Лукашэнка апошні ў чарзе да Пуціна

Аляксандар Лукашэнка прызямліўся ва Ўфе

Кіраўнік беларускай дзяржавы сёньня прыбыў ва Ўфу. Прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі называе ягоную паездку працоўным візытам. Чакаецца, што 8 і 9 ліпеня «беларускі лідэр прыме ўдзел у мерапрыемствах, якія зьвязаныя з правядзеньнем сустрэч на вышэйшым роўні міждзяржаўнага аб’яднаньня БРІКС і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва». Акрамя таго, у Лукашэнкі заплянаваныя сустрэчы на двухбаковым роўні.

8 ліпеня Аляксандру Лукашэнку не было патрэбы асабліва сьпяшацца ва Ўфу. Расейскія арганізатары вырашылі падзяліць мерапрыемствы. Сёньня ўсё праходзіць толькі ў межах БРІКС. БРІКС — гэта група з пяці краінаў (ангельскае BRICS — скарачэньне ад Brazil, Russia, India, China, South Africa). Беларусь у гэтую групу не ўваходзіць. А ці запросяць гасьцей форуму на непасрэдныя перамовы кіраўнікоў БРІКС, дакладна невядома. Найхутчэй, кантакты адбудуцца, але ўжо ў фармаце — кіраўнікі краін БРІКС з запрошанымі лідэрамі іншых краін.

Да нядаўняга часу лічылася, што менавіта гэтая група краін забясьпечыць бурны рост усясьветнай эканомікі. Аднак, як адзначаюць аналітыкі, краіны БРІКС падышлі да свайго форуму ня ў лепшай форме. Расея і Бразылія ў рэцэсіі, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка топчацца на месцы, кітайская эканоміка замаруджваецца, і толькі Індыя дэманструе высокія паказьнікі эканамічнага росту.

Вось такая сёньня рэальнасьць у БРІКС, групе краін, якая яшчэ некалькі год таму была лякаматывам усясьветнай эканомікі.

Аляксанадр Лукашэнка ў аэрапорце Уфы

Што ж у такім выпадку цікавіць Лукашэнку ў БРІКС? «Магчымасьць атрымаць грошы», — лічыць эканамічны аглядальнік Алесь Герасіменка:

«Структуры тыпу БРІКС і ШАС могуць быць цікавыя Беларусі, на мой погляд, як патэнцыйныя фінансавыя донары. Хоць у асобных чальцоў гэтых арганізацыяў справы цяпер ідуць ня вельмі добра (у Бразыліі запавольваньне эканомікі, а ў Расеі — яшчэ большае), але з улікам маштабу гэтых краін, іх капіталаёмістасьці, сёе-тое Беларусь можа атрымаць ад узаемадзеяньня з гэтымі структурамі. Але як яно будзе пабудавана, гэтае ўзаемадзеяньне, на якіх прынцыпах — гэта ўжо іншая справа».

Для Лукашэнкі паездка ва Ўфу — гэта магчымасьць яшчэ і двухбаковых кантактаў. З кім канкрэтна ён там правядзе перамовы, беларускі бок не паведамляе. А вось расейскія крыніцы даюць інфармацыю пра тое, што Ўладзімер Пуцін плянуе сёньня, акрамя паседжаньня БРІКС, правесьці яшчэ пяць асобных сустрэч. У сьпісе «пяцёркі» ёсьць і Аляксандар Лукашэнка. Пуцін прыняў яго апошнім. Гаворка ішла пра гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, якое ўскладніў валютны крызіс у Беларусі і Расеі.

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна ў Уфе