Першамайскія затрыманьні ў Гомлі: міліцыя западозрыла інваліда ў крадзяжы ровара, Філіповіча пільнуюць

Андрэй Макараў, архіўнае фота

У Гомлі міліцыянты працягваюць прэвэнтыўна затрымліваць дэмакратычных актывістаў. Уранку на вуліцы Карповіча побач са сваім домам затрыманы інвалід былой савецкай арміі Андрэй Макараў.

«Мы жывём побач, — расказвае сябра АГП Мікалай Ісачанка. — Дамовіліся сустрэцца на вуліцы. Макараў выйшаў першым. Памахаў перад домам рукою. І тут, парушаючы правілы дарожнага руху, пад’ехаў міліцэйскі ЎАЗік і двое амапаўцаў у чорнай уніформе павялі Макарава пад рукі ў міліцэйскую машыну. У двары я заўважыў яшчэ двух „шунявак“ у цывільным, якія сьцераглі пад’езд».

У Магілёве і Слоніме — прэвэнтыўныя затрыманьні, першамайскія акцыі сарваныя

Жонка Макарава Натальля схадзіла ў Цэнтральны РАУС, куды адвезьлі яе мужа.

«У дзяжурнай частцы мне сказалі, што Андрэя падазраюць у крадзяжы ровара. Маўляў, нічога страшнага, ён жа не ў кайданках. Зь ім пагутараць гадзіну ці паўтары і адпусьцяць», — распавяла Натальля.

Андрэй Макараў стаў інвалідам, калі служыў у паветрана-дэсантных войсках. Іх падразьдзяленьне кінулі на разгон дэманстрантаў у Азэрбайджане ў 1990 годзе. Там ён атрымаў удар жалезным прутом у правае брыво і вока. Пасьля дэмабілізацыі працаваў на прадпрыемстве Таварыства сьляпых «Віпра», але яно збанкрутавала. Жыве Макараў зь сям’ёю на ягоную сьціплую пэнсію па інваліднасьці.

У сакавіку інваліда Макарава ўжо аштрафавалі на 25 базавых велічыняў за ўдзел у «Маршы недармаедаў», які адбыўся ў Гомлі 19 лютага. А яшчэ праз тыдзень яго прызналі вінаватым у закліках на несанкцыянаваную акцыю пратэсту, распаўсюджаных праз Facebook. Суд пакараў інваліда Макарава 7 суткамі арышту — паводле артыкулу 23.34 КаАП.

Віктар Рубцоў, архіўнае фота

1 траўня каля свайго дому прэвэнтыўна затрыманы і ўдзельнік акцый пратэсту «недармаедаў», сын палітэмігранта Юр'я Рубцова Віктар Рубцоў.

А напярэдадні міліцыя схапіла каля дома ў Навабеліцкім раёне гораду нібыта за брыдкаслоўе журналіста-фрылансэра Яўгена Меркіса, які ў рэжыме онлайн асьвятляў акцыі пратэсту «недармаедаў» у розных гарадах Беларусі. З пастарунку Меркіса адвезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе ён цяпер і знаходзіцца. Мяркуецца, што 2 траўня над фрылансэрам адбудзецца суд за дробнае хуліганцтва.

Яўген Меркіс, архіўнае фота

Калегі мяркуюць, што Яўгена прэвэнтыўна затрымалі, каб ён ня змог 1 траўня весьці жывую трансьляцыю зь мітынгу, які зьбіраюцца праводзіць у Гомлі дэмакратычныя актывісты. Мітынг дазволены, заяўнік — сябра партыі «Зялёныя» Юрась Глушакоў. Пачатак а 12-й гадзіне на пляцоўцы каля ДК Таварыства глухіх «Віпра».

Блогер Максім Філіповіч заяўляе, што за ім сочаць праваахоўнікі, «запрашаюць» на «прафіляктычную гутарку».