Ці можа Кітай замяніць Беларусі Расею? Аналізуюць Класкоўскі і Злотнікаў

Ці сапраўды пачалася кітайская экспансія ў Беларусі, ці могуць тут кітайцы пасунуць сваімі ініцыятывамі расейцаў? Ці магчымая эканамічная супраца Менску і Пэкіну без палітычных умоваў? Чаму Масква квола рэагуе на кітайскія праекты ў Беларусі?

Гэтыя пытаньні ў перадачы «Трайны ўдар — Экспэртыза Свабоды» абмяркоўваюць кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і эканаміст Леанід Злотнікаў. Вядзе перадачу Валер Каліноўскі.

Беларусь як ключавы вузел новага кітайскага «шаўковага шляху» ў Эўропу

Каліноўскі: Беларусь прыцягвае інвэстыцыі з Кітаю, даючы ў індустрыяльным парку «Вялікі камень» беспрэцэдэнтныя падатковыя льготы. Кітайска-беларускі індустрыяльны парк мае стаць ключавым вузлом новага кітайскага «шаўковага шляху» ў Эўропу. Беларусь імкнецца завязаць кітайскіх вытворцаў на беларускі рынак. У адказ Кітай на дзяржаўным узроўні паспрыяў, каб беларускія вытворцы як мага хутчэй атрымалі кітайскія сэртыфікаты на экспарт у Кітай сельгаспрадукцыі. Сустрэчы на высокім і найвышэйшым узроўні паміж Кітаем і Беларусьсю, якія адбываліся ў траўні і чэрвені, замацоўваюцца дамовамі аб інвэстыцыях і крэдытах.

На мінулым тыдні ў Беларусі пабывалі 50 кітайскіх навукоўцаў, якія хочуць ініцыяваць глыбокае вывучэньне новай для сябе краіны. Выглядае, што Кітай хоча замацавацца тут сурʼёзна.

Давайце, калегі, абмяркуем, чаго хочуць бакі ў гэтым супрацоўніцтве, якія інтарэсы ў Беларусі і Кітаю і якая наконт гэтага пазыцыя Расеі.

Першае пытаньне я б хацеў задаць палітолягу Аляксандру Класкоўскаму. Аналітыкі часта сьцьвярджаюць, што за кошт разьвіцьця беларуска-кітайскага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Аляксандар Лукашэнка хоча зьменшыць залежнасьць Беларусі ад Расеі і ўмацаваць свае пазыцыі на перамовах з Масквой. Ці так гэта і якая ўвогуле вартасьць гэтых адносін для Пэкіну і Менску? Ці ўспрымае ўвогуле Кітай Беларусь як партнэра асобна ад Расеі?

Смажаны певень дзеўбануў — да Кітаю падштурхнулі канфлікты з Расеяй

Аляксандар Класкоўскі

Класкоўскі: Я ў нейкай ступені выступлю ў якасьці адваката дʼябла, таму што звычайна незалежныя камэнтатары досыць скептычна і нават іранічна камэнтуюць беларуска-кітайскую супрацу, усе гэтыя шматлікія візыты Лукашэнкі ў Пэкін, гэтыя патэтычныя развагі пра стратэгічнае партнэрства, нават такі тэрмін прыдумалі, як «усепагоднае сяброўства». Але калі ўдумацца, усё ж такі гэта ёсьць спроба разьвіваць тую самую шматвэктарнасьць, пра якую беларуская дыпляматыя балаболіла 25 гадоў. А потым нарэшце смажаны певень дзеўбануў. Я думаю, тут адбіліся гэтыя канфлікты з Расеяй, калі стала зразумела, што гэта ня проста «цёркі», а Расея зьмяншае субсыдыі Беларусі. Таму спахапіліся ў Менску. Лепей позна, чым ніколі. Асобная праблема, што ў нас прадукцыя ня вельмі канкурэнтаздольная, таму ў нас вялікае адмоўнае сальда.

Кітай вырваўся ў тэхналягічным пляне. Расея ж застаецца адсталай і далей дэградуе пад санкцыямі

Апрача таго, яшчэ два моманты я хацеў бы адзначыць. Кітай далёка вырваўся ў тэхналягічным пляне. Расея ж адсталая ў гэтым сэнсе краіна, цяпер пад заходнімі санкцыямі яна хутчэй дэградуе. Там надта нічога ня возьмеш. А Кітай ужо здольны даць Беларусі перадавыя тэхналёгіі.

Але ўсё ж Кітай Расею ў агляднай пэрспэктыве не заменіць — зь дзьвюх прычын.

Па-першае, хоць і меней, але Расея дае субсыдыі. Вось у красавіку сустрэліся Пуцін з Лукашэнкам — зноў газ са зьніжкай прададуць, 24 мільёны тон нафты, крэдыт на 800 мільёнаў... Сёе-тое падкінулі на падтрыманьне штаноў.

Ну, і другі момант у чыста вайсковым пляне: расейскі ядзерны парасон — гэта рэч, якая адпачатку надавала Лукашэнку сьмеласьць яшчэ ў тыя часы, калі ён супраць падступнага монстра НАТО выступаў. А Кітай, калі што, — ён за Беларусь у вайсковым пляне заступацца ня будзе.

Кітай глядзіць чыста прагматычна

Каліноўскі: А навошта Кітаю «беларускі пляцдарм» у Эўропе?

Класкоўскі: Я думаю, што Кітай глядзіць чыста прагматычна. Гэта з боку Лукашэнкі гучыць, што мы тут станем для вас трамплінам, пляцоўкай. А для Кітаю гэта проста зьвяно іх стратэгіі «Адзін пояс — адзін шлях». Груба кажучы, Беларусь як такі транспартны лягістычны хаб. А ўсё астатняе — гэта як пра Нью-Васюкі.

Каліноўскі: Кітай пагадзіўся даць 1 мільярд крэдыту Беларусі на рэканструкцыю двух НПЗ, гэтая рэканструкцыя была замарожаная ў сувязі зь нядаўнім нафтагазавым канфліктам Расеі і Беларусі. Фактычна Кітай гатовы тут замяніць Расею. Кітайская кампанія «CITIC Group» паабяцала інвэставаць каля 1,5 млрд даляраў у рэалізацыю новых праектаў у Беларусі — у аграпрамысловай, сельскагаспадарчай і нафтахімічнай сфэрах. Пры гэтым ранейшую кітайскую крэдытную лінію ў 15 мільярдаў даляраў, якая была дэкляраваная, так і ня выбралі. Ці зьмянілася ўжо сытуацыя, ці магчымы паток кітайскіх інвэстыцый і крэдытаў у Беларусь, якія маглі б пацясьніць расейскія? Ваша меркаваньне, Леанід Злотнікаў.

Інтарэсы Кітаю ў Беларусі задавальняюцца

Леанід Злотнікаў

Злотнікаў: Спачатку я б зрабіў заўвагу, што трэба адрозьніваць інвэстыцыі ад крэдытаў. Таму што кітайскія інвэстыцыі ў Беларусь невялікія, цяпер разам з паркам «Высокі камень» яны складаюць каля 1 мільярда даляраў, а ў Казахстан кітайцы ўжо ўклалі 42 мільярды даляраў. Хоць насельніцтва там усяго ў 1,7 раза больш, чым у Беларусі.

Я б сказаў, што яны ня вельмі давяраюць беларускаму рэжыму і беларускай эканоміцы, калі яны сюды ня ўкладваюць грошы. Яны даюць крэдыты, але гэта зусім іншая опэра. Вядома, Кітай усюды перасьледуе свае эканамічныя інтарэсы, яго не турбуе ні свабода, ні дэмакратыя ў іншых краінах. А інтарэсы Кітаю тут задавальняюцца. Таму што кітайскія крэдыты зьвязаныя, яны даюць сюды пад іх і рабочых, і праекты, і ня меней за палову крэдыту павінна быць кітайскае абсталяваньне. Яны гэтыя грошыкі адбіваюць, не чакаючы, калі Беларусь верне крэдыт. Але потым яшчэ Беларусь доўга будзе разьлічвацца.

Каліноўскі: Намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі, сустаршыня Беларуска-Кітайскага міжурадавага камітэту па супрацоўніцтве Мікалай Снапкоў да асноўных прынцыпаў супрацоўніцтва аднёс патрэбу прыярытэту эканомікі, а не, як ён сказаў, палітычнай каньюнктуры. Таго самага беларускі ўрад дамагаецца ад Захаду. Ці гатовы Кітай супрацоўнічаць зь Беларусьсю без усялякіх палітычных мэтаў і выгадаў? Аляксандар Класкоўскі, як мяркуеце?

Нерэфармаваная беларуская эканоміка мала можа Кітаю прапанаваць

Класкоўскі: Ведаеце, гэта якраз Расея сваю дапамогу звычайна абумоўлівае ці галосна, ці закулісна нейкімі палітычнымі патрабаваньнямі. А вось што тычыцца Кітаю, то тут гэта не прасочваецца. Кітай выяўляе найперш эканамічны прагматызм. І ў гэтым пляне для Беларусі сапраўды былі б вялікія магчымасьці ад гэтай супрацы, калі б не адно «Але», але вельмі істотнае. Гэта тое, што большасьць відаў беларускай прадукцыі неканкурэнтаздольныя. Мы найперш гонім калій туды. А вось цяпер хваляцца, што будуць пастаўляць малако, ёгурты, але гэта ўсё, як Лукашэнка сказаў, чайнымі лыжкамі. Таму пытаньне ў тым, што беларуская эканоміка нерэфармаваная, і мы мала што можам Кітаю прапанаваць. Таму ў двухбаковым гандлі вялікае адмоўнае сальда для Беларусі.

Каліноўскі: А ў палітычным, так бы мовіць, гандлі?

Класкоўскі: Увесь гэты звон, ведаеце, ён піяраўскі, прапагандысцкі — пра стратэгічнае партнэрства і гэтак далей. Хаця, шчыра кажучы, тут Беларусь перасьледуе і палітычныя мэты ў пэўнай ступені.

Беларуска-кітайскі «Палянэз» — шпілька на адрас Расеі

Вось такі яскравы прыклад, калі з дапамогай Кітаю Беларусь займела рэактыўную сыстэму залпавага агню «Палянэз». Гэта ў пэўнай ступені было зроблена ў піку Расеі. Хоць тут Маскве цяжка дакараць беларусаў, бо Лукашэнка неаднойчы папракаў Крэмль, што не даюць сучасную зброю. Ну, вы не даяце, а кітайцы дапамаглі. Гэта ў пэўнай ступені замена расейскага «Іскандэра», гэта такая шпілька Маскве.

Каліноўскі: Ва ўмовах эканамічнага спаду ў Расеі Беларусі патрэбныя новыя рынкі збыту. У траўні ўрад Беларусі вызначыў плян па экспарце беларускіх тавараў у КНР, згодна зь якім у 2017 годзе экспарт тавараў і паслуг у КНР павінен скласьці 653 млн даляраў, у 2018-м — 806,6 млн, у 2019-м — 1 млрд 60,1 млн, у 2020-м — 1,5 млрд. Для параўнаньня, у 2016 годзе агульны абʼём беларускага экспарту тавараў і паслуг у Расею склаў 13,2 млрд даляраў Такім чынам, згодна з плянамі ўраду, толькі праз тры гады абʼём беларускага экспарту ў Кітай перавысіць 10% ад цяперашняга экспарту Беларусі ў Расею. Леанід Злотнікаў, многа гэта ці мала, каб істотна зьменшыць залежнасьць беларускіх вытворцаў ад расейскага рынку?

Злотнікаў: Па-першае, трэба адзначыць, што беларускі экспарт у Кітай у 5 разоў меншы за наш імпарт, мы экспартуем мала. Ці магчымы рост — я думаю, што гэтага напэўна ня здарыцца.

Занадта шмат ільготаў для кітайскіх інвэстыцый. Гэта абумоўлена палітычнымі мэтамі.

Але я хацеў бы павярнуць размову ў іншае рэчышча. Беларусі патрэбныя інвэстыцыі, і грошы, як той казаў, ня пахнуць, але занадта ўжо шмат ільготаў для кітайскіх інвэстыцыяў і надта добрыя ўмовы. Гэта відавочна зьвязана з палітычнымі мэтамі. Калісьці Лукашэнка сказаў пра прадпрымальнікаў, што дай ім палец, яны і руку адхопяць. Ён баіцца адраджэньня беларускага бізнэсу, сапраўдных прадпрымальнікаў, багатых і больш-менш свабодных, таму што гэта вядомая формула: спачатку сярэдні кляс, а потым дэмакратыя, а потым дыктатараў пад суд за карупцыю, як у Паўднёвай Карэі. Лукашэнку выгадныя кітайскія інвэстыцыі, яны бясьпечныя для яго.

Каліноўскі: Расейскія экспэрты ўжо кажуць пра пагрозы кітайскай экспансіі ў Беларусі, пра тое, што Кітай тут зацікавіўся тымі ж галінамі, што і Расея. Што Аляксандар Лукашэнка бачыць у расейскай дамінацыі пагрозу сувэрэнітэту Беларусі і спрабуе яе збалянсаваць Кітаем. Вядомы расейскі ўсходазнаўца Аляксей Маслаў у інтэрвію рэсурсу EADaily казаў, што Беларусь можа стаць апірышчам Кітаю ва Ўсходняй Эўропе і што нарошчваньне такога ўплыву КНР у абыход РФ ня можа не трывожыць Крэмль. Але Крэмль фактычна маўчыць. Чаму? Як думаеце, спадар Класкоўскі?

У Маскве пакуль што думаюць пра Лукашэнку: «Куды ён дзенецца з падводнай лодкі»

Класкоўскі: Гэта бʼюць у званы найперш такія вялікадзяржаўніцкія камэнтатары, і яны, я думаю, робяць з мухі слана. Цьвярозыя аналітыкі бачаць, што ніякім пляцдармам Кітаю Беларусь тут надта ня стане, бо як маеш грошы, дык для ўсіх харошы. Кітай наўпрост можа з Заходняй Эўропай працаваць, а Беларусь — гэта толькі як перавалачная база на новым «шаўковым шляху». Па-другое, яны бачаць, што і ў Беларусь экспансіі кітайскага капіталу няма. На сёньняшні дзень у Кітайска-беларускім індустрыяльным парку 13 кампаній. Гэта мала, гэта не адпавядае напалеонаўскім плянам афіцыйнага Менску на гэты конт. Калі рэзюмаваць, то ў Маскве пакуль што думаюць пра беларускага кіраўніка: «Куды ён дзенецца з падводнай лодкі».

Злотнікаў: Я таксама думаю, што ў Масквы асаблівых хваляваньняў быць не павінна, таму што Беларусь найперш зьвязаная з Расеяй па энэргарэсурсах, а гэта вельмі важная сувязь. Апрача таго, тут вялікае прарасейскае лобі ў сілавых структурах, насельніцтва мае прарасейскія настроі. Ёсьць моцныя сацыяльныя сувязі з Расеяй, і калі крута рваць з Расеяй, то Масква элемэнтарна можа тут зьмяніць рэжым.