Шушкевіч: «Я за байкот, але Караткевіч паказала, што яна мацнейшая за Лябедзьку, мацнейшая за Калякіна»

Your browser doesn’t support HTML5

«Я за байкот, але Караткевіч паказала, што яна мацней за Лябедзьку, мацней за Калякіна»

У чарговай перадачы сэрыі «Інтэрвію тыдня» першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч тлумачыць, чаму ён прыхільнік байкоту, разважае, хто стаіць за сьпінай Караткевіч і чаму ён ня лічыць патрэбным яе крытыкаваць.

— Ваша стаўленьне да гэтай выбарчай кампаніі дастаткова вядомае. Аднак я прапаную пачаць нашу размову з таго, каб вы яшчэ раз яго коратка акрэсьлілі..

— Выбараў у нас ня будзе. З 1996 году ў нас выбараў няма. Калі выбараў няма — дык у чым удзельнічаць? Можна толькі спрыяць таму, што будзе легітымізацыя Лукашэнкі. Усе папярэднія выбары, акрамя першых, у 1994-м, не прызнаныя цывілізаваным сьветам. Прызнавалі толькі Расея і яе сатэліты.

І калі вы ўдзельнічаеце ў гэтай кампаніі, вы фактычна прызнаяце, што ёсьць выбары. Вы гуляеце па правілах, якія задала Ярмошына, якой лепей усё ж чым-небудзь іншым займацца, а ня выбарамі. Бо яна — гэта канцэнтрат усёй несправядлівасьці па падліку галасоў, тут няма ніякага кантролю.

— Вы сказалі, што выбараў няма. Але дэмакратычныя сілы ў іх удзельнічалі — і ў 2001-м, і ў 2006-м, і ў 2010-м, калі, напрыклад, вы былі ў камандзе Саньнікава. Што зьмянілася цяпер? Чаму тады было варта ўдзельнічаць, а цяпер ня трэба?

— Тады яшчэ была нейкая надзея, была магчымасьць працаваць з насельніцтвам. Тут ужо ніякай надзеі няма, бо тых, хто працаваў з насельніцтвам, добра пабілі і выгналі зь Беларусі. Я не магу ў гэтым удзельнічаць, бо тых, на каго я мог бы працаваць, я ня бачу. Таму і наша партыя не вылучала і не падтрымлівала нікога. Я пасьля 19 сьнежня сустракаўся з тымі, каго пабілі. Што ж — зноў на гэта ісьці? Трэба паказаць, што мы зьневажаем гэтую ўладу і ня ўдзельнічаем у гэтых выбарах.

Падтрымаць тых, хто за новы палітычны лад, вельмі проста — не ідзі на выбары

Бачыце, яны замітусіліся і забаранілі заканадаўча байкот. І забыліся, што самі ж падпісалі міжнародныя пагадненьні, якія прадугледжваюць права на байкот. Падтрымаць тых, хто за новы палітычны лад, вельмі проста — не ідзі на выбары.

— Дарэчы, апошнім часам прыхільнікі ўдзелу, сябры каманды Караткевіч вылучаюць нейкі новы аргумэнт, што, маўляў, «байкот — гэта толькі на карысьць Лукашэнку».

— Я не хачу іх крытыкаваць, бо мы па адзін бок барыкад. Але тут яны дэманструюць сваю палітычную несьвядомасьць. Байкот — гэта добрая справа ў нашых канкрэтных варунках.

— Але ў нашых канкрэтных варунках байкот ніколі ня можа падтрымаць большасьць. У людзей ёсьць традыцыя хадзіць на выбары, і на гэтыя выбары большасьць прыйдзе.

— Ёсьць сацыялягічныя дасьледаваньні, якія праведзеныя сумленнымі людзьмі. 57 працэнтаў насельніцтва ня ведае, што такое байкот, а за Лукашэнку гатовыя галасаваць 27 працэнтаў насельніцтва. Так што ў гэтых умовах байкот адыграў бы цудоўную ролю, калі б усе працавалі на яго.

— Вы казалі, што ўдзел у выбарах будзе спрыяць легітымізацыі рэжыму. Якім чынам?

— Калі апазыцыя ўдзельнічае ў выбарах — значыць, гэта выбары. Я кажу — «выбараў няма», а Караткевіч і яе каманда кажа — «выбары ёсьць». І гэта азначае, што легітымна выбіраецца прэзыдэнт і робіцца законным прэзыдэнтам. А калі на ўчасткі прыходзіць менш за 50 працэнтаў — тады мы можам адстойваць сваю пазыцыю. Тады я гарантую, што Захад не прызнае выбары. І тыя непрымальныя для Беларусі дакумэнты, якія можа падпісаць Лукашэнка, іх можна будзе не прызнаваць у далейшым часе.

І гэты чалавек раптам цытуе Мандэлу і цытуе Эйнштэйна. Тое, што ён іх не чытаў — я вам даю стопрацэнтную гарантыю. Але гэта ўжо зрухі, ён хоча быць больш разумным! Гэта лепей, чым цытаваць Гітлера!

— Каманда Караткевіч заяўляе, што ўсё зусім не прадвызначана ў гэтай кампаніі, што яна, Караткевіч, — сапраўдная альтэрнатыва. Ці няма ў той крытыцы, якая цяпер абрынулася на Караткевіч, элемэнтаў палітычнай рэўнасьці? Ім не ўдалося, а ёй удалося — сабраць подпісы, напрыклад?

— Наша партыя, якая ня ўдзельнічае ў выбарах, не далучылася да тых, хто крытыкуе дэмакратычных кандыдатаў. Я лічу, што Караткевіч — кандыдат дэмакратычны. У яе няма шанцаў, яна будзе рабіць памылкі, але ёсьць пэўная школа. У дадзены момант няма іншага падыходу з нашага боку, акрамя як ставіцца да гэтага станоўча. Акрамя таго — яна паказала, што мацнейшая за Лябедзьку, мацнейшая за Калякіна. Трэба паважаць такіх жанчын, можа, калі-небудзь і прэзыдэнтам стане. Гэтым разам гэта немагчыма.

— То бок пазытыў у тым, што гэта першы крок у яе далейшай палітычнай кар’еры?

— Я б сказаў, не для яе палітычнай кар’еры. А для тых, хто стаіць у яе за сьпінай. І я б не хацеў, каб яны дасягнулі шмат, бо яны непасьлядоўныя, не заўсёды беларускія, і ёсьць многа прэтэнзіяў да іх. А да яе ў мяне няма ніякіх прэтэнзіяў.

Калі вы хочаце віншаваць Лукашэнку — дык віншуйце ўжо сёньня

— Як Караткевіч трэба сябе паводзіць 11–12 кастрычніка? Прызнаваць перамогу Лукашэнкі ці не?

— Калі вы хочаце віншаваць Лукашэнку — дык віншуйце ўжо сёньня. А там — якую лічбу скажуць, такая лічба і будзе агучана. У свой час Калякін сказаў, што «заўтра я атрымаю 7 працэнтаў, іншыя — столькі». Так і адбылося. Ён меў старыя свае камуністычныя кантакты, і яму выдалі лічбы. І гэта вядомы факт. Так што ня трэба тут ніякіх ілюзіяў.

— Як могуць разьвівацца падзеі пасьля 11 кастрычніка ў замежнапалітычнай сфэры?

— Замежжа мітусіцца больш, чым беларуская апазыцыя. І яно наіўнае і даверлівае. Калі вяду гаворкі з італьянскімі альбо грэцкімі эўрадэпутатамі — то яны ня маюць уяўленьня, што ў нас робіцца. Яны кажуць: «А чаму вы ня зьвернецеся ў Канстытуцыйны Суд?» Яны ня ведаюць, што ў нас грамадзянін ня можа зьвярнуцца ў Канстытуцыйны Суд, што ў нас абсурднае заканадаўства.

— Я пра той трэнд, які зьявіўся апошнімі месяцамі — пра крокі Захаду насустрач Лукашэнку.

— Я магу яго павіншаваць, што ён пасьпяхова вешае локшыну на вушы эўрапейскіх палітыкаў. Вызвалілі палітзьняволеных, але гаворка ішла і пра вызваленьне, і пра рэабілітацыю. І яшчэ кажуць — «ну, у вас дрэнна, але ня так дрэнна, як у Азэрбайджане». Быў я ў Азэрбайджане. У нас значна горш!

— Там журналістаў у турму саджаюць.

— У нас ужо ўсіх пасадзілі і выгналі за межы Беларусі. Вы працуеце ў рэжыме самацэнзуры. І правільна робіце, бо па-іншаму немагчыма.

— Як могуць прыйсьці перамены ў Беларусь? Калі выбары нічога не вырашаюць, тады што?

— Ёсьць два клясычныя варыянты — альбо бунт, выбух, альбо палацавы пераварот. Нашы спэцслужбы так гэта адсочваюць, што шлях перавароту немагчымы. Але, ведаеце, я перажыў такі момант, што за дзьве гадзіны да падпісаньня Белавескай дамовы, каб мне хтосьці сказаў, што я падпішу дамову, што СССР спыняе сваё існаваньне — дык я б не паверыў і ўзлаваўся. А тут — савецкі філёзаф, марксіст-ленінец, прапанаваў такія словы, што не падпісацца пад імі было немагчыма...

— Бурбуліс?

— Так, Бурбуліс Генадзь Эдуардавіч. І, ведаеце, я кожны год яму прыношу выбачэньні, што я думаў пра яго як пра марксіста-ленінца. А ён аказаўся нармальным філёзафам. І ў нас знойдзецца разумны чалавек, які знойдзе такі шлях.