А.Рыгоні вітае вызваленьне З.Дашкевіча

“Я хачу выказаць задавальненьне датэрміновым вызваленьнем Зьмітра Дашкевіча”, – заявіў дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў пытаньнях Беларусі Андрэа Рыгоні.

Ён назваў гэтае вызваленьне “раптоўным, але запозьненым”. Андрэа Рыгоні нагадаў пра вызваленьне на мінулым тыдні ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча і падкрэсьліў, што вызваленьне палітвязьняў – прыярытэт ПАРЭ ў адносінах з Беларусьсю, і што ён неаднаразова ўздымаў гэтую тэму ў размовах з беларускімі ўладамі ў леташнім кастрычніку.

“Я спадзяюся, што гэтыя вызваленьні стануць першымі сярод прыкметаў, якія паказваюць гатовасьць беларускіх уладаў да збліжэньня з Эўропай. Я асабіста ўпэўнены, што толькі праз дыялёг як з уладамі, гэтак і з апазыцыяй і грамадзянскай супольнасьцю Рада Эўропы можа зрабіць свой унёсак у гэты працэс”, – заявіў Андрэа Рыгоні.