Караткевіч патрабуе пакараць Лукашэнку

Belarus -- People walk past a poster bearing the image of Belarusian President Alyaksandr Lukashenka as his supporters collect signatures to register him as a candidate for the October 11 presidential elections, in Minsk, September 19, 2015

Кандыдатка на прэзыдэнта Беларусі Тацяна Караткевіч падала скаргу ў Цэнтральную выбарчую камісію на свайго суперніка Аляксандра Лукашэнку. Яна патрабуе, каб Цэнтравыбаркам вынес яму афіцыйнае папярэджаньне за злоўжываньне адміністратыўным рэсурсам. З гэтай прычыны 2 кастрычніка ЦВК правядзе незаплянаванае пасяджэньне, паведаміла сёньня на сваёй прэсавай канфэрэнцыі старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына.

Сутнасьць скаргі Свабодзе выклаў кіраўнік выбарчага штабу прэтэндэнткі Андрэй Дзьмітрыеў:

«Яна ў тым, што ў выбарчай кампаніі Лукашэнкі выкарыстоўваюцца тыя ж самыя сымбалі, якія выкарыстоўваюцца і для агульнай прапаганды ідэі выбараў. Мы лічым, што гэта ёсьць выкарыстаньне адміністратыўнага рэсурсу. Бо гэтыя сымбалі цяпер паўсюль. Напрыклад, на майках, што прадаюцца ў менскім ГУМе. Мы нават зрабілі спэцыяльныя фатаздымкі, якія прыкладаем да скаргі».

Спадарыня Караткевіч у сваёй скарзе піша, што мэдыі, якія паведамляюць пра выбарчую гонку, выкарыстоўваюць у сваіх матэрыялах спэцыяльны лягатып. Формай ён нагадвае галачку з колерамі беларускага дзяржаўнага сьцяга.

«Ідэнтычны элемэнт афармленьня выкарыстоўваецца і ў агітацыйнай кампаніі кандыдата Лукашэнкі, што зьяўляецца прыхаванай формай агітацыі з боку дзяржаўных СМІ за аднаго з кандыдатаў», — напісана ў скарзе.

У якасьці канкрэтных прыкладаў прыводзіцца ўжываньне гэтага сымбалю на афіцыйным сайце «Выбары — 2015» і на тэлеканале АНТ. А на майках, якія прадаюцца ў ГУМе, нанесены слоган выбарчай кампаніі Лукашэнкі — «За будучыню незалежнай Беларусі».

Выбарчы кодэкс дазваляе зьняць зарэгістраванага кандыдата з выбараў нават пасьля першага сур’ёзнага парушэньня ім выбарчага заканадаўства. А ўжываньне адміністратыўнага рэсурсу, як і, напрыклад, выкарыстаньне кандыдатам замежных грошай, адносіцца да такіх цяжкіх парушэньняў — тлумачыць спэцыяліст у галіне выбараў Сяргей Альфер. Але Лідзія Ярмошына, на яго погляд, зробіць усё, каб даказаць, што тут парушэньняў з боку Лукашэнкі няма:

«Возьмем тыя ж майкі. Ярмошына ўжо кажа, што іх выпусьціла камэрцыйная, а не дзяржаўная структура. Яны ідуць у продаж, і тут няма выкарыстаньня грашовых сродкаў кандыдата. Але я прапаную зыходзіць з наступнага: усё ж гэты кандыдат — дзейны кіраўнік дзяржавы. І ў яго ёсьць магчымасьці, хоць даказаць гэта і вельмі цяжка, уплываць, каб камэрцыйныя структуры за свой кошт выпусьцілі прадукцыю, якая адпавядае слогану, эмблеме ягонай выбарчай кампаніі. І гэта — прыхаваная агітацыя.

Я ня ведаю, іх купляюць ці не купляюць. Але ж можна дамовіцца, каб іх хтосьці купляў. А потым яшчэ і раздаваў. І што тут скажаш? Што хачу, тое са сваім і раблю. Яшчэ раз паўтару — тут ёсьць прыхаваная агітацыя».

Тое, што Аляксандар Лукашэнка, адзіны з чатырох кандыдатаў, не падаў заяўкі на ўдзел у тэледэбатах, наша радыё ўжо паведамляла. Сёньня Ярмошына ўдакладніла: паколькі прэтэндэнт адмовіўся ад дэбатаў, то права на іх ня будуць мець і яго давераныя асобы. А вось тры іншыя кандыдаты 3 кастрычніка могуць задзейнічаць замест сябе сваіх давераных асобаў. Аднак выбар яны павінны зрабіць не пазьней як за адну гадзіну да пачатку дэбатаў.

Сёньня ж Ярмошына сказала журналістам, што выбарчая кампанія — 2015 цалкам прафінансаваная. На правядзеньне першага туру зь бюджэту пералічылі больш за 170 мільярдаў рублёў. Гэта прыкладна 10 мільёнаў даляраў.