У Беларусі знайшлі 240 тысяч «дармаедаў». Падатак сплацілі 5%

Міністэрства падаткаў і збораў разаслала больш за 240 тысяч паведамленьняў пра неабходнасьць сплаціць «падатак на дармаедаў», перадае БЕЛТА словы начальніка ўпраўленьня падаткаабкладаньня фізычных асобаў міністэрства Міхаіла Расолькі.

Ды збор сплацілі толькі каля 12 тысяч грамадзянаў, ад іх у бюджэт паступіла толькі 3,7 млн. У грамадзянаў ёсьць яшчэ месяц на сплату збору, кажа чыноўнік (на сайце ж міністэрства па-ранейшаму пазначана, што збор трэба было сплаціць не пазьней за 15 лістапада).

Роўна тыдзень таму паведамлялася, што збор сплацілі 10,8 тысячы «дармаедаў» з 73 тысяч знойдзеных. Пры гэтым паведамлялася, што каля 15 тысяч чалавек даказалі, што яны не «дармаеды».

«Падатак на дармаедаў» маюць плаціць тыя, хто «браў удзел у фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў» меней за 183 каляндарныя дні. Дэкрэт пра «падатак на дармаедаў» плянуецца скарэктаваць да канца году, у тым ліку плянуецца вызваліць ад падатку тых, хто знаходзіцца «ў цяжкіх жыцьцёвых сытуацыях».

У 2014 годзе Міністэрства эканомікі ацэньвала колькасьць «дармаедаў» у 404 тысячы чалавек, у 2015 годзе Белстат налічыў 413 тысяч. Колькі з тых 240 тысяч, якія на момант публікацыі атрымалі лісты, папраўдзе акажуцца «дармаедамі», невядома: лісты высылаюць у тым ліку нябожчыкам. Выдаткі на пошукі дармаедаў засакрэчаныя.