Беларусы сталі меней хадзіць у тэатры і бібліятэкі, болей — у цыркі і заапаркі, а кнігавыданьне абвалілася

Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі апублікаваў статыстычны зборнік «Культура ў Рэспубліцы Беларусь, 2017».

Найвышэйшыя заробкі ў 2016 годзе былі ў работнікаў паркаў і запаведнікаў — 526,1 рубля, найніжэйшыя — у работнікаў бібліятэк — 387,6 рубля.

У выканальніцкім мастацтве зараблялі ў сярэднім 503,5 рубля, у культурна-масавых мерапрыемствах — 405,2 рубля. Пры гэтым сярэдні заробак па Беларусі склаў за мінулы год 722 рублі.

Інвэстыцыі дзяржавы ў асноўны капітал у галіне культуры ў 2016 годзе захаваліся амаль на ўзроўні 2015 году — 32,8 млн дэнамінаваных рублёў. Але ў 2014 годзе гэтыя інвэстыцыі былі амаль утрая большымі, у 2013-м— у 4 разы большыя.

Топ папулярных

З шасьці самых папулярных музэяў Беларусі тры прысьвечаныя Другой усясьветнай вайне: найбольш у 2016 годзе хадзілі ў менскі музэй Вялікай айчыннай вайны (559 600 наведваньняў), Берасьцейскую крэпасьць (423 300), Нясьвіскі замак (412 400), Гомельскі палац (325 000), Мірскі замак (285 000) і Хатынь (235 200).

Сярод тэатраў самыя папулярныя: зь вялікім адрывам — опэрны (239 700 наведваньняў), сьледам за ім Гарадзенскі (82 400), Гомельскі (81 400), Віцебскі (66 100), Берасьцейскі (64 400) і Магілёўскі (60 700) драматычныя тэатры.

Самая папулярная філярмонія пры гэтым ня ў Менску (145 700 наведваньняў), а ў Магілёве (176 200), сьледам за ёй Гомель (161 500).

Зь беларускіх фільмаў самымі папулярнымі ў 2016 годзе былі бюджэтны «Дзяржаўная мяжа. Фальшывы ланцуг» (50,4 тысячы гледачоў) і небюджэтны «ГараШ» Андрэя Курэйчыка (6,7 тысячы гледачоў), з замежных — «Варкрафт» (281,4 тысячы гледачоў), «Дэдпул» (221,2) і «Зьвераполіс» (200,4).

Што як зьмянілася з 2010 году

З 2010 году ў Беларусі амаль не зьявілася новых установаў культуры — наадварот, на чвэрць меней стала бібліятэк (мінус тысяча), кінатэатраў і кіназаляў (мінус 31 і 90 адпаведна), клюбных установаў і гурткоў (мінус 876), на пятую частку меней аматарскіх творчых калектываў і студыяў (мінус 4250), таксама стала меней на два музэі (цяпер іх 156). Але стала на тры канцэртныя арганізацыі і на адзін прафэсійны тэатар болей.

На 1000 чалавек у 2016 годзе прыпадалі 672 наведваньні музэяў, 180 паходаў у тэатры, 121 паход на канцэрт, 54 наведваньні цыркаў. Сумарна гэта 1027 наведваньняў на 1000 чалавек, але адзін чалавек мог за год наведаць і некалькі імпрэзаў — значыць, было нямала тых, хто за год не хадзіў ні ў музэй, ні ў тэатар, ні ў цырк, ні на канцэрт. На 1000 чалавек таксама прыпаў 331 карыстальнік бібліятэк, на чалавека там выдавалі за год па 19 кніг і часопісаў.

Пры гэтым беларусы сталі хадзіць на канцэрты аж на 40% меней, у тэатар на — 13,6% меней (і ў тэатраў стала на 18% меней гастрольных выступаў, на столькі ж болей ранішніх спэктакляў), але на 28% часьцей у музэі, амаль на 40% часьцей у цырк і аж на 62% часьцей у заапарк. Колькасьць карыстальнікаў бібліятэкаў зьнізілася больш як на 17%.

Выданьне кніг абвалілася амаль на палову: у 2010 годзе выдалі 43,1 млн экзэмпляраў кнігаў і брашураў, у 2016-м — 23,1 млн. Наклад газэтаў пры гэтым зьменшыўся на траціну (стала крыху больш абласных, але менш рэспубліканскіх, гарадзкіх, раённых і нізавых; доля беларускамоўных выданьняў павялічылася з 28,2% да 33% найменьняў), але часопісаў — толькі на 9%. Беларускую мастацкую літаратуру сталі выдаваць утрая меншымі накладамі, расейскую — амаль у 10 разоў меншымі.

У 2010 годзе ў Беларусі выпусьцілі 105 фільмаў, у 2011-м аж 117, але затым пачаўся спад вытворчасьці кіно, які прывёў да выпуску толькі 21 фільма ў 2016-м (зь іх 9 — мультфільмы, 9 — неігравыя і толькі 3 мастацкія).

Доступ у інтэрнэт у 2016 годзе мелі 71,1% беларусаў (у 2010-м толькі 58,4%).