Шыльду ў Шклове скралі вандалы, — вэрсія галоўнага архітэктара

«Шыльду зьнялі вандалы, і іх ужо шукае МУС. І знойдзе, бо там усталяваная відэакамэра», — паведаміў Радыё Свабода галоўны архітэктар Шклоўскага раёну Георгі Сіваеў.

«Самі ж улады і зьнялі, разумеючы, што дапусьцілі памылку», — сьцвярджае жыхар Шклова, намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

У аддзеле ўнутраных справаў Шклоўскага райвыканкама Радыё Свабода паведамілі, што ніякіх заяваў пра зьнікненьне шыльды ў іх няма.

Рыгор Кастусёў упэўнены, што ўлада проста ня хоча прызнаваць свае памылкі:

«Падзея з гэтай шыльдай, як анэкдот, нагадвае пра ўзровень чынавенства, пра людзей, якія намі кіруюць і кіруюць краінай. Людзі разумеюць, што трохі лапухнуліся, — то лепш ціхенька памяняць шыльду. Нават свае памылкі прызнаць ня хочуць і робяць гэта такім чынам, быццам бы хтосьці ім вінаваты, што яны лапухнуліся. Думаю, што, хутчэй за ўсё, самі ж улады і зьнялі, разумеючы, што дапусьцілі памылку. Там такое месца — паспрабуй яшчэ скрадзі тую шыльду. Там тэхніка ўвесь час ідзе. Крама побач начная. Трэба ўявіць яшчэ такога чалавека, хто адважыцца красьці і захоча быць вандалам».

Інфармацыя пра зьнікненьне расейскамоўнай шыльды з геральдычнай стэлы Шклова зьявілася сёньня. Выказваліся меркаваньні, што рашэньне пра зьняцьцё было прынятае мясцовымі ўладамі.

Радыё Свабода першым зьвярнула ўвагу на тое, што назва гораду на шыльдзе напісаная па-расейску. А датай заснаваньня пазначаны год, калі Шклоў быў спалены маскоўскім войскам — 1535.

Шклоўскі краязнаўца Аляксандар Грудзіна запэўнівае, што дата 1535 не адпавядае рэчаінасьці: «Гэтая дата перадалася Шклову з савецкіх часоў. І дагэтуль яе выкарыстоўваюць, нібыта працягваюць жыць у Савецкім Саюзе», — заявіў краязнаўца Радыё Свабода. Ён кажа, што вядомыя ранейшыя згадкі Шклова. Яшчэ ў 1520 годзе яго апісаў аўстрыйскі дыплямат Сыгізмунд фон Гербэрштэйн.

Зьніклая шыльда

Выгляд геральдычнага знаку