Класкоўскі: шанцы, што Захад больш паблажліва ацэніць гэтую кампанію, прыкметна падвышаюцца

Аляксандар Класкоўскі

Тое, што дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў сталі два дэмакратычныя кандыдаты, падвышае шанцы на пазытыўнае стаўленьне Захаду да вынікаў парлямэнцкіх выбараў у Беларусі.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказаў палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі.

«Улады пад заслону гэтай кампаніі, якая выклікала шмат крытыкі з боку апазыцыі і назіральнікаў, зрабілі даволі моцны па беларускіх палітычных мерках ход. Яны вырашылі збалянсаваць гэты масіў нэгатыву, які, пэўна ж, увойдзе ў справаздачу назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ, тым, што прапусьцілі ў ніжнюю палату дзьвюх прадстаўніц апазыцыі.

Справа ў тым, што звышзадача беларускіх уладаў па выніках гэтых выбараў — захаваць трэнд нармалізацыі дачыненьняў з Захадам. Цяпер шанцы, што Захад больш паблажліва ацэніць гэтую кампанію, прыкметна падвышаюцца. Бо калі сюды прыяжджалі эўрапейскія функцыянэры, то некаторыя зь іх фактычна адкрытым тэкстам казалі — будзе ў парлямэнце апазыцыя, будзем з вамі весьці справы. Хацелі апазыцыі — вось маеце», — кажа аналітык.

Аляксандар Класкоўскі лічыць, што ўваход у Палату прадстаўнікоў двух дэмакратычных кандыдатаў — гэта яшчэ і вельмі хітры ход, які наносіць удар па апазыцыі:

«Гэты крок сутыкае ілбамі паміж сабой апазыцыянэраў. Ён у пэўнай ступені дэзавуюе апрыёрныя заявы апазыцыі, што выбары несумленныя. Бо, мяркуючы па ўсім, тая ж Абʼяднаная грамадзянская партыя не захоча адмаўляцца ад мандату для сваёй вылучэнкі — усё ж такі гэта трыбуна, гэта рупар, хай сябе і ў недэмакратычным парлямэнце. А калі так, то, кажучы шахматнай мовай, для апазыцыі ўзьнікае пэўная вілка. Крычалі, што выбары несумленныя — а вось, бачыце, ваша прадстаўніца, тым ня меней, там засядае.

Акрамя таго, гэта параза Тацяны Караткевіч. На думку некаторых назіральнікаў, улады такім чынам пастараліся шчоўкнуць па носе экс-кандыдатку ў прэзыдэнты».

Тое, што выбар уладаў паў менавіта на Ганну Канапацкую і Алену Анісім, невыпадкова, упэўнены Класкоўскі.

«Тут з боку ўладаў усё вельмі тонка прадумана. Калі б прапусьцілі, напрыклад, кагосьці з ЛДП — на Захадзе сказалі б, што гэта не апазыцыя. У „Гавары праўду“ таксама неадназначная рэпутацыя сярод апазыцыі. А АГП — гэта трывалы апазыцыйны брэнд, тут ніхто ня скажа, што партыя дэкаратыўная ці спарынг-партнэр улады. Між тым, натуральна, не маглі з АГП прапусьціць Хашчавацкага ці нейкіх іншых вядомых харызматыкаў. А Ганна Канапацкая — гэта адносна невядомая фігура, і зь ёй мець справу прасьцей, чым зь нейкім раскручаным палітыкам, у якога вялікі досьвед палітычных баёў, як той самы Лябедзька ці Лагвінец — зразумела, такім фігурам уваход у Палату прадстаўнікоў забаронены на сёньняшні дзень.

Што тычыцца Алены Анісім, то яна і падчас агітацыйнай кампаніі не адзначалася радыкалізмам, і паводле брэнду ТБМ яна, відавочна, будзе найперш прасоўваць нейкія культурніцкія тэмы, ставіць пытаньні аб пашырэньні ўжываньня беларускай мовы, а гэта якраз уладам зручна. З аднаго боку — вось, глядзіце, гэта такая мяккая апазыцыянэрка (бо ў нас традыцыйна беларускасьць асацыюецца з апазыцыяй). А зь іншага боку, улады спакваля прасоўваюць трэнд мяккай беларусізацыі, і ім выгадна праз тую ж Алену Анісім гэтыя ідэі прасоўваць, а ў выпадку чаго разводзіць рукамі перад Масквой і казаць, што гэта ж ня мы, гэта апазыцыя», — кажа палітычны аналітык.