Лукашэнка прызнаў важнасьць зьезду, які прывёў да абвяшчэньня БНР 

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

«Першы Ўсебеларускі зьезд 1917 году прадэманстраваў каштоўнасьці, значныя для цяперашняга дня». Пра гэта гаворыцца ў прывітаньні Аляксандра Лукашэнкі, якое ён накіраваў удзельнікам канфэрэнцыі «Падзеі 1917 году ў гістарычным лёсе Беларусі».

Ліст зачытаў першы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Максім Рыжанкоў.

«Падзеі 1917 году спрыялі імкненьню беларусаў жыць у сваім доме. Ідэя самавызначэньня Беларусі, якая ішла зьнізу, ад ініцыятывы народных масаў, выказалася ў скліканьні Першага Ўсебеларускага зьезду. Гэты народны сход прадэманстраваў найважнейшыя каштоўнасьці, значныя для нас да цяперашняга дня: свая дзяржава, яе сацыяльны характар і той факт, што толькі народ, яго воля, калектыўны розум і лідэры могуць стаць сапраўднай крыніцай незалежнасьці», — цытуе Аляксандра Лукашэнку БелТА.

«Зьвяртаючыся на сёньняшніх Усебеларускіх народных сходах да думкі тых, хто сваёй працай стварае нашы багацьці, мы бачым і іншы ўрок гісторыі нашай дзяржаўнасьці: толькі адзінства ўсіх нас, усяго нашага беларускага народу зьяўляецца гарантам выбару і захаваньня самастойнага шляху разьвіцьця», — падкрэсьліў Лукашэнка.

Ён акцэнтаваў увагу на тым, што акурат на зьезьдзе 1917 году выразна прагучала фундамэнтальная ідэя — стварэньне нацыянальнага ўнівэрсытэту.

Зьезд, які прывёў да абвяшчэньня БНР

Першы Ўсебеларускі зьезд быў скліканы Вялікай беларускай радай і цягам 5–17 сьнежня 1917 году працаваў у Менскім гарадзкім тэатры.

На яго сабраліся блізу 2 тысяч дэлегатаў — беларускія палітычныя дзеячы з усіх губэрняў. Старшынёй быў абраны кіраўнік Беларускай вайсковай рады Янка Серада, будучы першы старшыня Рады БНР.

Зьезд абвясьціў права беларускага народу на незалежнасьць і самавызначэньне, а таксама на дэмакратычны ўрад. 17 сьнежня будынак, у якім праходзіў кангрэс, быў акружаны бальшавіцкімі атрадамі, дэлегатаў разагналі.

Рада і Выканаўчы камітэт працягвалі дзейнасьць у падпольлі. Пазьней яны адыгралі важную ролю ў абвяшчэньні Беларускай Народнай Рэспублікі.