Пікеты апазыцыйнага кандыдата атакуюць разьюшаныя кабеты

Лоеўскі РАУС

Міліцыянты затрымалі жанчыну, якая ў Лоеве абражала ўдзельнікаў пікету кандыдата ў дэпутаты Аляксея Атрошчанкі.

Кандыдат у дэпутаты ад Абʼяднанай грамадзянскай партыі па Хойніцкай выбарчай акрузе № 47 Аляксей Атрошчанка з даверанай асобай Кастусём Жукоўскім ладзіў у Лоеве агітацыйны пікет. На вуліцы жыхарам паказвалі дакумэнтальны фільм пра мясцовую міліцыю, зьняты камэрай відэаназіраньня самога Лоеўскага РАУС.

У фільме распавядаецца, што 21 чэрвеня першы намесьнік начальніка лоеўскай міліцыі Ўладзімер Маджара разам з участковымі Андрэем Хічовым і Канстанцінам Карнавушанкам чынілі гвалт над журналістам-фрылансэрам Жукоўскім, затрыманым падчас відэаздымак мясцовага камбінату будматэрыялаў. Да затрыманьня спрычыніўся і сам начальнік міліцыі Ўладзімер Бухаўцоў.

«Пікет доўжыўся каля трох гадзін. Расказвалі людзям, што па Канстытуцыі не чыноўнікі, а народ — сапраўдны носьбіт улады. У нейкі момант на Кастуся Жукоўскага наляцела разьюшаная кабета, пачала абражаць. Выглядала гэта звычайнай правакацыяй. Мы патэлефанавалі ў міліцыю, але пакуль прыехаў нарад, кабета села ў белы „Мэрсэдэс“ № 17-99 і зьнікла. Праз колькі часу яна вярнулася, і міліцыянты, якія заставаліся на пікеце, затрымалі яе і павезьлі ў аддзел. Думаю, у хуткім часе мы дазнаемся, хто яна такая і чаму агрэсіўна паводзіла сябе», — сказаў кандыдат у дэпутаты Аляксей Атрошчанка.

Гэта, дарэчы, ня першы агітацыйны пікет, які атакуюць разьюшаныя кабеты. Некалькі дзён таму ў Хойніках, дзе месьціцца акруговая камісія № 47, мясцовая пэнсіянэрка таксама накінулася на агітацыйны пікет Атрошчанкі.

«Прэзыдэнт у нас як чалавек. А вы падонкі! Прэч адсюль, гады!» — крычала бабуля.

Потым яна павярнулася сьпінаю да пікету і, задраўшы спадніцу, стала трэсьці майткамі.

Пэнсіянэрка ажно выйшла на праезную частку вуліцы, працягваючы праклёны. Аўтамашыны спыняліся, назіраючы перадвыбарчую мізансцэну.