Адкуль чарніцы, калі хадзіць у лес забаронена?

Паўлітровы слоік чарніц — 25 тысяч

На Гомельшчыне з прычыны сухога надвор’я мясцовыя ўлады забаранілі наведваць лясы. Аднак на рынках абласнога цэнтру, у некаторых іншых людных месцах гандаль ляснымі чарніцамі й суніцамі ідзе бойка.

Інтарэсы ахоўнікаў лесу і ягаднікаў сёлета не супадаюць. Адны асьцерагаюцца пажараў, іншыя любымі шляхамі імкнуцца ў лес, бо грыбы ды ягады памагаюць выжываць.

На Цэнтральным рынку Гомеля багата ягаднікаў, якія прапануюць гараджанам сьвежыя чарніцы. Шклянка — 10–15 тысяч, паўлітровы слоік — 25.

Жанчына ў гадах, якая назвалася Варварай, апавядае:

«Сталі ганяць, не пускаюць ужо нас у лес — лесьнікі ганяюць. Пэўна ж, з-за пажараў. Няхай тых ганяюць, хто шашлыкі прыяжджае смажыць. А мы ж, жанчыны, ня курым, ходзім без папяросаў, без запалак у лес. Дык чаго б нам не пазьбіраць гэтых чарнічак? Мы цяпер паціху вугламі ў лес заходзім».

Спадар Мікалай ходзіць у лес па ягады з жонкаю, часам зь дзецьмі. Кажа, што выручаныя за чарніцы грошы ідуць у асноўным на дапамогу дзецям, якія будуюць кватэры. На невялікія пэнсіі нават выжываць складана, ня тое што дапамагаць дзецям. А на чарніцах можна крыху й зарабіць:

«За дзень, пакуль не ўпадзеш, можна тысяч 250–300 зарабіць. Мы дзецям дапамагаем. Яны ж будуюцца і ўсё такое. Хто ім дапаможа, калі мы не дапаможам? На адну пэнсію цяпер не пражывеш».

Мікалай паказвае цэтлік аб праверцы чарніц у лябараторыі — у ім пазнака 39 бэкерэляў радыяцэзію на кіляграм. Узровень дапушчальны, але патлумачыць гаспадар нічога ня можа: «Чыстая, сказалі, што чыстая».

Кіляграм не надта чыстых чарніц — 55 тысяч рублёў

Суразмоўца лічыць, што на ягадна-грыбны сэзон нейкае паслабленьне на наведваньне лясоў павінна быць, каб людзі маглі скарыстацца дарамі прыроды:

«Як у парк ходзім — гэта наша. Я люблю лес. Я вырас у вёсцы і бязь лесу жыць не магу. Мы вогнішчы не распальваем, ня курым, запалкі не бяром. Ня ведаю, што з намі яны зробяць — могуць пакараць, ня могуць. Нейкі дазвол павінен быць, а не забараніць, каб наагул у лес не хадзілі».

У службе аховы Гомельскага лесагаспадарчага аб’яднаньня патлумачылі, што пасьля нядаўняга дажджу ў трох раёнах вобласьці — Гомельскім, Веткаўскім і Добрускім — дазволілі людзям тры апошнія дні наведваць лес. Але ад заўтра, 27 чэрвеня, гэты часовы дазвол касуюць:

«У Гомелі прайшлі дажджы — і мы адразу на сайце абвясьцілі: тры дні, людзі, хадзіце — там, дзе шлягбаўмы ў лес адчыненыя. Сёньня гэтую абвестку прыбралі, бо пачаў ужо гарэць лес і ў гэтых раёнах. У прыватнасьці, у Веткаўскім раёне ўчора здарыўся пажар, таму сёньня зноў усё зачыняем. Людзі ў нас ня могуць нармальна наведваць лясы. Штрафуем, штрафуем. За гэты тыдзень аштрафавалі амаль паўсотні чалавек».

Чарніцы на гомельскіх рынках прапануюць на кожным кроку

Гамяльчанка Кацярына, якая прадае чарніцы, у сваю чаргу, дзівіцца: «Дык што, чарніцы будуць прападаць? Гэта ж дапамога сямейнаму бюджэту — дапамога й радасьць. Ураджай жа на чарніцы багаты, хоць яны й дробныя, бо няма дажджоў».