«На плошчы Незалежнасьці мы прымем рашэньне, які фармат нашых пратэстаў будзе далей», — Мікола Статкевіч

Мікола Статкевіч, архіўнае фота

Лідэр Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч пракамэнтаваў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды вынікі перамоваў з прадстаўнікамі аргкамітэту Дня Волі наконт фармату акцыі 25 сакавіка.

Мікола Статкевіч падсумаваў вынікі сустрэчы:

— Я сёньня пазнаёміўся з пазыцыяй сяброў аргкамітэту, іх пазыцыі розьняцца паміж сабой. Пазыцыя большасьці заяўнікаў мне зразумелая і дастаткова блізкая. Але ёсьць дзьве арганізацыі, якія блякуюць прыняцьце нейкага супольнага рашэньня. Але гэта іх унутраныя справы.

А я са свайго боку мушу заявіць, што тут ніякіх пярэчаньняў няма, усё проста, празрыста і зразумела. У 14:00 зьбіраемся каля Акадэміі навук, а не каля кінатэатру «Кастрычнік», ідзем па праспэкце Незалежнасьці да плошчы Незалежнасьці. Бо гэта, апроч таго, што гэта Дзень нашай волі, якую мы павінны паказаць, гэта і дзень нашай незалежнасьці. Па дарозе мы, магчыма, ускладзем кветкі да будынку, дзе была абвешчана незалежнасьць. А на плошчы Незалежнасьці мы прымем рашэньне, які фармат нашых пратэстаў будзе далей. Таму што я папярэджваю адразу, што мы абмежаваныя ў сваіх сродках, мы ня хочам ніякага гвалту, мы прыхільнікі мірных пераменаў, улічваючы асабліва складаную цяпер міжнародную абстаноўку і зьнешнія абставіны. І таму пратэст будзе працягвацца, і нам давядзецца выходзіць не адзін раз, каб прымусіць гэтую ўладу да дыялёгу з народам.

Пратэст будзе працягвацца, і нам давядзецца выходзіць не адзін раз, каб прымусіць гэтую ўладу да дыялёгу з народам

У мяне будуць асобныя звароты яшчэ да людзей, у тым ліку бліжэйшы плянуецца да аўтамабілістаў, бо мы ведаем, як улада можа выкарыстоўваць людзей у якасьці барыкад, заслонаў, у тым ліку падчас масавых акцыяў. Будуць розныя звароты. Падрыхтоўка ідзе. Аргкамітэт, які створаны Беларускім нацыянальным кангрэсам, працуе, у інтэрнэце і налепкамі. А тое, што заяўнікі ад некалькіх структур ня могуць прыйсьці да нейкай супольнай пазыцыі — я ня думаю, што гэта на нешта сурʼёзна паўплывае.

— Ці плянуеце вы яшчэ раз сустракацца з гэтым аргкамітэтам?

— Я зразумеў іх пазыцыі, давёў сваю. Мне дастаткова.

— Паводле сябра аргкамітэту Аляксея Янукевіча, калі ня ўдасца з вамі дамовіцца, то дыскусія будзе вынесена ў публічную прастору...

— Куды хочуць, няхай выносяць. Хто яны такія, каб некуды нешта несьці? Людзі, якія ня могуць выпрацаваць пазыцыю паміж сабой? Няхай спачатку выпрацуюць пазыцыю агульную і нясуць яе куды хочуць. Яшчэ раз кажу: я бяру адказнасьць на сябе. Тым больш мы бачым, што гэты аргкамітэт такой адказнасьці ўзяць ня можа з прычыны пазыцыі дзьвюх арганізацый унутры сябе. Няма каму больш — значыць, я бяру. І зраблю ўсё магчымае, каб наш пратэст прайшоў мірна, годна і негвалтоўна. І ніхто з гэтых людзей ня здолее гэтаму перашкодзіць.

— А пра якія дзьве арганізацыі вы гаворыце?

— Адна сама абазвалася (Партыя БНФ. — РС), другая — рух «За свабоду». У прынцыпе, там цяжка разабрацца, іх падзяліць паміж сабой, бо там адны і тыя ж людзі ўваходзяць у абедзьве арганізацыі. Так што, шчыра кажучы, усіх зьдзівіла іх пазыцыя. Але яшчэ раз кажу, што для мяне гэта абсалютна другасная рэч.

Я вырашыў азнаёміцца, як там яны і што. У большасьці арганізацый, тры зь пяці заяўнікаў, там абсалютна нармальная пазыцыя. Але дзьве робяць усё магчымае, каб яна не была прынятая. Ну што ж, шкада, няхай там паміж сабой разьбіраюцца. Я ўяўленьне склаў, мяне гэта мала хвалюе, працы багата. А што яны ў сваім аргкамітэце ня могуць разабрацца, то хай самі разьбіраюцца далей.

Аргкамітэт Дня Волі не дамовіўся зь Міколам Статкевічам пра фармат акцыі 25 сакавіка