Беларусь і Польшча ўшануюць памяць Рафала Лемкіна, стваральніка паняцьця «генацыд»

Рафал Лемкін

Галоўныя вынікі першага візыту ў Менск дэлегацыі Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы пад кіраўніцтвам Ярослава Шарэка.

Дэлегацыя Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы ў часе візыту ў Беларусь 29–30 студзеня пабывала ў Менску, ва ўрочышчы Курапаты ля сталіцы і ў Бабруйску.

Як паведамілі Свабодзе ў амбасадзе Польшчы ў Беларусі, у Менску ў дэлегацыі ІНП былі сустрэчы ў МЗС, у Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, былі гутаркі з кіраўнікамі факультэтаў гісторыі і міжнародных дачыненьняў БДУ. У часе перамоваў бакі папярэдне дамовіліся стварыць супольны дыскусійны форум для гісторыкаў Польшчы і Беларусі.

Ярослаў Шарэк, архіўнае фота

Паводле старшыні Інстытуту нацыянальнай памяці Ярослава Шарэка, беларускі бок пазытыўна адрэагаваў на прапанову супольнага ўшанаваньня прафэсара Рафала Лемкіна, выдатнага навукоўца, стваральніка паняцьця «генацыд» у міжнародным праве, які нарадзіўся пад Ваўкавыскам на Гарадзеншчыне.

Кіраўнік ІНП ушанаваў закатаваных ахвяраў сталінізму ў Курапатах і прэзэнтаваў у Менску «Адукацыйную тэчку», прысьвечаную так званай «польскай апэрацыі» НКВД у 1937–1938 гадах. На вокладцы гэтай тэчкі зьмешчанае фота крыжа з Курапатаў.

«Летась мінула 80 гадоў з пачатку тых падзей, у выніку якіх згінула як мінімум 111 тысяч нявінных асобаў, забітых толькі за тое, што былі палякамі», — заявіў у ходзе візыту Шарэк.

Ці ўвекавечаць памяць польскіх легіянэраў у Бабруйску?

У Бабруйску дэлегацыя правяла перамовы зь мясцовымі ўладамі аб ушанаваньні памяці памерлых на тэрыторыі гораду польскіх легіянэраў, якія тут знаходзіліся ў 1918 годзе.

Фота з асабістага архіву гісторыка Ігара Мельнікава

Першы польскі корпус быў створаны ў царскай арміі ў часе першай сусьветнай вайны на тэрыторыі сучаснай Беларусі, у ім пад кіраўніцтвам генэрала Доўбар-Мусьніцкага былі сабраныя палякі, што ваявалі на фронце. Пэўны час першы корпус знаходзіўся ў Бабруйскай крэпасьці, вёў баявыя дзеяньні разам з атрадамі Рады БНР з Чырвонай арміяй. У Бабруйску на могілках пахавана каля 2000 салдат гэтага корпусу. Яны былі пахаваныя ў кургане, які быў пазьней зьнішчаны савецкай уладай у 1920-х гадах.

У польскай амбасадзе паведамілі Радыё Свабода, што размова ідзе не пра помнік, а пра мэмарыяльную шыльду памяці польскіх салдат, якія знаходзіліся ў 1918 годзе Бабруйскай крэпасьці, загінулі і пахаваныя на тэрыторыі крэпасьці, але там няма і знаку іхнай памяці.

«Гэтыя салдаты ўступілі ў створаную ў Бабруйску Польскую армію, але не змаглі вярнуцца на сваю радзіму, пра якую марылі. Там паміралі прадстаўнікі розных армій: расейскай, нямецкая, польскай, чэскай, і цяпер, можа, настаў час усім паставіць памятныя знакі, каб іх бачылі турысты, якія прыяжджаюць у крэпасьць», — сказаў прадстаўнік амбасады.

Між тым беларускі гісторык Уладзімер Ляхоўскі скрытыкаваў намер увекавечыць памяць пра польскіх легіянэраў у Бабруйску і Беларусі наагул. Паводле яго, у архівах захаваліся зьвесткі пра гвалтоўныя дзеяньні легіянэраў зь лютага па травень 1918 году, калі яны займалі «трохкутнік Рагачоў-Слуцак-Бабруйск-Лагойск».