Чарнавус падаў заяўку на народны сход у Баранавічах і запрасіў на яго мясцовых чыноўнікаў

Мікола Чарнавус

У Баранавічах індывідуальны прадпрымальнік і грамадзкі актывіст Мікалай Чарнавус падаў заяўку ў гарвыканкам на правядзеньне народнага сходу.

Як паведаміў Чарнавус БелаПАН, мерапрыемства заплянавана на 15 красавіка з удзелам да 400 чалавек.

«Мэта сходу – выказаць пратэст супраць зьбядненьня простых людзей, падзеньня заробкаў, нізкіх пэнсій, росту коштаў на тавары і камунальныя паслугі, беспрацоўя», – кажа Чарнавус.

У заяўцы ён указаў тры месцы, дзе мог бы прайсьці народны сход: баранавіцкі гарвыканкам, райвыканкам або цэнтральная плошча.

«Таксама я прапанаваў забясьпечыць яўку на гэтае мерапрыемства прадстаўнікоў улады. Яны павінны пачуць, што думае народ», – заявіў Чарнавус.

Раней Чарнавус ужо запрашаў на народны сход Аляксандра Лукашэнку. Масавы «Марш недармаедаў» прайшоў у Баранавічах 26 лютага.