Санкцыі супраць Ірана зьнятыя

Фэдэрыка Магерыні і Джавад Зарыф на прэсавай канфэрэнцыі

Санкцыі Захаду супраць Ірана ў сувязі зь ядзернай праграмай Тэгэрана ад сёньня адмяняюцца ў сувязі з выкананьнем іранскімі ўладамі ўзятых на сябе міжнародных абавязальніцтваў.

Пра гэта абвесьціла прадстаўніца Эўразьвязу па зьнешняй палітыцы Федэрыка Магерыні на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з кіраўніком МЗС Ірана Джавадам Зарыфам у Вене.

Эўразьвяз і Іран выступілі з сумеснай заявай аб прызнаньні выкананьня Тэгэранам міжнародных абавязальніцтваў.

Зьняцьцё санкцый азначае выхад Ірана зь міжнароднай ізаляцыі. Размарожваюцца шматмільярдныя актывы Ірана ў замежных банках. Адкрываюцца магчымасьці для экспарту іранскай нафты. Іран атрымлівае вялікія магчымасьці для тэхналягічнага абнаўлення эканомікі, прамысловасьці. У прыватнасьці, ужо абвешчана пра набыцьцё Іранам найноўшага пасажырскага лайнэра, што стане першым крокам да замены самалётаў састарэлага авіяцыйнага парку краіны.

Чакаецца, што ў Іран пойдуць шырокія заходнія інвэстыцыі. Агульны эфэкт ад зьняцьця санкцый можа вымярацца многімі дзясяткамі мільярдаў даляраў ЗША.

Два з паловай гады працягваліся дыпляматычныя высілкі ЗША, Эўразьвязу, Велікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны, Расеі, якія зрабілі магчымым дасягненьне цяперашняга выніку, сказаў дзяржсакратар ЗША Джон Кэры, выступаючы перад журналістамі ў Вэне. Ён падзякаваў Швэйцарыі і Аўстрыі ў спрыяньні дасягненьню пагадненьня, а таксама адзначыў важную ролю самой іранскай дэлегацыі ў працяглым перамоўным працэсе.

15 ліпеня 2015 Іран і краіны «шасьцёркі» дасягнулі пагадненьня па іранскай ядзернай праграме ў абмен на адмену санкцый супраць Ірана. У адпаведнасьці з пагадненьнем Іран павінен дапусьціць інспэктараў МАГАТЭ на свае ядзерныя аб’екты. Краіны Захаду, у сваю чаргу, абавязаліся пакрокава здымаць з Ірана санкцыі.

16 студзеня 2016 году, у суботу, МАГАТЭ абвесьціла, што Іран выконвае ўмовы па адмове ад сваёй ядзернай праграмы, адкрыўшы такім чынам шлях да адмены міжнародных санкцыяў.