Хто чытае газэты ў эпоху інтэрнэту, — гутарка з паштальёнам

Менскі паштальён пра падпіску на дзяржаўныя газэты: «На 3 тысячы кватэр — 5 „Советских Белоруссий“, ды яшчэ ўгаворваю, бо патрэбна прэмія».

Другая палова 2015 году ўжо ідзе, але падпіска на газэты на паўгодзьдзе працягваецца. Менскі паштальён Алена распавяла карэспандэнту Свабоды пра попыт на дзяржаўныя і недзяржаўныя выданьні, пра ўплыў прэзыдэнцкіх выбараў на падпіску, а таксама пра тое, якую пошту атрымліваць менчукі ў век інтэрнэту.

На пошце ў менскім мікрараёне Сухарава Алена працуе ўжо 25 гадоў, зь іх апошнія 8 гадоў разносіць пошту па скрынях на ўчастку, на якім больш за 3 тысячы кватэр.

«Праца вельмі напружаная, бо часта жыхары мяняюць коды ў пад’ездах, і дабрацца да скрыняў вельмі складана», — першае, на што скардзіцца Алена. Другая праблема — падпіска на пэрыядычныя выданьні, якая заўжды патрабуе шмат часу і сілаў.

«Збольшага падпіска на паўгодзьдзе завершаная, а цяпер зьбіраецца дадатак за кошт тых, хто чамусьці не пасьпеў», — кажа Алена пра падпіску на другое паўгодзьдзе. Паводле яе дадзеных, з трох тысяч кватэр хоць на нешта падпісаліся ня больш як у паўтысячы. І хто ж у лідэрах — няўжо не «Советская Белоруссия»?

Алена ўсьміхаецца і распавядае, якім мэдыям аддаюць перавагу падпісчыкі на яе ўчастку. Аказваецца, сярод іх прыхільнікаў дзяржаўных мэдыяў — адзінкі.

«„Советскую Белоруссию“ на маім участку выпісалі 5 чалавек. Звычайна гэта людзі, якія даўно прызвычаіліся да гэтага выданьня, але іх няшмат. Яшчэ менш падпісчыкаў „Звязды“ — 1 падпісчык, „Рэспублікі“ — 3. „Народная газета“ — ніводнага падпісчыка, але ў мінулым паўгодзьдзі быў адзін. Болей падпісчыкаў у „Камсамолкі“, „Аргументаў і фактаў“, але таксама дзясяткі, ня сотні. У асноўным дзяржаўныя грамадзка-палітычныя выданьні выпісваюць арганізацыі і ўстановы. Ёсьць выданьні, прыкладам, міліцэйская газэта „На страже“, дык яе выпісвае міліцыянт. Магчыма, выпісваюць, як кажуць, „прымусова-добраахвотна“. Ня ведаю, ці ўвогуле разгортваюць тыя газэты. Або ёсьць, што выпісваюць „Настаўніцкую газэту“, але дакладна ведаю, што скідваюцца некалькі настаўніц і на адзін адрас выпісваюць, бо ім даводзяць разнарадку».

Паводле назіраньняў Алены, на вынікі падпіскі ўплываюць кошты. Падпіска на «Советскую Белоруссию» — адна з самых дарагіх: на паўгода 360 тысяч рублёў. Сталым падпісчыкам даецца невялікая зьніжка, як і пэнсіянэрам, для якіх кошт падпіскі — 326 тысяч. У «„Комсомольской правды“ в Белоруссии» кошт падпіскі на паўгода — 228 тысяч, а для пэнсіянэраў — 186 тысяч рублёў. Гэтую газэту на ўчастку выпісала больш людзей.

Але асноўны фактар усё ж ня кошт і нават ня зьмест, а тэматыка, заўважае Алена. У выніку ў цяперашніх лідэрах падпіскі — выданьні пра сад, лецішча, кухню, здароўе.

Людзі хочуць, каб былі пэўныя парады і рэцэпты, каб былі красворды і сканворды і абавязкова — тэлепраграма

«Такія, прыкладам, як выданьні сэрыі „Талака“ на самыя розныя тэмы. Ці добра пайшлі „Сваты“ з самымі рознымі кірункамі, прыкладам, „Сваты — заготовки“, якія актыўна рэклямуюць. Яшчэ нямала выпісваюць выданьняў дзіцячых, папулярныя выданьні пра розныя праблемы. Людзі хочуць, каб былі пэўныя парады і рэцэпты, каб былі красворды і сканворды і абавязкова — тэлепраграма. Зразумела, каб у прыгожай вокладцы і дастаткова танна. Часам падпісчыкі адгукаюцца на нейкія новыя прапановы. Вось падпісваліся на „Гаспадыню“, а тут зьявілася „Кудесница“, дык частка падпісчыкаў перайшла туды».

Ці карыстаюцца апазыцыйныя газэты большым попытам, чым афіцыйныя? Паштальён Алена ня бачыць асаблівай розьніцы.

«„Народную Волю“ выпісваюць, але таксама няшмат — некалькі падпісчыкаў маю. Гэта тыя, хто даўно выпісваў і працягвае. Як і «Нашу Ніву». Тут амаль дакладнае супадзеньне з палітычнай пазыцыяй: калі чалавек прытрымліваецца пэўных поглядаў і гатовы іх абараняць, дык ён і такую прэсу выпісвае. Магчыма, толькі чытаюць такую прэсу лепш, больш уважліва», — распавядае Алена.

Ужо два тыдні як у краіне ідзе выбарчы працэс: вызначыліся магчымыя кандыдаты на прэзыдэнта, пачаўся збор подпісаў за іх вылучэньне. Ці заўважылі паштальёны ўсплёск цікаўнасьці да палітыкі ў сувязі з выбарамі?

Суразмоўца не заўважыла, каб цягам ліпеня больш людзей сталі падпісвацца на пэрыядычныя выданьні грамадзка-палітычнага зьместу.

«Хутчэй, адбываецца наадварот. Даводзіцца ўгаворваць, каб падпісаліся. Нават некаторыя сталыя падпісчыкі пачалі адмаўляцца ад падпіскі. Магчыма, таму, што горшай стала эканамічная сытуацыя, людзі сталі менш зарабляць і эканомяць на падпісцы. Часьцей падпісваюцца на тры месяцы, чым на паўгода. Таксама ўплывае сэзон. Улетку шмат хто жыве на лецішчах, навошта ім у гэты час атрымліваць газэты дамоў? І ў размовах зь людзьмі я ніводнага разу ня чула, каб цікавіліся выбарамі. Не выключаю, што большасьць пра іх альбо ня ведаюць, альбо гэта зусім не цікава. Палітычных улётак у скрынях таксама яшчэ ня бачыла, як бывала раней», — распавяла паштальён Алена.

Калі падпісчыкаў на Аленіным участку стане больш, ёй крыху перападзе прэміі. Для яе гэта істотна, бо заробкі ў паштальёнаў невялікія. Мінулым годам Алена штомесяц зарабляла каля 5 мільёнаў рублёў, працуючы 6 дзён на тыдзень (працоўны дзень паштальёна цягнецца з паловы на 8-ю да паловы на 16-ю гадзіну). Аднак паштальён не выключае, што хутка і такі заробак скароцяць. Бо нядаўна ўчастак, які абслугоўвала Алена, быў «урэзаны», і да таго ж днямі яе правяралі нарміроўшчыкі зь «Белпошты» — а звычайна гэта канчаецца падвышэньнем нормаў.

Наступае інтэрнэт, людзі заводзяць электронную пошту, кантактуюць праз фэйсбук, навінамі абменьваюцца праз скайп. Ці будзе ўвогуле патрэбная пошта?

У Алены трывалае ўражаньне, што ў Беларусі альбо сядзіць шмат людзей, альбо ўсе тыя, хто сядзіць, вялікія аматары перапіскі

Паводле Алены, хоць звычайных лістоў да іх трапляе менш, але торба паштальёнаў не лягчэе. «Цяпер ідзе хваля заказных лістоў з падатковай інспэкцыі», — кажа Алена і дастае з торбы стос канвэртаў. Паводле яе, гэтая хваля ў канцы ліпеня спадзе, і зноў на першае месца ў перапісцы выйдуць гэтак званыя «лісты шчасьця» з ДАІ — паведамленьні пра штрафы за перавышэньне хуткасьці. У звычайнай перапісцы паміж людзьмі значная частка лістоў прыходзіць з турмаў. У Алены трывалае ўражаньне, што ў Беларусі альбо сядзіць шмат людзей, альбо ўсе тыя, хто сядзіць, вялікія аматары перапіскі. На сьвяты пераважаюць віншавальныя паштоўкі. Як звычайна — на Новы год, Каляды, 8 сакавіка. «Апошнія гады ў лютым на дзень Валянціна шмат дасылаюць паштовак — вельмі папулярнае стала сьвята», — дзеліцца заўвагай паштальён Алена і рушыць далей па маршруце: ад пад’езду да пад’езду.

Чаму грамадзка-палітычныя газэты страчваюць папулярнасьць, але пры гэтым дзяржава працягвае «апякаць» свае пэрыядычныя выданьні?

Палітычны аглядальнік, журналіст Аляксандар Класкоўскі гэтак камэнтуе падзеньне інтарэсу грамадзянаў Беларусі да мэдыяў грамадзка-палітычнага кірунку.

«Увогуле ва ўсім сьвеце назіраецца крызіс друкаванай прэсы. Газэты спрабуюць адшукаць новыя формы падачы матэрыялаў, у друкаваную прэсу ідзе пераважна аналітыка. Што да Беларусі, дык тут на агульны крызіс друкаваных мэдыяў накладаецца спэцыфіка нашай палітычнай сыстэмы. Калі палітычнае поле выпаленае, канкурэнцыі няма, дык якая тут аналітыка? Яшчэ адна адметнасьць нашай палітычнай сыстэмы — тое, што найбуйнейшыя выданьні, тэлеканалы манапалізаваныя дзяржавай, там ідзе прапаганда. Але такая біпалярная сытуацыя адмоўна ўзьдзейнічае і на недзяржаўныя мэдыі, таму часта мы там бачым не глыбокую аналітыку, а нейкую прапаганду наадварот — супроць рэжыму. Але і гэта ня кожнаму цікава, гэта даволі вузкае кола людзей. А грамадзка-палітычнай тэматыкі, якая была б цікавая для большасьці, у беларускіх мэдыях няма. Таму людзі, якіх дэпалітызаваў яшчэ і рэжым, бо няма выбараў, няма сапраўдных партыяў, а толькі шыльды, яны калі і выпісваюць, дык выпісваюць выданьні пра сад, агарод, красворды і гэтак далей. Гэта ўсё спэцыфіка нашай палітычнай сыстэмы, якая ў абывацеля канчаткова адбіла смак да палітыкі, пазбавіўшы яго палітычнага выбару. А калі няма выбару, дык пра што чытаць?»

Чаму дзяржава працягвае падтрымліваць афіцыйныя выданьні, калі падаюць ня толькі іх тыражы, але і ўплыў?

Падае жыцьцёвы ўзровень, а працаўнікі могуць і рубам адказаць на спробы прымусіць іх выпісваць казённыя лісткі

«Да пары да часу чыноўнікі спрабавалі вырашыць пытаньне падзеньня накладаў праз адміністрацыйныя захады. Як вядома, гэта савецкі досьвед — добраахвотна-прымусовая падпіска. Але чым далей, тым меней і гэта ўзьдзейнічае, бо ўсё ж такі і начальства баіцца перагінаць палку, бо падае жыцьцёвы ўзровень і людзі ня хочуць выпісваць тыя газэты, а працаўнікі могуць і рубам адказаць на спробы прымусіць іх выпісваць казённыя лісткі. Але ўсё ж у нас наверсе сядзяць прапагандысты старой загартоўкі, таму ўсё роўна будуць выдзяляцца грошы, бо, як сказаў аднойчы самы вялікі начальнік — „ідэалёгія не прыватызуецца“. То бок хай сабе гэта будзе тапорна, хай сабе дубова, але ўсё роўна хай мэдыі будуць у дзяржаўных руках. Робяцца, вядома, нейкія захады кшталту стварэньня мэдыяхолдынгаў, але гэта падобна да таго, як некалі ствараліся калгасы. Бо калі сагнаць некалькі газэт у большую гаспадарку, гэта не азначае, што падвысіцца якасьць мэдыяпрадукту, бо заганная сама дзяржаўная манаполія на мэдыі. У іншай краіне іх бы адпусьцілі ў вольнае плаваньне, а там хто выжыве ва ўмовах канкурэнцыі на мэдыярынку, той і выжыве. Выжыць магчыма за кошт лепшай і хутчэйшай падачы інфармацыі, глыбейшай і ўзважанай аналітыкі. Але ў нас гэта азначае падкоп пад падмурак палітычнай сыстэмы, якую стварыў Лукашэнка. Таму, пакуль будзе трываць гэтая палітычная сыстэма, мяркую, застанецца і такая дэфармаваная мэдыйная сфэра».

Паводле заяўленых у сёньняшніх газэтах дадзеных, падпіска «Советской Белоруссии» — 400 тысяч экзэмпляраў, «Звязды» — 20 тысяч, «Камсамолкі» — 36 тысяч. «Сваты — заготовки» маюць апошні наклад 176 тысяч, «Народный доктор» з сэрыі «Толока» — 98 тысяч.