БДІПЧ хоча накіраваць назіральнікаў на выбары ў Беларусі «ў вялікай колькасьці»

Уладзімер Макей вітае Лямбэрта Заньера (справа) і Міхаэля Георга Лінка

Пра гэта сёньня заявіў журналістам у Менску дырэктар Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) Міхаэль Георг Лінк. Разам з генэральным сакратаром Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ) Лямбэртам Заньерам ён сёньня сустракаўся зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем.

Са слоў удзельнікаў сустрэчы, бакі абмеркавалі тры галоўныя пытаньні: канфлікт ва Ўкраіне і роля Беларусі ў яго спыненьні, стан і пэрспэктывы супрацоўніцтва Беларусі і АБСЭ, а таксама прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі.

У аўторак у плянах супрацоўнікаў АБСЭ — сустрэчы з старшынёй Цэнтравыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай і беларускімі праваабаронцамі, назіральнікамі за выбарчым працэсам.

Міхаэль Георг Лінк адказаў журналістам на пытаньне, ці пашле БДІПЧ сваіх назіральнікаў на выбары прэзыдэнта Беларусі:

«Мы заўжды спачатку накіроўваем у краіну, дзе праводзяцца выбары, так званую тэхнічную групу. Яна праводзіць перамовы з уладамі і робіць ацэнку сытуацыі. Пасьля гэтага вырашаецца пытаньне і пра склад асноўнай назіральнай групы. Мы думаем, што такая група павінна быць у вялікім складзе. Давайце трошкі пачакаем. Але хачу сказаць, што ва ўсёй міжнароднай супольнасьці вельмі вялікая цікавасьць да гэтых выбараў».

У АБСЭ няма пастаяннага кіраўніка. Яе дзейным кіраўніком лічыцца міністар замежных спраў той дзяржавы, якая цягам году ачольвае арганізацыю. Сёлета гэтая функцыя выпала Сэрбіі. Таму арганізацыйная і штодзённая праца кладзецца найперш на Генэральнага сакратара АБСЭ.

Лямбэрт Заньер (справа) і Міхаэль Георг Лінк

Лямбэрт Заньер — італьянскі дыплямат. Раней ён займаўся праблемамі разбраеньня і лічыцца знаўцам гэтай галіны.

Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека лічыцца найбольш кваліфікаванай, прызнанай і аўтарытэтнай у Эўропе арганізацыяй, якая сочыць за правядзеньнем выбарчых кампаніяў. Нядаўна яе ачоліў Міхаэль Георг Лінк. За яго плячыма — дэпутацтва ў Бундэстагу, праца намесьнікам міністра замежных спраў Нямеччыны ў папярэднім урадзе канцлера Мэркель. На гэтай пасадзе спадар Лінк курыраваў эўрапейскую інтэграцыю.

«Сёньня пытаньні бясьпекі вельмі востра стаяць у нашым рэгіёне. І тое, што прыяжджаюць разам Генэральны сакратар і кіраўнік БДІПЧ, паказвае важнасьць Беларусі ў сёньняшнім парадку дня АБСЭ, — адзначае спэцыяліст у галіне міжнародных дачыненьняў, намесьнік старшыні руху «За свабоду» Алесь Лагвінец. —

І яшчэ — калі прыяжджае кіраўнік БДІПЧ, гэта звычайна азначае адно: хутка выбары. Сапраўды, Беларусь чакае выбарчая кампанія. І тут пытаньняў у БДІПЧ АБСЭ да ўладаў Беларусі вельмі шмат. Мы ведаем, што ўлады ня хочуць прыслухоўвацца да абсалютнай бальшыні рэкамэндацыяў АБСЭ, якія выдаюцца пасьля кожнай назіральнай місіі.

І трэба чакаць, што размова ідзе пра наступную місію БДІПЧ, якая прыедзе назіраць за прэзыдэнцкімі выбарамі 2015 году».