У Беларусі вызначылі, куды накіраваць заробленыя на суботніку грошы

Суботнік, ілюстрацыйнае фота

Міністэрства фінансаў Беларусі вызначыла (PDF) парадак пераліку грошай, заробленых на агульнадзяржаўным суботніку, заплянаваным (PDF) на 21 красавіка.

Згодна з пастановай, органы дзяржаўнага кіраваньня і мясцовыя ўлады маюць пералічыць сабраныя на суботніку грошы, у тым ліку сабраныя «на працоўных месцах, у аб’ёмах, вызначаных дабраахвотна работнікамі», на рахункі раённых і гарадзкіх выканкамаў. Калі ў суботніку бяруць удзел некамэрцыйныя арганізацыі, іхныя работнікі таксама могуць добраахвотна ўносіць грошы, якія таксама перавядуць раённым і гарадзкім выканкамам.

З раённых і гарадзкіх выканкамаў грошы на суботнік пералічваюцца на рахункі абласных выканкамаў (або Менгарвыканкаму), а тыя ўжо пераводзяць 50% сабраных грошай на рахунак Міністэрства фінансаў.

Грошы зь Мінфіну будуць накіраваныя Мінздароўя «на закупку мэдыцынскага абсталяваньня для менскай гарадзкой клінічнай лякарні хуткай дапамогі ў мэтах арганізацыі дадатковых кругласутачных пастоў для аказаньня мэдыцынскай дапамогі, а таксама рэзэрвовых ложкаў на выпадак экстранай шпіталізацыі ўдзельнікаў і гасьцей II Эўрапейскіх гульняў 2019 году».

Грошы аблвыканкамаў накіруюць «на добраўпарадкаваньне і прывядзеньне ў належны стан населеных пунктаў, у тым ліку аграгарадкоў, мэмарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, пахаваньняў воінаў і партызанаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама на падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых і спартова-аздараўленчых лягераў да летняга сэзону».

Замежныя і незалежныя беларускія экспэрты называюць суботнікі адной з формаў прымусовай працы, забароненай у Беларусі паводле міжнародных пагадненьняў, падпісаных краінай.

Ці ёсьць у Беларусі рабства?