Максіма Вінярскага аштрафавалі на 9,45 мільёна рублёў

Максім Вінярскі, архіўнае фота

27 траўня ў Фрунзенскім судзе Менску адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы актывіста Максіма Вінярскага.

Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях — устаноўчым сходзе Беларускага нацыянальнага кангрэсу — 15 траўня і акцыі «Праспэкт нацыянальнага сьцяга», якая адбылася 14 траўня. А таксама ў непадпарадкаваньні міліцыі. За ўдзел у акцыях судзьдзя Быкоўская пакарала Вінярскага штрафам у 45 базавых велічынь.

Пратаколы за непадпарадкаваньне адпраўлены на дапрацоўку.

Максім Вінярскі напісаў у Фэйсбуку, што папярэдзіў судзьдзю пра адказнасьць. Ён падзякаваў сябрам за падтрымку.

«Салідарнасьць — гэта сьвятое», — напісаў актывіст.

24 траўня ў Менску пачаўся разгляд адміністрацыйных спраў супраць удзельнікаў устаноўчага сходу Беларускага нацыянальнага кангрэсу, які 15 траўня прайшоў у парку імя Янкі Купалы.

Адным зь першых быў асуджаны да штрафу былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч. Судзьдзя Цэнтральнага раённага суду Вікторыя Шабуня прызнала яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай вулічнай акцыі і аштрафавала на 30 базавых велічынь — гэта 6 мільёнаў 300 тысяч рублёў.

Паводле назіральнікаў, на актыўных удзельнікаў устаноўчага сходу было складзена больш за 20 пратаколаў. У тым ліку на Мікалая Статкевіча, Уладзімера Някляева, Вячаслава Сіўчыка, Генадзя Фядыніча, Леаніда Кулакова, Сяргея Мацкойця ды іншых.