Беларускамоўны «Шторм» ужо за крок ад гледачоў. ФОТА

У Менску адбыўся перадпрэмʼерны паказ фільму «Шторм: Палаючы лicт». Упершыню ў гісторыі сучаснага кінапракату прэмʼера замежнага фільму адбываецца адразу ў беларускай агучцы.

Гэта самы маштабны праект «Беларускiх уiкэндаў» пры падтрымцы Velcom і «Атлант Тэлекам».

«Фільм „Шторм: палаючы ліст“ — гэта найперш прыгодніцкая стужка. Аднак адсылкі да гістарычных фактаў, зьмешчаныя ў ім, ня толькі фармуюць цікавы сюжэт, але і пераклікаюцца з важнымі падзеямі нашай гісторыі — у прыватнасьці, з 500-годзьдзем беларускага кнігадрукаваньня. Таму сымбалічна, што фільм, прысьвечаны гэтым падзеям, упершыню на сучасным этапе разьвіцьця беларускага кінапракату будзе прадстаўлены адразу ў беларускамоўнай агучцы», — адзначыў прадстаўнік Velcom Вячаслаў Сьмірноў.

Начальнік аддзелу карпаратыўных камунікацый кампаніі Velcom Вячаслаў Сьмірноў

Шырокая прэмʼера фільму «Шторм: палаючы ліст» адбудзецца 27 кастрычніка ў кінатэатры «Масква».

Перад праглядам наведнікі змогуць адчуць сябе ў ролі кнігадрукара і паспрабаваць стварыць уласны «палаючы лicт» на друкарскім станку Францішка Скарыны.

«У такім выглядзе праект „Беларускія ўікэнды“ рэалізуецца ўпершыню за ўвесь час свайго існаваньня: паказы пройдуць у шасьці кінатэатрах Менску, а час пракату фільму „Шторм: палаючы ліст“ не абмяжуецца аднымі выходнымі, а працягнецца амаль два тыдні.

Гэта стала магчымым, у першую чаргу, дзякуючы той велізарнай цікавасьці, якой карыстаюцца ўсе мерапрыемствы ў рамках „Беларускіх уікэндаў“, і, вядома, актыўнай падтрымцы з боку нашых партнэраў», — кажа кіраўнік праекту «Беларускія ўікэнды» Андрэй Кім.

Андрэй Кім

Над беларускім перакладам фільму працавала каманда студыі «Кінаконг»: перакладчыца Дарʼя Станцэль і рэдактары Надзея Кім і Ліда Наліўка. Агучылі фільм акторы Павал Харланчук, Ганна Хітрык, Сьвятлана Цімохіна, Сяргей Жбанкоў, Уладзімер Глотаў, Зьміцер Бейнарт-Саладуха.

Фільм «Шторм: палаючы ліст» будзе дэманстравацца з 27 кастрычніка па 8 лістапада ў шасьці кінатэатрах Менску:

  • velcom cinema,
  • Silver Screen у ГЦ Galileo і Arena City,
  • «Аўрора»,
  • «Беларусь»,
  • «Масква».

Пры канцы лістапада стужку пакажуць у іншых гарадах Беларусі.

Літаральна за год праект «Беларускія ўікэнды» ад разавых бясплатных паказаў перайшоў да масавага кінапракату фільмаў па ўсёй Беларусі.

Паводле яго стваральнікаў, толькі ад цікавасьці гледачоў залежыць, ці ператворацца беларускія ўікэнды ў беларускія тыдні і месяцы.

«Умяшаньне ў творчую задуму»: новы міністар культуры засумняваўся, ці варта перакладаць кіно на беларускую