Рэкорднае апошняе слова Аляксандра Мураўёва: больш за 8 гадзін, 210 заўваг пракурору

Уладальнік «Мотавела» Аляксандар Мураўёў у час суду

У Фрунзенскім судзе Менску скончыўся працэс па справе кіраўнікоў заводу «Мотавела» Аляксандра Мураўёва, Казіміра Мароза і Тацяны Лукавец, якіх абвінавачваюць у службовых і эканамічных злачынствах. Прысуд у справе будзе абвешчаны 30 студзеня ў 11.30.

Сёньня выступаць з апошнім словам скончыў Аляксандар Мураўёў, былы галоўны мэнэджэр заводу і прадстаўнік замежнага інвэстара «АТ-холдынг». Аляксандар Мураўеў пачаў выступаць у чацьвер, 5 студзеня, і ўсяго гаварыў, паводле назіральнікаў за працэсам, больш за 8 гадзін. Падсудны не прызнаў сваёй віны і падрабязна патлумачыў суду, чаму ня лічыць сябе вінаватым, а мяркуе, што сьледзтва супроць яго вялося неабʼектыўна.

Паводле Аляксандра Мураўёва, падчас сьледзтва яго зьбівалі і ня толькі патрабавалі прызнаць віну, але і дамагаліся, каб ён сплаціў дзяржаве некалькі мільёнаў даляраў на пакрыцьцё стратаў, якіх, як ён лічыць, не наносіў. Між тым, паводле падсуднага, дагэтуль па справе незаконна арыштавана маёмасьці на 120 мільёнаў даляраў — гэта і асабістая маёмасьць Мураўёва, і акцыі ды маёмасьць заводу «Мотавела». Усяго ў апошнім слове Аляксандра Мураўёва было 210 заўваг адносна дзяржаўнага абвінавачаньня.

Пракурор запатрабавала для бізнэсоўца 12 гадоў зьняволеньня.

Таксама 30 студзеня прагучыць прысуд былому гендырэктару «Мотавела» Казіміру Марозу і ягонай намесьніцы Тацяне Лукавец.

Жанчыне пракурор Крысціна Асран запатрабавала 5 гадоў зьняволеньня, яе былому начальніку — 5 гадоў абмежаваньня волі, гэтак званай «хатняй хіміі». На працэсе стала вядома, што за Казіміра Мароза заступіўся былы «мэр» Менску Мікалай Ладуцька, які цяпер фактычна кіруе заводам «Мотавела».