Гомель: КДБ вядзе ператрус у кватэры журналіста

Супрацоўнікі КДБ і міліцыі праводзяць вобшук у кватэры гомельскага журналіста і сябра БАЖ Сяргея Падсасоннага, паведамляе БелаПАН.

Вобшук вядуць старэйшыя опэрупаўнаважаныя КДБ па Гомельскай вобласьці Андрэй Мельнікаў і Сяргей Бандарэнка, а таксама яшчэ 4 чалавекі ў цывільным. У якасьці панятых у кватэры прысутнічаюць невядомыя, якія прадставіліся як суседзі С.Падсасоннага. Журналіст, аднак, сьцьвярджае, што бачыць іх упершыню.

Журналісту было абвешчана, што яго падазраваюць ва ўдзеле ў незарэгістраванай моладзевай арганізацыі “Малады фронт”.

Сёньня пад'езд дома, дзе жыве журналіст, быў заблякаваны супрацоўнікамі спэцслужбаў. Каля пад'езда былі затрыманыя двое сяброў С.Падсасоннага, Антон Бандарэнка і Дзьмітры Лысы. Апошняга затрымлівалі пяцёра міліцыянтаў з выкарыстаньнем грубай фізычнай сілы і кайданкоў. А.Бандарэнку адвезьлі ўва ўправу КДБ па Гомельскай вобласьці, Д.Лысага – у Цэнтральны РАУС Гомеля. Невядома, у чым іх абвінавачваюць.

Раней С.Падсасоннага КДБ дапытваў наконт ягонага магчымага дачыненьня да дзейнасьці каналу “Белсат”.