«Зьяжджаюць і не вяртаюцца». Рэпартаж з Дуброўна, якое страціла траціну насельніцтва

Мы едзем туды з Воршы. Чыгункі няма, а аўтобусы ходзяць часта: ад разу да трох у гадзіну. Наш — амаль увесь заняты. Дарога займае каля 25 хвілін.

Горад сустрэў новай аўтастанцыяй і плякатам «Капітальны рамонт вул. Старапаштовая» каля яго — ён рыхтуецца да абласных «Дажынак» і атрымаў на гэтыя мэты больш за 15 мільёнаў рублёў.

Але на аднаўленьне галоўнай славутасьці гораду — бэрнардынскага кляштару — грошай не знайшлося. Трохпавярховы комплекс з замураванымі ўваходамі стаіць побач з аўтастанцыяй.

Мы ў левабярэжнай частцы Дуброўна — менавіта тут цэнтар гораду. Забудова збольшага прыватная. Шматкватэрныя дамы — ад трох да пяці паверхаў. Пасьля капітальнага рамонту яны выглядаюць прыстойна.

Іван Іванавіч жыве ў Дуброўне ўсё жыцьцё, каля 40 гадоў працаваў на вэтэрынарнай станцыі. Цяпер на пэнсіі, атрымоўвае 350 рублёў. Мы сустрэлі яго на галоўнай вуліцы гораду — Камсамольскай, ідзем у бок ягонага дому.
— Добра зарабляць у нас можна на ільнозаводзе — але праца там толькі для 200 чалавек. Яны атрымоўваюць рублёў 600 і добры сацпакет. Маладзёны зьяжджаюць адразу пасьля школы — збольшага ў Воршу — і не вяртаюцца. Людзі сярэдніх гадоў — ад 30 да 45 — зьяжджаюць у Расею. Нават зь вёсак працаздольныя зьбіраюцца ды арганізавана едуць туды — яны ж у сэзон зарабляюць па 200 рублёў, а зімой за што жыць? Мае дзеці зьехалі ў Наваполацак.

Школы скарачаюць. За апошнія гады закрылі ў Арловічах, Баброве, Лядах, Пірагах, Сіпішчаве. Зь верасьня дзяцей адтуль пачнуць вазіць на аўтобусах. Але якая даярка зможа пасадзіць малога на аўтобус, калі ад шостай ранку трэба ісьці рабіць?
На разьвітаньне наш суразмоўца паказвае на рог сваёй вуліцы — да нядаўняга часу там працаваў філіял Аршанскага малочнага камбінату.
— Абсталяваньне вывезьлі й зачынілі вароты, — дадае ён.

Былы малочны комплекс — сярод прыватнага сэктару. Падыходзім да варот, і адразу жанчына, праяжджаючы на ровары, выкрыквае: «Завод не працуе». На тэрыторыі сапраўды нікога няма.
Побач сустракаем Аркадзя Пятровіча. Ён прыехаў у Дуброўна ў 1990 годзе, працаваў у каапэратыве, займаўся рамонтам ды ажаніўся тут.

— Маслазвод закрылі гады тры таму, там мая цешча працавала, але сышла ў «зялёны інтэрнат» (на могілкі. — РС). Таксама тут побач быў цагляны завод — яго закрылі гадоў 10 таму, нават сьцены разабралі — адна труба засталася. Зьяжджаюць хто ў Воршу, хто ў Расею. У асноўным прыватнай гаспадаркай выжываем — прадаём уласную садавіну й гародніну.
Высокая цагляная труба прыводзіць нас на месца былога заводу. Ад яго амаль нічога не засталося. Цяпер тут поле, дзе пасьвяцца каровы й конь.

Гуляем па левабярэжным Дуброўне. Кінутыя дамы сустракаюцца рэдка. Шмат дагледжаных, часта бачым добра адбудаваныя. На адным — надпіс «Продаж» з нумарам тэлефона гаспадароў. Дарогі ў прыватным сэктары збольшага без асфальту. Пасьля дажджу ісьці вельмі нязручна.

Сустракаем Валянціну Васільеўну. Гэтая пажылая жанчына шмат гадоў рабіла на камбінаце бытавога абслугоўваньня, а пазьней на камбінаце прамысловых тавараў. Абодва ўжо закрытыя.
— Працы няма, жывём дрэнна. Вытворчасьць амаль уся спынілася. Закрылі прадпрыемствы, дзе чалавек 150 працавала: камбінат прамысловых тавараў (швейны, шпагатны цэхі і г.д.), камбінат бытавога абслугоўваньня (гадзіньнікавая майстэрня, шавецкі цэх, цэх пашыву, хімчыстка і г.д.).
Ільнозавод стаяў на каленях. Прыехаў Лукашэнка і зрабіў мадэрнізацыю. Цяпер ён працуе ў тры зьмены, там багата тэхнікі. Зарабляюць рублёў 500. Мая дачка на ім працуе. Я там акцыянэр: пэрыядычна выдаюць ручнікі, прасьціны ды іншую бялізну. Зараз кітайцы прыяжджаюць ды забіраюць: раней стосы кіляграмаў па 30 былі, але яны запатрабавалі па 50.

Жанчына нясе ў дом вядро выкапанай бульбы.
— Наш дом адным з апошніх рамантуюць. Шмат чаго ня робяць з таго, што рабілі астатнім дамам: уцяпленьне ня робяць, вокны не мяняюць, толькі падмажуць, пафарбуюць, — скардзіцца яна.

Дубровенскі льнозавод працуе на другім беразе Дняпра, на самым ускрайку гораду. Першае, што кідаецца ў вочы, калі перайшлі раку па мосьце — тут не вядуцца працы да «Дажынак». Школу не рамантуюць, не мяняюць дарожнае пакрыцьцё, не кладуць плітку на тратуары.

У цэлым горад прыемна зьдзівіў — восеньскае сьвята насамрэч зьмяняе яго аблічча, хаця б у цэнтры: тут адрэстаўравалі дзясяткі будынкаў, і працы яшчэ ня скончаныя. Але калі размаўляеш зь мясцовымі, даведваесься пра праблемы, якіх не заўважаеш зь першага позірку.

Прыкладна такі самы адток насельніцтва — каля траціны — маюць Бешанковічы й Нароўля. Хоцімск зь Бераставіцай страцілі чвэрць. У колькасьці жыхароў, а не ў адсотках, адмоўныя лідэры — Бабруйск (мінус 14 тысяч), суседняя з Дуброўнам Ворша й Барысаў (па мінус 7 тысяч).

Дуброўна — 7-тысячны горад на Віцебшчыне — з 1993 году страціў 29% насельніцтва. Гэта найгоршы паказчык сярод усіх райцэнтраў.