«Калі падвысяць пэнсійны ўзрост, давядзецца людзей з працы забіраць адразу на могілкі» — жыхарка Гомеля

«Улада сьцьвярджае, што ў Беларусі неабходна падвышаць узрост выхаду на пэнсію. Як вы ставіцеся да гэтага?» На пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.

Your browser doesn’t support HTML5

Як вы ставіцеся да ідэі павысіць пэнсійны ўзрост? Адказваюць гамельчукі

Мужчына перадпэнсійнага веку: «З аднаго боку, станоўча, зь іншага — адмоўна. Станоўча, бо ўжо няма каму працаваць, няма каму адлічваць грошы ў пэнсійны фонд. Зь іншага боку, многія й да шасьцідзесяці гадоў не жывуць і не дапрацоўваюць».

42-гадовая жанчына: «З маім здароўем я да пэнсіі не дажыву, бо ў мяне ўжо інваліднасьць 3 групы».

Студэнт: «Хутчэй кепска, чым добра: ня ўсе людзі дажываюць да такога ўзросту. Думаю, што гэта будзе адчувальна, калі дабавяць пяць гадоў».

Пэнсіянэр: «Калі няма чым плаціць пэнсіі, то, відаць, давядзецца падымаць пэнсійны ўзрост».

52-гадовая жанчына: «Я думаю, што рабіць гэтага ня варта, бо давядзецца людзей з працы забіраць адразу на могілкі».

Студэнт-пяцікурсьнік: «Не хацелася б, каб падвышалі ўзрост. Але паколькі ў нас мала працаўнікоў — павінна, калі не памыляюся, быць мінімум трое працоўных на аднаго пэнсіянэра, а нас цяпер двое, — то, магчыма, і трэба». (Сьмеючыся, дадае:) «Нараджаць трэба больш і ствараць больш працоўных месцаў».

Жанчына ў гадах: «Адмоўна, бо ў нас нізкі ўзровень жыцьця. Людзі мала жывуць. Трэба, каб працавала моладзь — гэта найперш. Няма працы цяпер многім, і моладзі ў першую чаргу. Людзі, якія дасягнулі пэнсійнага ўзросту, няхай працуюць, калі хочуць. У іх трэба, каб была і пэнсія, і заробак. У такім разе палепшыцца ўзровень жыцьця».

Мужчына пэнсійнага ўзросту: «Магчыма, крыху й можна. Размовы ж ідуць пра пару гадоў».

Мужчына спартовага складу: «Асабіста я — супраць. Мне й бяз працы хапае занятку. У мяне байдарка ёсьць. Я сплавы раблю па рэчках Беларусі. Мне цікава і бяз працы».

Жанчына перадпэнсійнага веку: «Адмоўна. Думаю, што дастаткова й цяперашняга ўзросту, каб зарабіць сабе на старасьць».

Мужчына сярэдніх гадоў: «Проста мы не дажывём да яго».

Малады мужчына: «Я думаю, што ня варта падвышаць. Людзі ўсё-ткі зношваюцца. Думаю, што гэта адмоўна адаб’ецца і на прадукцыйнасьці працы, і на здароўі людзей».

Пэнсіянэрка: «У нашых умовах чалавек ня вытрымае, калі дабавіць яму пэнсійны ўзрост. Багатым не зразумець, як простыя людзі жывуць. Яны ня вытрымаюць. Цяпер і без таго працы няма. Трэба, каб усім была праца, а ў нас яе бракуе, у тым ліку й для маладых. Людзі пакутуюць бяз працы, душа на нітачцы ў іх трымаецца».