Беларусь чакае грошай з Расеі

Урад Расеі 9 ліпеня разгледзіць пытаньне аб наданьні Беларусі крэдыту на рэфінансаваньне ранейшых пазыкаў.

Пра гэта паведамляюць расейскія СМІ са спасылкай на намесьніка кіраўніка Мінфіну РФ Сяргея Старчака.

«Заўтра пытаньне вырашыцца, і яны свае грошы атрымаюць», — сказаў ён журналістам. Намесьнік кіраўніка Мінфіну не назваў памер крэдыту.

Кіраўнік Мінфіну Беларусі Ўладзімер Амарын раней казаў, што Менск у ліпені разьлічвае дамовіцца з Масквой пра новы крэдыт на рэфінансаваньне плацяжоў па крэдытах Расеі, заплянаваных на 2015 год.

У красавіку Беларусь атрымала ад Расеі 110 мільёнаў даляраў на пагашэньне працэнтаў па расейскім крэдыце ад 2010 году.

На пачатку чэрвеня пасол Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў паведамляў, што выплаты Беларусі па зьнешнім доўгу зьнізяцца сёлета на 1,3 мільярда даляраў. Паводле пасла, Беларусь ужо дамовілася пра перанос з гэтага году на пазьнейшы тэрмін выплаты расейскага крэдыту ў памеры 750 мільёнаў даляраў і 450 мільёнаў даляраў крэдыту антыкрызыснага фонду ЭўрАзЭС.

Раней паведамлялася, што Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця рыхтуе заключэньне па заяўцы Беларусі на атрыманьне новага крэдыту.