“Апазыцыянэры мусяць добра вучыцца”

Ці магчыма сумяшчаць апазыцыйную дзейнасьць і вучыцца ў беларускай ВНУ? Актывісты моладзевага дэмакратычнага руху лічаць, што для таго, каб годна супрацьстаяць рэктаратам, трэба выдатна вучыцца. Але й гэта не заўсёды ўратоўвае сытуацыю.

Адміністрацыі навучальных установаў як вышэйшых так і сярэдніх намагаюцца пазбаўляцца навучэнцаў, якія актыўна ўдзельнічаюць у грамадзка-палітычным жыцьці. Калі на вучобу прыходзяць копіі адміністрацыйных пратаколаў на затрыманых студэнтаў пад час разгону апазыцыйнай акцыі, то гэта цягне за сабой нэгатыўныя наступствы.
У школы выклікаюць бацькоў, зь імі размаўляе дырэктар і сацыяльны пэдагог. Бацькоў угаворваюць забраць дакумэнты і перавесьці вучня ў іншую школу, або нават накіраваць на працу, бо ён ужо мае так званую базавую адукацыю.
У ВНУ усё вырашаецца прасьцей. Студэнта могуць адлічыць за пропускі заняткаў, калі ён адбываў арышт за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, бо гэта лічыцца парушэньнем унівэрсытэцкага статуту, які цяпер мае кожная ВНУ. Але нават, калі няма пропускаў час ад часу ўзьнікаюць праблемы.
Гаворыць студэнтка Маргарыта Іваноўская:
“За ўдзел на выходных у якім-небудзь навучальным трэнінгу па журналістыцы або правах чалавека да студэнтаў прыходзяць супрацоўнікі КДБ і пагражаюць праблемамі з вучобай, няздачай сэсіі, кепскім разьмеркаваньнем. Яны прымушаюць студэнтаў распавядаць, што за арганізацыя, якая мэта, чаму вучылі, як ты туды трапіў і г.д.”.
Маргарыта прыгадала нядаўні выпадак са Зьмітром Жалезьнічэнкам у Гомелі, калі яго спачатку адлічылі з вучобы. Потым паводле судовага рашэньня аднавілі на вучобе, а цяпер зноў адлічылі. Маргарыта лічыць, што выдатная вучоба студэнта можа пераважыць у пытаньні адлічэньня з ВНУ на карысьць студэнта.
“Трэба старацца добра вучыцца і не трапляцца на нейкіх дробязях, якія можна неяк абысьці. Калі чалавек добра вучыцца, ён ёсьць прыкладам як студэнт, як вучань. Тое, што ён мае грамадзянскую пазыцыю, нават дзесьці яе актыўна дэманструе і да яго, напрыклад, прыйшлі супрацоўнікі КДБ, то ўсё роўна ствараецца добры імідж”.
Актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Андрусь Цянюта жыве ў Гомелі. Ён вучыцца завочна ў расейскім унівэрсытэце што ў Бранску. Андрусь лічыць, што супрацоўнікі КДБ перашкодзілі ягонаму паступленьню ва ўнівэрсытэт у Беларусі.
“Калі ў мяне пачаўся экзамэн, да мяне прыйшлі два супрацоўніка КДБ на размову. Як вынік я спазьніўся на экзамэн і не здолеў яго здаць. Я быў вымушаны паступіць у расейскую сельскагаспадарчую акадэімію”.
Сёньня ў турме на вуліцы Акрэсьціна каля чатырох дзясяткаў арыштаваных апазыцыянэраў – студэнты Менскіх унівэрсытэтаў. Іх пасадзілі ў турму на тэрмін ад 10 да 20 сутак у часе зімовай сэсіі. Няяўка на экзамэн будзе лічыцца без паважнай прычыны. Але, паводле правілаў, студэнту могуць прызначыць іншую дату для здачы экзамэну.