Актывісты хочуць зрабіць бюджэт больш празрыстым

Уладзімер Кавалкін, кіраўнік каманды экспэртаў «Кошт ураду»

Каманда экспэртаў праграмы «Кошт ураду» прапануе кіраўніцтву Менскага гарвыканкаму і Міністэрства фінансаў разьмяшчаць у адкрытым доступе квартальныя або штомесячныя справаздачы аб выкананьні бюджэту Менску, пачынаючы ад 1 студзеня 2016 году.

У гэтыя дзяржаўныя структуры яны накіроўваюць адпаведны зварот. У звароце, у прыватнасьці, гаворыцца:

«Гадавая справаздача аб выкананьні бюджэту Менску зацьвярджаецца рашэньнем Менскага гарадзкога Савету дэпутатаў у адпаведнасьці з пунктам 4 артыкула 124 Бюджэтнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, якое разьмяшчаецца ў прававых базах. Аднак грамадзяне ня маюць магчымасьці прасачыць штомесячнае або штоквартальнае выкананьне бюджэту сталіцы».

Разьмяшчэньне інфармацыі ў адкрытым доступе, перакананыя экспэрты, дазволіла б грамадзянам зразумець, якія галоўныя крыніцы бюджэту горада і колькі грашовых сродкаў накіроўваецца на фінансаваньне першачарговых выдаткаў — выплату заробкаў, аплату лекаў, жыльлёва-камунальныя і транспартныя паслугі.

Аўтары пэтыцыі спасылаюцца на тое, што згодна з заканадаўствам інфармацыя аб выкананьні бюджэту Менску не зьяўляецца канфыдэнцыйнай, і просяць штомесячна або паквартальна выкладваць зьвесткі на сайце Міністэрства фінансаў.

Камэнтуе Ўладзімер Кавалкін, кіраўнік каманды экспэртаў «Кошт ураду»:

— Доля мясцовых бюджэтаў у агульным (кансалідаваным) бюджэце краіны складае каля 40%. Гэта вялікія грошы. Пры гэтым інфармацыя пра іх даходы і расходы, за рэдкім выключэньнем, не публікуецца. Бюджэт Менску — абсалютны донар для агульнага «кашалька» краіны. Так, у 2015-м са сталічнага бюджэту ў рэспубліканскі плянуецца трансфэрт у аб’ёме 7,4 трыльёна рублёў. Таму просім Міністэрства фінансаў і Менгарвыканкам пайсьці насустрач грамадзянам і ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам рэгулярна інфармаваць людзей пра стан бюджэту горада.

Штогод гарадзкі Савет дэпутатаў зацьвярджае бюджэт горада. У рашэньні вызначаюцца гранічны памер дэфіцыту бюджэту Менску; даходы і расходы інавацыйнага фонду Менгарвыканкаму; разьмеркаваньне бюджэтных прызначэньняў з клясыфікацыяй расходаў па разьдзелах і відах; выдаткі бюджэту Менску па бюджэтных каштарысах адміністрацыяў раёнаў у горадзе; пералік бюджэтных праграмаў, фінансаваньне якіх прадугледжваецца за кошт сродкаў гарадзкога бюджэту.

Справаздача аб выкананьні бюджэту Менска прадстаўляецца ў такім жа разрэзе.