Журналіста Кастуся Жукоўскага аштрафавалі і пазбавілі пасьведчаньня кіроўцы

Кастусь Жукоўскі

На гомельскага журналіста-фрылянсэра Кастуся Жукоўскага, якога міліцыя пры затрыманьні прыкавала кайданкамі да дрэва, склалі ў ДАІ адразу два адміністрацыйныя пратаколы — за непадпарадкаваньне і абразу, пазбавіўшы пры гэтым на 1 год пасьведчаньня кіроўцы.

«З абласной аўтаінспэкцыі мяне адвезьлі ў суд Цэнтральнага раёну, — расказаў сам Жукоўскі. — Там судзьдзя Аляксандар Піскуноў аштрафаваў мяне паводле двух пратаколаў на 21 базавую велічыню (483 рублі). Я прызнаў, што сказаў на адрас падпалкоўніка, які мяне затрымліваў, пару грубаватых словаў. У мяне сёньня шмат грамадзкіх справаў, а ён ні зь сяго, ні з таго цягне мяне ў ДАІ. Ну, была б позва і я б не прыйшоў — іншая рэч. А то еду па вуліцы са здымкаў справы блогера Філіповіча, а мяне спыняюць і патрабуюць тэрмінова ў аўтаінспэкцыю — як наўмысна».

Але яшчэ больш Кастуся Жукоўскага абурыла пазбаўленьне на год пасьведчаньня кіроўцы.

«Праз аўтаінспэкцыю і міліцыю мне помсьцяць за маю журналісцкую дзейнасьць. Адабраўшы пасьведчаньне кіроўцы, мяне пазбаўляюць магчымасьці хутка перамяшчацца і здымаць падзеі», — кажа журналіст.

Жукоўскі толькі адʼехаў на прыватнай машыне ад будынку суду пасьля здымкаў паседжаньня ў адміністрацыйнай справе блогера Філіповіча, як яго спыніў падпалкоўнік ДАІ.

Не называючы сябе, запатрабаваў дакумэнты. Паглядзеўшы, загадаў ехаць у ДАІ — на той падставе, што раней Жукоўскі нібыта парушыў правілы дарожнага руху ў Добрушы. Калі кіроўца заўпарціўся, падпалкоўнік выклікаў падмогу, і міліцыянты гвалтам прыкавалі яго кайданкамі да дрэва.

Сёлета на падставе міліцэйскіх пратаколаў суды чатыры разы штрафавалі Жукоўскага за нібыта незаконны выраб прадукцыі СМІ для спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат».

Пяты штраф Жукоўскаму вынес намесьнік начальніка Гомельскай мытні за фатаздымкі на памежным пераходзе «Новая Гута». Агульная сума штрафаў з улікам сёньняшняга склала 5543 рублі.