Беларускі кальвадос, бальзамічны воцат і замарожаны хлеб — Расея хоча элітнага экспарту зь Беларусі

Ілюстрацыйнае фота

Беларускія тавары страцілі свае пазыцыі ў эканом-сэгмэнце расейскага рынку, але яшчэ могуць паспрачацца за прэміюм-спажыўца, лічаць імпартэры беларускіх тавараў з Расеі.

Найцудоўнешыя, найцікавейшыя, сапраўднае адкрыцьцё — расейскі экспэрт Аляксандар Альшэўскі не шкадаваў найлепшых словаў, каб апісаць свае ўражаньні ад беларускай прадукцыі, якую павязуць на экспарт у Расею.

На круглым стале пад назвай «Экспарт беларускай прадукцыі ў Расейскую Федэрацыю: чаго чакаць у 2016 годзе», асноўнай характарыстыкай беларускіх тавараў была адна — імпартазамяшчальныя.

Аляксандар Альшэўскі, генэральны дырэктар «Эўразійскага савету міжнароднага супрацоўніцтва», сябра Расейска-беларускага дзелавога савету, прадставіў на падзеі новаўтвораную структуру — кансалідаваны дыстрыбуйцыйны цэнтар беларускай прадукцыі ў Расейскай Фэдэрацыі.

Арганізацыя пад кіраўінцтвам Тацяны Глазуновай будзе дзейнічаць на тэрыторыі чатырох фэдэральных акруг Расеі — Сыбірскай, Далёкаўсходняй, Цэнтральнай і Паўночна-Заходняй. Праз цэнтар будуць заключацца кантракты на пастаўку беларускіх тавараў у Расею, а асабліва, як падкрэсьліла, Глазунова — тыя, якія пойдуць у Сыбір і Далёкі Ўсход. Менавіта новыя кантракты, паводле слоў экспэртаў, змогуць узьняць праселы за апошні гады беларускі экспарт.

З словаў Альшэўскага, у эканом-сэгмэнце беларускія вытворцы страцілі свае пазыцыі, бо беларуская сыстэма якасьці не дазваляе вырабіць танныя і якасныя прадукты, якія патрабуе спажывец гэтага сэгмэнту.

«Але за 2015 год беларускія вытворцы распрацавалі цікавыя імпартазамяшчальныя прадукты для цэнавых сэгмэнтаў сярэдняга, вышэй сярэдняга і прэміюм-клясу. Яны ня толькі замяшчаюць шэраг імпартных прадуктаў, але і перавышаюць іх па якасьці».

Так, «Гроднехлебпрам» будзе пастаўляць у Расею замарожаны хлеб, які раней туды пастаўлялі Галяндыя і Данія. Пасьля ўвядзеньня санкцый беларускія хлебапёкі плянуюць накарміць наведнікаў расейскіх рэстарацый элітнымі заварнымі хлябамі, зробленымі паводле стараўданіх рэцэптаў. А заварны хлеб са шпікам з Гарадзеншчыны Альшэўскі адзначыў як выбітны.

Бальзамічны воцат ад Слуцкага воцатнага заводу цалкам замяніў расейцам традыцыйны італьянскі — сьцвярджае Альшэўскі. Прадпрыемства «Здравушка-мілк» пастаўляе ў Расею «элітнейшыя сыры».

Сапраўдным адкрыцьцём для расейцаў, дый для беларусаў, стаў беларускі кальвадас, які вырабляецца на Ілаўскім прадпрыемстве ўжо нелькі гадоў. Андрэй Януковіч, дырэктар УП «Ілаўскае» апавядае, што рэцэптура распрацаваная ў супрацоўніцтве з навукоўцамі Акадэміі Навук, а сам сьпіртзавод у Ілаве працуе з 1832 году.

«Увесь час выраблялі сьпіртавую прадукцыю зь мясцовай сыравіны. Нас сёньня цешыць, што Расею цікавіць прадукцыя сэгмэнту сярэдняга і вышэй за сярэдні, бо вытворчасьць алькагольнай прадукцыі зь ягад і садавіны — гэта складана».

Мы плянуем замясьціць у Расеі францускі кальвадос. Санкцыі ёсьць, а ў нас ёсьць адзіны ў Беларусі прадукт

«Мы плянуем замясьціць у Расеі францускі кальвадос, — кажа Андрэй Януковіч. — Санкцыі ёсьць, а ў нас ёсьць адзіны ў Беларусі прадукт. Нашыя канкурэнты спрабуюць яго пачаць вырабляць, але мы наперадзе. Нават калі яны пачнуць вырабляць, то ў нас ужо ёсьць трохгадовы кальвадос, а ў іх — не. Праз два гады ў іх будзе двухгадовы, а ў нас ужо пяцігадовы. Дагнаць нас будзе цяжка».

Дырэктар кажа, што кальвадос прадаецца і ў Беларусі па паўлітра і ў залежнасьці ад маркі каштуе ад 120 тысяч беларускіх рублёў.

Экспэрт Аляксандар Альшэўскі прызнае, што пазыцыі беларускіх вытворцаў у Расеі аслаблі. Цяжкае становішча расейскага рубля, які за апошні год абясцэніўся прынамсі ў два разы, прымушае беларусаў задумацца, бо кантракты на пастаўкі заключаюцца ў расейскіх рублях.

Паводле Альшэўскага, беларусы ўжо страцілі свой традыцыйны рынак сухога малака, якое цяпер трапляе ў Расею з Кіргізстана. Кандытарскія вырабы, аж да простага пячэньня, цяпер у Расеі не «Камунарка» і «Слодыч», а казаскай выторчасьці. А ў нішы, якую займалі беларускія кансэрвы, ужо «сядзяць армянскія пастаўшчыкі», — кажа Альшэўскі.

Аднак у беларусаў яшчэ ёсьць шанец скарыстацца складанай палітычнай сытуацыяй у Расеі. Аляксандар Альшэўскі лічыць, што беларусы могуць разьлічаць на 80% рынку кансэрваў з садавіны і гародніны, сокаў і пюрэ для дзіцячага харчаваньня, які раней займалі ўкраінскія прадукты. Таксама беларусы могуць разлічваць на 30% кандытарскага рынку.

Сыстэма дзяржзакупак не абыдзецца безь беларускіх тавараў: сілавыя струкутры могуць купляць у беларусаў сушаную гародніну і харчовыя канцэнтраты. А беларускія сувэніры здольныя замяняць кітайскія — верыць Альшэўскі.