Беларускі добраахвотнік пагражае Лукашэнку

Беларускі добраахвотнік з пазыўным «Леў» (сапраўднае імя невядомае), які ваюе на Данбасе на баку ўкраінскай арміі, абяцае Аляксандру Лукашэнку вярнуцца ў Беларусь і нагадвае пра свой ваенны досьвед.

Зварот да Аляксандра Лукашэнкі зьявіўся ў суполцы ў Фэйсбуку «Згуртаваньне патрыётаў», якая традыцыйна распаўсюджвае афіцыйную інфармацыю ад добраахвотнікаў з Тактычнай групы «Беларусь».

«Тут і цяпер мы абаронім нашу свабоду, і я вярнуся ў Беларусь не адзін, баявога досьведу нам не займаць», — піша добраахвотнік з пазыўным «Леў».

Зварот байца да Лукашэнкі выкліканы перасьледам беларускіх добраахвотнікаў праваахоўнымі органамі Беларусі.

«Чалавек, які баіцца патрыятызму беларускіх добраахвотнікаў, ня варты называцца прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь! Тым самым ён не пакінуў нам выбару... P.S. Досьвед у вызваленьні гарадоў ад супастатаў штурмавымі групамі найбагацейшы», — адзначае ў сваім звароце баец Тактычнай групы «Беларусь».

Апошнім часам зьяўляюцца ўсё новыя паведамленьні пра перасьлед беларускіх добраахвотнікаў праваахоўнымі органамі ў Беларусі. Напрыканцы сакавіка прайшлі ператрусы ў кватэрах іхніх сваякоў. На гэтым тыдні стала вядома пра затрыманьне ў Віцебску былога байца «Азова» Станіслава Ганчарова. У Менску працягваецца судовы працэс над беларускім добраахвотнікам «Правага сэктару» Тарасам Аватаравым.

Раней Аляксандар Лукашэнка ня раз абяцаў разабрацца зь беларусамі, якія ваявалі на Данбасе, калі тыя паспрабуюць вярнуцца на радзіму.

1 красавіка ў Кіеве байцы ТГ «Беларусь» разам з прадстаўнікамі грамадзкасьці зладзілі мітынг ля амбасады Рэспублікі Беларусь супраць перасьледу беларускіх добраахвотнікаў.

У красавіку ў Беларусі былі прыняты папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія дазваляюць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці фактычна любога беларуса, калі той браў удзел у ваенных дзеяньнях на тэрыторыі іншай краіны. Цяпер за ўдзел у ваенным канфлікце суд зможа пакараць 5 гадамі зьняволеньня, а за вярбоўку добраахвотнікаў — 10 гадамі.