Пракурор просіць 8 гадоў для экс-выканаўчага дырэктара Беларусбанку Анатоля Багавіка

Анатоль Багавік

8 гадоў зьняволеньня просіць пракурор для былога выканаўчага дырэктара Беларусбанку Анатоля Багавіка, якога вінавацяць у атрыманьні хабару ў 94 тысячы даляраў і службовым злоўжываньні. Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, у экс-банкіра трэба канфіскаваць маёмасьць.

29 верасьня ў судовым працэсе па справе Анатоля Багавіка пачаліся судовыя спрэчкі. Падчас суду Багавік прызнаў віну ў атрыманьні хабару, але ня быў згодны, што перавышаў службовыя паўнамоцтвы, каб паўплываць на вынікі конкурсу на закуп банкаўскага абсталяваньня.

Між тым пракурор лічыць, што паводле абодвух інкрымінаваных Анатолю Багавіку артыкулаў Крымінальнага кодэксу ягоная віна ў судзе была даказаная. Паводле сьледзтва, цягам 2012–2013 гадоў Анатоль Багавік, у той час кіраўнік разьліковага цэнтру плястыкавых картак Беларусбанку, атрымаў 94 тысячы даляраў ад бізнэсоўца Генадзя Зубарава, чыя фірма пастаўляла Беларусбанку банкаматы, за прэфэрэнцыі ў выбары пастаўшчыка банкаматаў.

Што да другога абвінавачаньня — у службовым злоўжываньні, грашовага вымярэньня гэтага абвінавачаньня ня выяўлена. Але, паводле сьледзтва, у 2015 годзе Анатоль Багавік, калі ўжо працаваў выканаўчым дырэктарам банку, незаконна ўплываў на тэндэр па закупах банкаўскага абсталяваньня. «Абмяжоўваў канкурэнцыю» — мяркуе пракурор, які лічыць, што Анатоль Багавік нанёс гэтым істотныя страты праз кампрамэтацыю Беларусбанку, у якім 98% капіталу належыць дзяржаве.

Абаронца экс-банкіра аспрэчыла частку абвінавачаньняў. Так, паводле адвакаткі, Анатоль Багавік не аказваў адмысловага спрыяньня Банкаўскаму працэсінгаваму цэнтру ў пастаўках банкаматаў Беларусбанку. Дый у другім эпізодзе, пра ўплыў на тэндэрную камісію банку праз службовыя злоўжываньні, ён, паводле адвакаткі, не наўмысна перавысіў паўнамоцтвы, а проста памыліўся. Абаронца прасіла па гэтым эпізодзе Багавіка апраўдаць.

Чарга ў банкамат каля аддзяленьня Беларусбанку, архіўнае фота

Просячы даць Анатолю Багавіку мінімальнае пакараньне, адвакатка згадала, што ён быў адным зь першых у краіне адмыслоўцаў па ўвядзеньні плястыкавых банкаўскіх картак.

Што да асноўнага абвінавачваньня — у атрыманьні Анатолем Багавіком хабару ў памеры 94 тысячы даляраў, — адвакатка экс-банкіра з пракурорам не спрачалася.

На працэсе стала вядома, што 94 тысячы даляраў, якія, паводле сьледзтва, кіраўнік Банкаўскага працэсінгавага цэнтру Генадзь Зубараў пералічыў Анатолю Багавіку на рахунак на Кіпры, дагэтуль у Беларусь не вярнуліся.

Прысуд Аатолю Багавіку абвесьцяць 13 кастрычніка.