У менскім мэтро зьявіцца бясплатны Wi-Fi. Насуперак заяве дырэктара

Ілюстрацыйнае фота

Прыватны правайдэр «Дзелавая сетка» ў 2018 годзе запусьціць на станцыях «Купалаўская» і «Кастрычніцкая», а таксама ў пераходзе між імі, бясплатную публічную Wi-Fi-сетку, паведамілі прадстаўнікі правайдэра сайтам Onliner.by і Tut.by.

Як сьцьвярджае правайдэр, праект пакуль пілётны (гэта значыць, пры патрэбе можа быць пашыраны хоць на ўсе станцыі). Ужо правялі ацэначныя работы і тэхнічныя замеры.

Пры гэтым за два дні да анонсу ад «Дзелавой сеткі» дырэктар менскага мэтро Ўладзімер Сотнікаў выказваў сумневы ў патрэбе Wi-Fi у мэтро: маўляў, пасажыры праяжджаюць у сярэднім сем перагонаў між станцыямі, праводзяць пад зямлёй 14–15 хвілінаў, а на станцыях ёсьць доступ да мабільных сетак, таму «ўзьнікае пытаньне, ці гэты час без інтэрнэту ніяк ня вытрываць», ды й «пасажыры, утаропіўшыся ў смартфоны, рызыкуюць».

Тым часам мабільная сувязь дазваляе карыстацца інтэрнэтам на плятформах менскага мэтро, але ў тунэлях між станцыямі сыгналу недастаткова ня толькі для інтэрнэту, але часам і для тэлефанаваньняў. Тры мабільныя апэратары запусьцілі тэставы 3G-участак між станцыямі «Малінаўка» і «Пятроўшчына» яшчэ ў чэрвені 2016 году, але пра пляны пашырыць праект на іншыя тунэлі дагэтуль ня кажуць.

Скарыстацца бясплатным публічным Wi-Fi у Беларусі можна, толькі даўшы пашпартныя зьвесткі (або паказаць пашпарт упаўнаважанаму чалавеку, каб атрымаць пароль, або атрымаць пароль праз SMS, бо пашпартнымі зьвесткамі тады падзеліцца апэратар). Да красавіка 2016 году для запуску Wi-Fi на транспарце быў патрэбен адмысловы дазвол.

«Пашпартнае» патрабаваньне называюць адной з прычынаў малога распаўсюду «вулічнага» інтэрнэту ў Беларусі, якім маглі б скарыстацца турысты і які распаўсюджаны ва ўсіх суседніх краінах. У Эўразьвязе цяпер заплянавалі зрабіць бясплатныя пункты доступу Wi-Fi нават у малых населеных пунктах.

У рэйтынгу самых «разумных» гарадоў сьвету няма беларускіх