Улады Армэніі заявілі пра гатоўнасьць да перамоваў з апазыцыяй паcьля аднаўленьня пратэстаў

Мітынг апазыцыі ў Ерэване 25 красавіка

На паседжаньні фракцыі Рэспубліканскай партыі Армэніі — кіроўнай партыі, да якой належаць экс-прэзыдэнт Сэрж Саргсьян і выканаўца абавязкаў прэм’ера Карэн Карапэт’ян — была дасягнутая дамоўленасьць абмяркоўваць «любое пытаньне з усімі бакамі без папярэдніх умоваў».

Сэрж Саргсьян, архіўнае фота

У першай палове паседжаньня экс-прэм’ер (і экс-прэзыдэнт) Сэрж Саргсьян падрабязна расказаў аб прычынах сваёй адстаўкі і заклікаў найперш удзяліць увагу стабільнасьці і бясьпецы краіны. У другой частцы, на якой Саргсьян ужо не прысутнічаў, выканаўца абавязкаў прэм’ера Карэн Карапэт’ян абмеркаваў ужо бягучую сытуацыю і «безумоўныя» перамовы. Хадзілі чуткі, што Карапэт’ян падаé ў адстаўку, але ён гэта абверг.

Нікол Пашыньян, архіўнае фота

Днём раней лідэр апазыцыі Нікол Пашыньян заклікаў армянаў аднавіць мітынгі. Хоць пратэстоўцы ўжо дамагліся адстаўкі прэм’ера Саргсьяна, перамовы з Карапэт’янам праваліліся. Апошні казаў, што перамовы не адбыліся, бо Пашыньян выставіў патрабаваньні: перамовы толькі з канкрэтным сьпісам людзей, толькі вакол выбраных ім тэмаў — «не перамовы ці дыялёг, а выключна агучваньне свайго пункту гледжаньня».

На заклік працягнуць пратэсты адгукнуліся тысячы армянаў. На мітынгу 25 красавіка Пашыньяна вылучылі кандыдатам у прэм’еры Армэніі ад апазыцыйнай фракцыі «Елк» (раней Пашыньян толькі казаў, што прэм’ерам мае стаць «народны кандыдат», не называючы свайго імя, але народ на мітынгу падтрымаў ягоную кандыдатуру). У той жа дзень Армянская рэвалюцыйная фэдэрацыя «Дашнакцуцюн» (сацыялісты) выйшла з кааліцыі з Рэспубліканскай партыяй і абяцала падтрымаць «народнага кандыдата» ў прэм’еры.

Пашыньян: Масква паабяцала ня ўмешвацца ў справы Армэніі

Пашыньян на мітынгу казаў, што «народнага» кандыдата ў прэм’еры гатовыя падтрымаць многія дэпутаты Рэспубліканскай партыі, якія зьвязваліся зь ім напярэдадні — маўляў, яны казалі, што «Карапэт’ян іх не прадстаўляе». Ён падкрэсьліў, што новы прэм’ер не выбіраецца «на плошчы», а мае быць выбраны Нацыянальным сходам.

«Народ, мы перамаглі! — казаў Пашыньян на мітынгу. — І ніхто ня можа паставіць пад сумнеў гэты факт. А той, хто паставіць яго пад сумнеў, у канчатковым выніку публічна прызнáецца, што ня меў рацыі, як гэта зрабіў Сэрж Саргсьян падчас сваёй адстаўкі».