«Мая пазыцыя адназначная: гэты дэкрэт павінен быць адменены», — Ганна Канапацкая пра заяву Лукашэнкі

Ганна Канапацкая

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая пракамэнтавала карэспандэнту Свабоды заявы Аляксандра Лукашэнкі наконт дэкрэту № 3, які ён «не адмяняў і нават не прыпыняў».

«Мая пазыцыя адназначная: гэты дэкрэт парушае Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, парушае міжнародныя нормы, удзельнікам якіх зьяўляецца Беларусь, і ён павінен быць адменены. Са свайго боку я падала заяву ў Палату прадстаўнікоў, каб Палата прадстаўнікоў ініцыявала разгляд гэтага дэкрэту ў Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь. Я лічу, што згодна зь дзейнай Канстытуцыяй адмяніць дэкрэт можа Канстытуцыйны суд».

Паводле Ганны Канапацкай, грамадзяне Беларусі маюць права згодна з Канстытуцыяй выказваць сваю пазыцыю адносна дэкрэту, «у тым ліку на мірных вулічных сходах».

Чаму менавіта цяпер Аляксандар Лукашэнка зноў заяўляе, што не адступіць ад дэкрэту № 3, якога ён «не адмяняў і нават не прыпыняў»? На гэта пытаньне дэпутатка Канапацкая адказала так:

«Я думаю, магчыма, ён разумее, што сваімі дзеяньнямі ён зьбіў хвалю пратэстных настрояў, магчыма, што народ напужаны і ня выйдзе цяпер ужо на вуліцы. Магчыма, таму, што тую частку грамадзтва, якая была беспрацоўнай, была спроба неяк працаўладкаваць. Шэраг фактараў».