«Корпус блёку ўжо ў нас, і мы яго ўжо нікому не аддамо», — інжынэр Беларускай АЭС

Першы энэргаблёк беларускай АЭС абяцаюць запусьціць у 2018 годзе.

Чыноўнікі, зьвязаныя зь беларускай атамнай электрастанцыяй, распавялі БЕЛТА пра вынікі году і далейшыя пляны.

Поўнамаштабны мантаж асноўнага абсталяваньня першага энэргаблёку Беларускай АЭС мае пачацца ў 2016 годзе, сьцьвярджае намесьнік міністра энэргетыкі Міхал Міхадзюк, работы ідуць па графіку. Таксама ў наступным годзе пачне паступаць абсталяваньне для другога энэргаблёку.

Першы энэргаблёк мяркуецца запусьціць у лістападе 2018 году, другі — у ліпені 2020-га, але, кажа галоўны інжынэр дзяржпрадпрыемства «Беларуская АЭС» Анатоль Бондар, розьніца ў часе паміж запускамі можа скараціцца. Тэмпы працы дазваляюць запусьціць другі энэргаблёк хутчэй, у бягучым годзе работы вяліся на пляцоўках абодвух блёкаў.

Корпус рэактару для першага энэргаблёку будзе дастаўлены на будаўнічую пляцоўку 24 сьнежня. Ён праехаў складаным шляхам: спачатку з валгадонскага «Атаммашу» аўтатранспартам да Цымлянскага вадасховішча на поўдні Расеі, адтуль да Вялікага Ноўгараду рачным шляхам, далей да Астраўца чыгункай. Корпус дастаўлены на беларуска-расейскую мяжу 18 сьнежня, афармленьне мае скончыцца каля 16:15. Ён важыць 330 тон, мае вышыню 13 мэтраў і дыямэтар 4,5 мэтры.

«Корпус ужо ў нас, і мы яго ўжо нікому не аддамо», — сказаў Бондар.

Паліва для рэактару будзе пастаўляць расейская кампанія ТВЭЛ, холдынг у складзе дзяржаўнага «Расатаму», — распавядае ён. Канкрэтныя тэрміны паставак пакуль не ўдакладняюцца.

Сумарны кошт абсталяваньня для АЭС ацэньваецца ў 3 млрд даляраў, пакуль абсталяваньня закуплена на 2,1 млрд даляраў.

Беларуская АЭС будуецца побач з гарадзкім пасёлкам Астравец у Гарадзенскай вобласьці. Мяркуецца, што яна будзе складацца з двух энэргаблёкаў сумарнай магутнасьцю 2400 МВт.

У Літве занепакоеныя блізкасьцю да Вільні станцыі зь нявыпрабаванымі раней ядзернымі рэактарамі.

Гендырэктар «Расатаму» Сяргей Кірыенка сёлета на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў, што «аналягаў гэтай станцыі няма пакуль у сьвеце, яна самая сучасная, самая бясьпечная». Але шэраг экспэртаў устурбаваны якраз тым, што расейскае абсталяваньне не прайшло належных выпрабаваньняў, іншыя кажуць, што не дасьледаваная належным чынам пляцоўка для будаўніцтва.