Ярашук: Атакі ўладаў на незалежныя прафсаюзы трапяць у справаздачу міжнародных экспэртаў

Аляксандар Ярашук, архіўнае фота

Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў неўзабаве падасьць у Жэнэву аналітычную справаздачу па сытуацыі з правамі працоўных і прафсаюзаў у краіне, сказаў Свабодзе лідэр арганізацыі Аляксандар Ярашук:

«Да 1 верасьня мы павінны даслаць гэты дакумэнт у Жэнэву. Робіцца гэта на адмысловы запыт Камітэту экспэртаў Міжнароднай арганізацыі працы. Пры МАП ёсьць такі камітэт, у які ўваходзяць 22 экспэрты-юрысты з усяго сьвету. Яны аналізуюць розныя дакумэнты. І нашу аналітыку, і справаздачу ўраду, і розныя іншыя меркаваньні. На гэтай выснове камітэт выносіць сваё заключэньне.

У нашым аналізе мы найперш адзначаем нядаўнія атакі ўладаў на незалежныя прафсаюзы. Мы падкрэсьліваем, што Беларусь ратыфікавала Канвэнцыю № 87 аб свабодзе асацыяцыяў. Тым самым улады ўзялі на сябе абавязаньні не рабіць перашкодаў для атрыманьня мясцовымі прафсаюзамі дапамогі ад іх братэрскіх арганізацыяў».

Звычайна штогод у студзені экспэрты выпускаюць у сьвет аналітычную справаздачу, у якой даюць ацэнку становішчу працоўных і прафсаюзаў у розных краінах сьвету. Беларусь апошнія гады нязьменна называецца ў такіх дакумэнтах сярод краін, дзе створаныя найгоршыя ўмовы для незалежных прафсаюзаў.

2 жніўня 2017 году супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі правялі ператрус і канфіскацыю кампутараў і фінансавых дакумэнтаў у офісе незалежнага прафсаюзу РЭП і цэнтральнага офісу БНП. Былі затрыманыя старшыня РЭП Генадзь Фядыніч і бухгальтар Ігар Комлік. Фядыніча дапыталі і адпусьцілі, а Комліка зьмясьцілі спачатку ў ізалятар часовага ўтрыманьня, а праз 3 дні — у СІЗА № 1.

10 жніўня Ігару Комліку было выстаўлена абвінавачаньне паводле артыкула 243, частка 2 («Ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры»). Меру стрыманьня Комліку пакінулі ранейшую — ён застаецца ў СІЗА. 11 жніўня абвінавачаньне выстаўлена і Фядынічу. Ён застаецца на волі пад падпіскай аб нявыезьдзе. Фядынічу і Комліку пагражае пакараньне ад 3 да 7 гадоў пазбаўленьня волі.