Дварковіч раіць расейцам менш есьці, Лаўроў пагражае Эўразьвязу «ўзаемнасьцю»

Сяргей Лаўроў, архіўнае фота

У Санкт-Пецярбургу праходзіць Міжнародны эканамічны форум. Прысутныя на ім расейскія чыноўнікі зрабілі шэраг гучных заяваў.

Віцэ-прэм’ер ураду Расеі Аркадзь Дварковіч заявіў, што ў цяперашняй эканамічнай сытуацыі расейцам трэба больш працаваць і меней траціць часу на розныя «сьняданкі»:

«Агульнае адчуваньне ў мяне такое, што нам неабходна ўсім у краіне, перш за ўсё, больш і лепш працаваць і атрымліваць ад гэтага задавальненьне — можа, за кошт меншага часу на сьняданак», — параіў суайчыньнікам урадовец.

Экс-кіраўнік Міністэрства фінансаў Расеі Аляксей Кудрын выказаў перакананьне, што горшыя часы яшчэ наперадзе:

«Расея знаходзіцца ў паўнавартасным крызісе, у другім-трэцім кварталах расейцы ўбачаць падзеньне эканомікі. Ня маюць рацыі тыя, хто выпраўляе супрацоўнікаў у адпачынак і адмяняе надбаўкі, лічачы, што лета можна ператрываць і ўвосень будзе лягчэй. Увосень ня будзе лягчэй, увосень звальненьні працягнуцца».

Аляксей Кудрын на форуме

Банкір і былы ўрадовец Герман Грэф у кулюарах форуму працягнуў думку Аляксея Кудрына, сказаўшы журналістам РБК-ТБ, што крызіс расейскай эканомікі будзе працягвацца ўвесь бягучы год і частку наступнага, а наперадзе краіну чакаюць неплацяжы і банкруцтвы:

«У наступным годзе можна гаварыць пра рэцэсію, але ніяк не пра рост. Пакуль я ня бачу крыніцаў для росту. Аднаўленчы рост магчымы, але, хутчэй за ўсё, мы будзем круціцца вакол нуля».

Абмяркоўваліся на форуме і міжнародныя санкцыі, арышт расейскіх актываў у некаторых краінах Эўразьвязу. Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў, у прыватнасьці, запэўніў, што адказам на арышт дзяржаўных актываў Расеі ў Эўропе стане «ўзаемнасьць»:

«Гэта непазьбежна. Нашы эканамічныя апэратары зьбіраюцца прасіць расейскі суд арыштаваць уласнасьць замежных кампаніяў зь дзяржаўным удзелам».

Ігар Шувалаў на паседжаньні форуму

А вось першы віцэ-прэм’ер Ігар Шувалаў абвінаваціў эўрапейцаў у фактычнай эскаляцыі сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны. Праграму Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства» ён назваў памылкай, вынікам якой стаў, сярод іншага, крызіс ва Ўкраіне:

«Я доўгі час назіраў за разьвіцьцём парадку дня „Ўсходняга партнэрства“ і перакананы, што сам парадак, само рашэньне Эўразьвязу прапанаваць такі фармат было найглыбейшай памылкай. Тая памылка прывяла да жалю вартых наступстваў, якія мы сёньня назіраем ва Ўкраіне».