Эўрапарлямэнтары распачалі кампанію салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі

Эўрапарлямэнтары, якія прадстаўляюць розныя фракцыі Эўрапейскага парлямэнту, сталі апекунамі шасьцёх беларускіх палітвязьняў.

Такая ініцыятыва пад назвай «Парлямэнтары за свабоду» (MEP4Freedom) абвешчана ў Брусэлі падчас сустрэчы сваякоў палітвязьняў Мікалая Статкевіча, Ігара Аліневіча, Мікалая Дзядка, Юр’я Рубцова, Яўгена Васьковіча і Арцёма Пракапенкі з віцэ-прэзыдэнтам партыі «Альянс лібэралаў і дэмакратаў за Эўропу» (ALDE), прадстаўніком лібэральнага руху Літвы Пятрасам Аўштрэвічусам, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

«Эўропа павінна быць вольная ад палітзьняволеных і перасьледу за палітычныя погляды. Я ўпэўнены, што ЭЗ павінен працягваць ціск і заклікаць да вызваленьня палітвязьняў перад самітам „Усходняга партнэрства“ ў Рызе», — заявіў Пятрас Аўштрэвічус.

Жонка палітвязьня Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч сказала БелаПАН, што эўрадэпутаты будуць сачыць за лёсам палітвязьняў, дзейнічаць у іх абарону і падтрымку.

Яна адзначыла, што гэта «акт салідарнасьці і яркае пацьвярджэньне таго, што беларускія палітвязьні не забытыя і тэма парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі таксама не забытая ў Эўрапарлямэнце, нягледзячы на геапалітычныя ўзрушэньні».

Прэс-служба «Альянсу лібэралаў і дэмакратаў за Эўропу» адзначыла, што становішча з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца з 1994 году, калі Аляксандар Лукашэнка стаў прэзыдэнтам. Пры ягоным кіраўніцтве аўтарытарны ўрад выкарыстоўвае комплекс абмежавальных законаў і захадаў перасьледу, у выніку чаго правы чалавека ў Беларусі сыстэматычна парушаюцца.

Апазыцыя, грамадзянская супольнасьць і праваабаронцы знаходзяцца ва ўразьлівым становішчы, адчуваюць няспынны ціск і маргіналізацыю адносна такіх правоў, як свабода аб’яднаньняў і свабода слова, надзвычай важных для існаваньня здаровай і сучаснай дэмакратыі.