«Як верыць такім камісіям?» — на Гарадзеншчыне суды скасавалі рашэньні выбаркамаў аб нерэгістрацыі кандыдатаў

На Гарадзеншчыне праз рашэньні судоў кандыдатамі ў дэпутаты зарэгістраваныя яшчэ тры прэтэндэнты. Гэта прадстаўнікі дэмакратычных палітычных партыяў і незалежныя кандыдаты.

У Гарадзенскім абласным судзе ўжо разгледжаныя пяць скаргаў на адмовы выбарчых камісіяў у рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты.

У трох выпадках адмовілі ў рэгістрацыі на той падставе, што здадзеныя ў камісію копіі працоўных кніжак не былі завераныя па месцы працы або натарыяльна.

Аднак суд у гэтых выпадках прызнаў, што Гарадзенская абласная выбарчая камісія адмовіла прэтэндэнтам неправамерна. Суд прызнаў іхнія скаргі абгрунтаванымі і абавязаў выбарчыя камісіі зарэгістраваць кандыдатаў у дэпутаты.

Кандыдат ад руху «Гавары праўду» Сяргей Мякека

Актывіст руху «Гавары праўду» Сяргей Мякека (вылучаецца па Гарадзенскай-Ленінскай выбарчай акрузе № 52) кажа, што быў уражаны адмовай у рэгістрацыі.

— У законе чорным па белым напісана, што кандыдат у дэпутаты, падаючы дакумэнты ў камісію, не павінен іх завяраць. А 13 сябраў камісіі галасуюць супраць закону, бо такую прапанову ўнёс старшыня камісіі. Я вось гэтым самым зьвяртаю ўвагу на тое, хто ўваходзіць у склад камісіяў. Нам казалі, што гэта вопытныя людзі, з досьведам, самыя лепшыя. Але яны элемэнтарна ня ведаюць выбарчага заканадаўства — тут паўстае вялікае пытаньне да сябраў і акруговых, і абласной камісіі, бо відавочная іх поўная некампэтэнтнасьць.

Антон Вайцехаў, актывіст незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», вылучаны партыяй АГП па Дзятлаўскай выбарчай акрузе № 56, сёньня накіраваўся ў Дзятлава. Там ужо атрымалі рашэньне суду, і Вайцехаў кажа, што ўсе забегалі, бо яго не ўключылі ў сьпіс для выступу на тэлебачаньні і радыё, а цяпер тэлефануюць і ня ведаюць, што рабіць.

Антон Вайцехаў, кандыдат у дэпутаты ад АГП

— Па сутнасьці, яны затрымалі маю выбарчую кампанію на дзесяць дзён, а я за гэты час мог бы шмат зрабіць. І я цяпер ня ведаю, як гэта расцэньваць, бо прычыны банальныя — сябры камісіі, відавочна, не чыталі выбарчага заканадаўства, дзе ўсё вельмі дакладна напісана. Але самае жахлівае, калі я падаваў скаргу, сябры камісіі сьмяяліся зь мяне, сядзелі і гулялі ў тэлефон. Калі я зрабіў ім заўвагу, то мяне папросту абразілі.

Скаргу незалежнага кандыдата Максіма Штэйнвальда, які балятуецца па Гарадзенскай Цэнтральнай выбарчай акрузе № 51, абласны суд задаволіў сёньня. Штэйнвальд кажа, што ўсе подпісы сабраў самастойна і адчуў, што людзі яму давяраюць, а таму і вырашыў ісьці да канца. Ён таксама абураны стаўленьнем сябраў акруговай камісіі да яго.

Максім Штэйнвальд, незалежны кандыдат

— У акруговай камісіі 13 сябраў, у абласной яшчэ столькі ж, але людзі падымаюць аднагалосна рукі, не задаючы нават ніякіх пытаньняў. Як так можа быць? Яны сядзяць там, каб найперш дапамагаць прэтэндэнтам у кандыдаты, а ня проста казаць, што я сфальсыфікаваў дакумэнты, бо падаў незавераную копію працоўнай кніжкі. Я буду працягваць кампанію, мне здаецца, што пасьля рашэньня суду сілаў у мяне дадалося і я здолею яшчэ сябе паказаць.

Назіральнік ад БХК Раман Юргель, які прысутнічаў на судах, кажа, што рашэньні нечаканыя. Паводле ягонага досьведу, раней у судах нечага падобнага не назіралася. Але ён кажа, што варта найперш зьвярнуць увагу на камісіі, якія беспадстаўна прымаюць рашэньні аб нерэгістрацыі таго ці іншага кандыдата.

Раман Юргель, назіральнік ад БХК

— Мне цяпер нават цяжка нешта думаць пра гэтыя камісіі. Калі казаць пра звычайную некампэтэнтнасьць — то там жа лепшыя, з досьведам, правераныя... Зь іншага боку, гэта можна назваць і фальсыфікацыяй, бо ў законе запісана адно, а сябры камісіяў аднагалосна прымаюць антызаконнае рашэньне. Уявіце сабе, што разглядаецца трэцяя справа ў судзе, а намесьнік старшыні абласной камісіі зноў кажа суду, што падтрымлівае рашэньне акруговай камісіі аб нерэгістрацыі. Як гэта разумець? Гэта ж на такім узроўні. А што будзе пры падліку галасоў? Як верыць такім камісіям?