NATO папярэдзіла пра падрыхтоўку Расеяй масіўных бамбаваньняў Алепа

Авіяносец Адмірал Кузьняцоў, архіўнае фота

Для атакі на сырыйскі горад Расея ладзіць самае масавае разгортваньне флёту з канца халоднай вайны, кажа крыніца Reuters.

Расея плянуе магутную атаку з паветра на сырыйскі горад Алепа, паведамляе Reuters са спасылкай на высокапастаўленага прадстаўніка NATO.

Паводле крыніцы агенцтва, Расея прыводзіць у поўную баявую гатоўнасьць Паўночны флёт і вялікую частку Балтыйскага флёту — караблі, прызначаныя для перавозкі вайсковых самалётаў.

Прадстаўнік NATO назваў гэта найбуйнейшым з часу заканчэньня халоднай вайны разгортваньнем расейскіх караблёў. Паводле яго, абвастрэньня сытуацыі ў Алепа варта чакаць праз два тыдні.

Замірэньне ў Сырыі, дасягнутае пры пасярэдніцтве ЗША і Расеі, было сарванае 19 верасьня пасьля нападу на гуманітарную калёну ў правінцыі Алепа, у якім амэрыканскія вайскоўцы абвінавацілі Расею. 15 кастрычніка ў швайцарскім горадзе Лязана прайшлі перамовы пра Сырыю, у якіх удзельнічалі прадстаўнікі Злучаных Штатаў, Расеі і шэрагу рэгіянальных дзяржаваў. Супольнай заявы ўдзельнікаў перамоваў не было.

Пазьней Масква заявіла пра намер зрабіць «гуманітарную паўзу» ў Алепа 20 кастрычніка. У гэты час сырыйскія і расейскія самалёты спыняць авіяўдары.

У Алепа, некалі найбуйнейшым горадзе Сырыі з двухмільённым насельніцтвам, застаецца каля 275 тысяч чалавек. Гэта апошні вялікі горад, які застаецца ў руках памяркоўнай апазыцыі (яна кантралюе ўжо толькі частку гораду). Разам з атакамі войскаў прэзыдэнта Сырыі Башара Асада пры падтрымцы расейскай авіяцыі сілы апазыцыі, якія ацэньваюцца ў 8 тысяч чалавек, адбіваюць атакі тэрарыстаў Ісламскай дзяржавы.