзей магчымасьці дыскусіяў у грамадзтве”, — зазначае Аляксандар Мілінкевіч.
Найпершая задача руху “За свабоду”, паводле ягонага лідэра, — быць бліжэй да людзей. Аляксандар Мілінкевіч працягвае:
“Трэба, каб людзі разумелі, што мы існуем дзеля зьменаў у краіне. Мы хочам рабіць сур’ёзную праграму эўрапеізацыі Беларусі. Кожны трэці беларус кажа, што ён за тое, каб уступіць у Эўразьвяз, нават мала ведаючы пра гэтую унію. Выбары выбарамі, але сустракацца зь людзьмі, ехаць да іх, інфармаваць, дыскутаваць мы можам без усялякіх афіцыйных кампаніяў”.