«Што вам добрага зрабіў гэты Нямцоў?»

Мяжа расколу Расеі ідзе па месцы забойства Барыса Нямцова.

Пакуль я ў Маскве, дзьве ночы запар на Маскварэцкім мосьце, дзе 27 лютага забілі Барыса Нямцова, адбываецца надзвычайнае.

У адну ноч група «Серб» разграміла грамадзкі мэмарыял, патаптала кветкі, замяніла шыльды памяці на ганебныя самаробныя надпісы. Кіраўнік групы — актор зь беларускім прозьвішчам Гоша Тарасевіч. У маскоўскіх апазыцыйных колах ён вядомы даўно і мае мянушку «г...мёт». Бо аднойчы прыцягнуў на пратэстную акцыю мяшок чалавечых фэкаліяў і кідаўся імі ў актывістаў. Нічога іншага ад Гошы і ягоных братоў па розуме ўжо не чакаюць.

Наступнае ночы адзначылася нібыта маскоўская мэрыя. Як пісалі СМІ, аднаму з чыноўнікаў захацелася «парадку» пад сьценамі Крамля, і грамадзкі мэмарыял «зачысьцілі». Удзень людзі прынесьлі новых кветак, і калі я прыходжу на мост у поўнач з суботы на нядзелю, там кветак і надпісаў ужо на дзясяткі мэтраў. Праўда, надпісу «Беларусь смуткуе», які быў да зачысткі, цяпер няма.

Апоўначы тут яшчэ ёсьць людзі. Аўтамабілі ўключаюць аварыйку і запавольваюць рух, а іншыя кіроўцы так і пакідаюць машыны на мосьце і выходзяць. Раз-пораз праяжджае паліцыя зь мігалкай і крычыць: «Машыну прыбіраем з моста!». Падыходзяць людзі з кветкамі і зьнічамі.

«А што гэта вы робіце тут так позна?» — аглядаючы мэмарыял, я падыходжу да пачатку моста, дзе людзей ужо зусім няма, і раптам мяне спыняюць два хлапцы. Адзін у худзі і спартовых штанах, другога ніяк не апісаць. — «Мы самі з Кунцава, проста хочам зразумець, чаго тут вахтай стаяць па начах? Ёсьць жа ў яго магіла, можна туды кветкі класьці?»

Нецікавая пэрспэктыва начной дыскусіі з «хлапцамі з Кунцава» змушае мяне ўключыць «дзяўчынку зь Беларусі». Хлопцы задаюць яшчэ некалькі «анкетных» пытаньняў, кшталту «як доўга я мяркую прабыць у Маскве», і надзіва хутка адвальваюць. На наступны дзень сяброўка мне тлумачыць, што гэта «ціхары». Прыходзяць, каб даведацца настроі людзей і закінуць ідэі, што зьбірацца на гэтым месцы ня трэба.

«Нямцоў мост! Гэта ўжо нахабства, — на мосьце зьяўляюцца дзьве дзяўчыны ў лыжных строях і хлапец. — Гэта Маскварэцкі мост!»

Жанчына, якая толькі што спакойна фатаграфавала рамку з надпісам «Нямцоў мост», раптам паварочваецца да мяне і кажа: «Я таксама не хачу, каб гэта быў Нямцоў мост». Яна кладзе рамку надпісам уніз і ставіць зьверху два зьнічы. Усё гэта адбываецца так хутка, што я не пасьпяваю нават сфатаграфаваць. «Навошта вы гэта зрабілі?!» — пытаюся я. «А вам што, падабаецца Нямцоў? Вам праўда падабаецца?! — жанчына адразу ўзьвіваецца. — Гэта Маскварэцкі мост, і названы так у гонар падзеяў, якія тут адбыліся. А ня ў гонар Нямцова».

Кветкі, зьнічы, сьлёзы, спрэчкі — такім жа я бачу Нямцоў мост у нядзелю ў сярэдзіне дня.

— Ён герой? — адразу на падвышаных тонах пытаецца маладая дзяўчына ў групкі старэйшых.

— Канечне! Ён герой! Ён пакутнік! — усе разам адказваюць ёй. — Вы хіба ня лічыце яго героем?!

— Катэгарычна не! — адказвае дзяўчына. — Што? Што вам асабіста добрага зрабіў гэты Нямцоў?! — гучна пытаецца яна.

— Калі Пуцін памрэ, столькі кветак ня будзе! — адказвае сталы мужчына.

— Ды яшчэ больш будзе! — тут дзяўчыну адцягвае ад месца спрэчкі сяброўка.

«Ім трэба выключыць тэлевізар і ўключыць мазгі, — тлумачыць мне ўжо разагрэтая спрэчкай сталага веку масквічка Ірына. — Што Нямцоў зрабіў? А што Пуцін зрабіў? Павялічыў сабе прэзыдэнцкі тэрмін! Курск патапіў! А Беслан?! А „Норд-Ост“?! Мы тут таму, што мы супраць вайны ва Ўкраіне. Супраць таго паскудзтва, якое Пуцін там нарабіў».

«Я прыйшоў, каб паказаць, што мы не адзінокія, што нас шмат, — хрыплым голасам перабудовачных мітынгаў кажа масквіч Барыс. — І давесьці нашаму ўраду, які проста асьлеп, што мы не рабы, урэшце. Нельга намі камандаваць, нібыта мы дзеці малыя. Мы ня быдла, у нас ёсьць свая думка. Яны кажуць — вы іншадумцы. Дык гэта, можа, вы іншадумцы?! Мы проста думаем, думаем пра тое, як дзеці нашы будуць жыць!»

Трэцюю ўдзельніцу маленькага стыхійнага мітынгу зваць Тацяна:

«Я з Украіны, з Наваросіі, калі хочаце, будзь праклята гэтае слова. З Горлаўкі — можа, чулі такое?» — кажа яна.

Тацяна зьехала з Горлаўкі 1 сьнежня, цяпер жыве ў Сумскай вобласьці.

«Там жыцьця няма. Я настаўнік гісторыі. Першае, што яны (самаабвешчаныя ўлады. — РС) зрабілі — адмянілі гісторыю. У нас была 12-бальная сыстэма, вельмі зручная, там адразу перайшлі на пяцібальную. Забаранілі ўкраінскую мову — само сабой. Абылгалі мяне ў інтэрнэце. Сказалі: „Па законах вайсковага часу такіх трэба забіваць“. Сям’я настаяла, каб я зьехала, — так Тацяна сталася ўцякачкай у сваёй краіне. — Я на першым уроку сказала: гісторыя Ўкраіны ёсьць, і ў вас яна будзе. Выклікае мяне дырэктар: „Што вы сабе дазваляеце? Вы мусіце пэўна сказаць, што гісторыі Ўкраіны няма“. Я іх не баюся, але сваякі напалохалася. Самае страшнае — страціць радзіму, працу, дом».

«Я першы дзень у Расеі, і адразу сюды, — кажа яна. — Я люблю Расею ўсёй душой. Нас жа як вучылі: фашызм — гэта адно, а нямецкі народ — гэта іншае».

«А я Ўкраіну нават стаў яшчэ больш любіць», — кажа масквіч Барыс.

Фатаграфавацца яны ўсе адмаўляюцца.

«Яго забілі за тое, што казаў тое, што думаў, заставаўся сумленным, — спакойна адказвае зусім юная Каця. Яна доўга стаіць на адным месцы. — Мы разьлічвалі, што зробім выбарчую кампанію. А цяпер нават ня ведаю. Цяпер адзінае, што застаецца, — гэта проста прыносіць кветкі».

На мосьце дзьме моцны вецер. Зь непакрытай галавой моўчкі курыць мужчына, які назваўся Андрэем. У яго трохі дрыжаць рукі — не зразумець толькі, ад холаду ці ад болю.

«Мяне плач разрывае, немагчыма сюды не прыйсьці. Разам з болем уздымаецца неверагодная ярасьць. Дзікая проста. Ня ведаеш, на каго яе зьвярнуць. На гэтыя муры? — Андрэй паказвае на сьцены Крамля. — Але яны глухія. Глухія і чырвоныя».

Андрэй плача.

19 лютага «Лявада-цэнтар» апублікаваў дадзеныя дасьледаваньня, паводле якога ў 37% працэнтаў расейцаў забойства Барыса Нямцова ня выклікала «аніякіх незвычайных пачуцьцяў», 26% адчулі гора і спачуваньне. Абурэньне і гнеў — 8%.